Шэсць год. Начальніка РАУС з Магілёўскай вобласці асудзілі за перавышэнне паўнамоцтваў. Падрабязнасці
Стала вядома, што былога намесніка начальніка Клічаўскага РАУС падпалкоўніка Аляксандра Дарошку абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх таксама перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў. Нядаўна прайшоў суд, на якім яго прызналі вінаватым. Яшчэ ў час выбараў Дарошка быў пры пасадзе. Расказваем што прывяло міліцыянера за краты.
Усе дэталі гэтай гісторыі невядомыя. Але, як аказалася, Дарошка трапіў у апалу праз няўдалае паляванне. На судзе гучала абвінавачванне ў тым, што ён нібыта забіў адразу трох ласёў.
«На яго павесілі трох ласёў. Экспертызаў было штук 20, здаецца, яны адназначна ні да чаго не прыводзілі. Але — 6 год! З міліцыі Аляксандр звольніўся сам мінулай восенню, як толькі даведаўся, што яго шукаюць», — сцісла патлумачылі «Нашай Ніве» сітуацыю знаёмыя з працэсам.
Ці мае дачыненне да палітычных справаў Аляксандр Дарошка, дакладна невядома. Але вядома, што нават у невялікім Клічаве Магілёўскай вобласці людзі выходзілі на пратэсты, а напярэдадні выбараў там затрымлівалі агітатара за Святлану Ціханоўскую.
Адметна, што гэта ўжо не першы выпадак, калі топавы сілавік губляе пасаду праз няўдалае паляванне.
Прыкладна па такім жа сюжэце быў звольнены з працы, а пасля трапіў у СІЗА былы пракурор горада Віцебска Юрый Раманоўскі.
Нагадаем, што з моманту выбараў і да сёння не заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах гвалту і катаванняў у дачыненні да пратэстоўцаў.
Каментары