«Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці ў Беларусі расце». Вольга Залатар выступіла з апошнім словам у судзе
Падыходзіць да заканчэння судовы працэс па справе маці пяцярых дзяцей Вольгі Залатар. Палітзняволеную абвінавачваюць у арганізацыі, удзеле ў акцыях пратэсту, а таксама ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Следства не знайшло і не дапытала ніводнага чалавека, які нібыта ўваходзіў у тое «фармаванне». Пракурор запатрабавала пакаранне — пяць год калоніі. Вось што Вольга сказала ў апошнім слове.
«Я тут, бо я неабыякавы чалавек, — заявіла Вольга Залатар. — Я тут, бо жыву па божым запавеце.
Я тут, бо я — мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка, я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту.
Мы ўсе — дзеці божыя. Кожны мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да валадарства божага, дзе пануе любоў. У валадарстве божым няма нянавісці, зайздрасці, хлусні, помсты і страху.
Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходнае пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне.
У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцці крыміналізаваныя.
У матэрыялах справы ёсць фота плаката, на якім напісана «Мір. Любоў. Свабода». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны.
Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару… Хачу скончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве». Жыве Бог! Жыве вечна».
Сацыяльна-палітычны хаос і плясканне ў далоні. Што аказалася ў абвінавачванні шматдзетнай маці Вольгі Залатар
Прысуд па справе Вольгі Залатар будзе агучаны 3 снежня ў 10:00 у Мінскім гарадскім судзе.
-
«Ствараюцца камфортныя ўмовы». Міністр адукацыі выказаўся пра датэрміновае галасаванне студэнтаў
-
Прапагандысты настойваюць, што Шэйман расказаў пра Лукашэнку чыстую праўду — проста ўсё пераблытаў
-
Абвясцілі намінантаў на «Залатую маліну». У «Джокера. Вар'яцтва на дваіх» — найбольшая колькасць намінацый
Каментары