Тавары з дзяржсімволікай — на пачэснае месца, алкаголь — падалей ад кас. Што зменіцца ў правілах гандлю
На Нацыянальным прававым партале апублікавалі пастанову Саўміна №964, якая ўносіць змены ў пытанні продажу тавараў.
Новыя правілы набываюць моц 22 лютага. Пастанова зацвярджае спіс тавараў, якімі нельга гандляваць на рынках. Пад забарону трапляюць алкогольныя напоі, бахчавыя культуры ў разрэзаным выглядзе пры адсутнасці ўмоў для апрацоўкі інвентару і індывідуальнай упакоўкі, біялагічна актыўныя дабаўкі да ежы, вяленае і сыравяленае мяса, сечаныя мясныя паўфабрыкаты і іншыя прадукты з мяса дамашняга вырабу, не даведзеныя да кулінарнай гатоўнасці, а таксама прадукты, вырабленыя непасрэдна на гандлёвых месцах.
Таксама на рынках нельга будзе прадаваць цукар, муку, прадукты дзіцячага харчавання на малочнай аснове, зборнае непастэрызаванае малако, спецыялізаваную харчовую прадукцыю для спартсменаў і шэраг іншых тавараў. З поўным спісам забароненых і абмежаваных для продажу на рынках тавараў можна азнаёміцца па спасылцы.
Згодна з новымі правіламі, не дапускаецца выкладка алкагольных напояў у месцы правядзення разлікаў з пакупнікамі, а таксама на (у) гандлёвым абсталяванні, непасрэдна прылеглым да яго.
Магчымасць пакідаць алкаголь у прыкасавой зоне застанецца ў спецыялізаваных крам, магазінаў Duty Free, крам і павільёнаў у сельскай мясцовасці, аўтамагазінаў і іншых гандлёвых пунктах, агульная плошча якіх меншая за 400 квадратаў.
Таксама ў пастанове знайшлося месца для норм, што рэгулююць выкладку тавараў з дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь. Выкладаць іх патрабуюць так, каб візуальна аддзяліць ад іншых. Апроч гэтага, «патрыятычныя» тавары мусяць суправаджацца надпісам — «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь».
Шэраг змен датычыць прыёмкі аўто для продажу аўтакамісамі. Паралельна з прыняццем гэтых правак, з 22 лютага набываюць моц новыя правілы куплі-продажу аўто. Падрабязней пра іх можна прачытаць па спасылцы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары