Памерлі
З часу выбараў прайшло ўжо больш за трыццаць гадоў, парламент таго склікання скончыў працу чвэрць стагоддзя таму. Не дзіўна, што не ўсе дэпутаты БНФ з намі. Памерла ўжо амаль траціна: дзевяць чалавек.
Першым у іншы свет у 1999-м адышоў Ігар Пырх. Яму было ўсяго 50. «Наколькі я памятаю, рак», — сцісла каментуе Сяргей Навумчык. Палкоўнік міліцыі з Гомеля, Пырх узначаліў камісію па ГКЧП і спрабаваў прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія падтрымалі путчыстаў. Безвынікова. Як кажа Сяргей Навумчык, Пырх хацеў удзельнічаць у знакамітай галадоўцы 1995-га (каб не дапусціць рэферэндум па змене сімволікі і статусу дзяржаўнай мовы), але мусіў класціся ў шпіталь, і Пазняк параіў яму не рызыкаваць здароўем.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_03/504df171-08a1-4065-b661-e020ef7ab1dd_w650_r1_s-7d9up.jpg.webp)
У 2002-м адышоў таленавіты журналіст Ігар Гермянчук. Яму было ўсяго 41 год. У колішняга галоўнага рэдактара газеты «Свабода» і заснавальніка часопіса «Кур’ер» была анкалогія.
У 2011-м памерла Галіна Сямдзянава. Менавіта яна пасля жнівеньскага путча разам з калегамі сагнала з трыбуны тагачаснага кіраўніка БССР Анатоля Малафеева, што забяспечыла псіхалагічны пералом у зале парламента — і ў выніку паспрыяла абвяшчэнню незалежнасці.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_06/-z6ojq.jpg.webp)
Пасля сыходу з парламента Сямдзянава засталася ў палітыцы. Пасля расколу БНФ яна выбрала партыю, якую ўзначальваў Вінцук Вячорка, з’яўлялася адной з яе кіраўніц.
У 2014-м ад раку крыві памёр Генадзь Грушавы, вядомы як стваральнік фонда «Дзеці Чарнобыля». Цікава, што ён быў адзіным дэпутатам БНФ, які быў абраны ў наступны Вярхоўны Савет 13 склікання (хоць ішоў ад іншай партыі). Але яго перамога супала з рэферэндумам 1996-га, пасля якога стары парламент спыніў сваё існаванне.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2014_01/gruszawy140128.jpg.webp)
У наступныя гады Грушавому давялося пэўны час жыць у Германіі, хаваючыся ад пераследу.
У тым жа годзе сышоў у іншы свет і Барыс Гюнтар. Пасля сканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў ён пэўны час працаваў у праваабарончым цэнтры «Вясна».
У 2019-м ад анкалогіі памёр Алесь Шут. Яшчэ да дэпутацтва ён з’яўляўся намеснікам галоўнага доктара Лагойскай бальніцы, але працаваў практыкуючым хірургам.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2019_11/szut191106-6oo1f.jpg.webp)
«Хірургам ён працаваў да дэпутацтва, падчас яго і пасля — і часам да яго па дапамогу прыходзілі пенсіянеры, якія калісьці цкавалі яго за палітычныя погляды. Алесь лячыў і іх», — пісаў Сяргей Навумчык
У 2020-м сышоў у іншы свет Уладзімір Заблоцкі, кіраўнік ценявога кабінета міністраў Апазіцыі БНФ, пазней прадпрымальнік і адзін з галоўных экспертаў у галіне энергетычнай бяспекі Беларусі.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_08/00082-4-665x443-bzs1s.jpg.webp)
У тым жа годзе памёр таксама Уладзімір Станкевіч, які з’яўляўся ў парламенце намеснікам старшыні камісіі па заканадаўстве.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_01/81858010_2586436974815937_1898058730864377856_n-dqozc.jpg.webp)
У лютым 2021-га праз каранавірус памёр Лявон Дзейка, які застаўся ў палітыцы і пасля сыходу з парламента.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_02/fbe9705c-f9dd-41f8-b1f7-5681b10662d1_w1023_r1_s-e5r77.jpg.webp)
У адным з інтэрв’ю ён прызнаваўся, што найбольш любіць рэдагаваць сайт Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), адным са стваральнікам якой ён з’яўляўся.
Эмігранты
Пяцёра былых дэпутатаў ад БНФ зараз знаходзяцца ў эміграцыі.
Першымі Радзіму давялося пакінуць лідару арганізацыі Зянону Пазняку і яго паплечніку Сяргею Навумчыку. У 1996-м стала вядома, што іх жыццю пагражае небяспека. Неўзабаве яны атрымалі палітычны прытулак у ЗША.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_02/9dcbad9e-604a-405e-816c-c745056334ca_w1200_r1_s-2sjb7.jpg.webp)
Наступныя тры гады Зянон Пазняк кіраваў арганізацыяй дыстанцыйна. У 1999-м у ёй адбыўся раскол. Зянон узначаліў Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю БНФ, якой кіруе дагэтуль. Перыядычна Пазняк выказваецца па актуальных палітычных пытаннях, крытыкуючы як старую, так і новую апазіцыю.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_05/sn24052-gtbsw.jpg.webp)
Сяргей Навумчык стаў супрацоўнікам «Радыё Свабода». Адначасова ён з’яўляецца своеасаблівым летапісцам Фронту, аўтарам некалькі кніг — ад «Дзевяноста першага» да «Дзевяноста пятага», а таксама соцен публікацый.
Сяргей Слабчанка стаў адным з нешматлікіх прадстаўнікоў апазіцыі, які заняў дзяржаўную пасаду: узначаліў Дзяржзнак Беларусі і працаваў над стварэннем першых грошай незалежнай краіны. Пазней Слабчанка з’ехаў у Канаду.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_02/slabchanka-yvawc.jpg.webp)
«Тое, што я раблю цяпер у Канадзе, падобна да таго, што я рабіў у Беларусі. Я віцэ-прэзідэнт па выпрацоўцы палітыкі партыі. У нас тут у правінцыі ўжо 36 гадоў ва ўладзе адна кансерватыўная партыя. Мы цяпер стварылі новую, і я спадзяюся, што яшчэ пару гадоў, і яна таксама прыйдзе да ўлады. Трошкі дэмакратыі хочацца дадаць і гэтай краіне», — расказваў Слабчанка дзесяць гадоў таму. Зараз ён па-ранейшаму жыве ў гэтай краіне.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_06/2-72gmh.png.webp)
Юрась Беленькі — як, дарэчы, і некаторыя іншыя яго калегі — спрабаваў зноў стаць дэпутатам парламента. Паводле яго слоў, для перамогі яму не хапіла ўсяго 30 галасоў (хоць колькасць выбаршчыкаў на ўчастку складала 31 тысячу). У дзевяностыя і нулявыя Беленькі, эканаміст па адукацыі, працаваў на розных прадпрыемствах, часта ў якасці намесніка дырэктара). З 1999-га, у адсутнасць Зянона Пазняка, адначасова выконваў абавязкі кіраўніка КХП-БНФ. Запомніўся фразай «Калі ты размаўляеш па-руску — ты ў арміі акупанта і страляеш у свой народ».
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_01/12-k3oyy-5y4ev.jpg.webp)
Летась палітык з’ехаў у ЗША, у паўночны штат Мінесота. Першапачаткова ён ехаў туды ў госці да родных (у Штатах жывуць яго сястра і дачка), але ў сувязі з каранавірусам і выбарамі вырашыў пакуль не вяртацца.
Вольга Галубовіч адышла ад апазіцыі прыкладна ў 1993-м, калі яе накіравалі на вучобу ў Дыпламатычную акадэмію. «Шушкевіч бачыў у ёй пасла. Мы паставіліся да гэтага з разуменнем, — кажа Сяргей Навумчык. — Потым яна ўжо пры Лукашэнку паехала на нейкую трэцяразрадную пасаду ў амбасаду ў Вялікабрытаніі. Калі мы з Пазняком былі ў Лондане ў 1996-м, яна там працавала, але жадання сустрэцца з намі не выказала, да чаго мы таксама паставіліся з разуменнем». Па словах Навумчыка, потым Галубовіч выйшла замуж за валійца і жыве ва Уэльсе.
Засталіся ў беларускай палітыцы і па-за ёй
Удалую кар’еру зрабіў Уладзімір Новік. Ён рана адышоў ад апазіцыі, доўгі час з’яўляўся намеснікам старшыні Беларусбанка. На афіцыйным сайце гэтай арганізацыі ён апошні раз згадваўся ў гэтым статусе ў 2014-м.
Алег Трусаў быў намеснікам старшыні Апазіцыі БНФ (разам з Уладзімірам Заблоцкім). Але на першых прэзідэнцкіх выбарах яго Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыя (Грамада) падтрымала не Зянона Пазняка, а Станіслава Шушкевіча. Пасля сыходу з парламента Трусаў два гады з’яўляўся дэканам факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм Універсітэта культуры. А ў 1999-м на доўгі час узначаліў Таварыства беларускай мовы.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/_nn_bun_20190906-3088-w9yls.jpg.webp)
У асяроддзі беларускіх апазіцыянераў ён мае рэпутацыю палітыка-аптыміста, які быў гатовы да супрацоўніцтва з уладай па пытаннях культуры. У апошнія гады перадаў кіраванне ТБМ Алене Анісім і ў якасці рэктара засяродзіўся на стварэнні Нацыянальнага універсітэта імя Ніла Гілевіча.
Пасля сыходу з парламента Валянцін Голубеў застаўся ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі. У 2011-м абараніў доктарскую дысертацыю (даследаванне прысвечана сельскай абшчыне ў 16-18 стагоддзях). Стажыраваўся ў Жэнеўскім, Беластоцкім, Варшаўскім, Уроцлаўскім, Ягелонскім, Познаньскім, Віленскім педагагічным універсітэтах.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2018_06/golubieu1-wexc9.jpg.webp)
У 2016-м ён напісаў у суаўтарстве кнігу «Гісторыя Беларусі ад пачатку XIX да 1945 года». Праз год яго суаўтар Ірына Кітурка стала рэктарам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2018-м Голубеў выступіў на святкаванні 100-годдзя БНР, якое прайшло каля Опернага тэатра. Яго прамова аказалася адной з самых яркіх.
Паліглот Лявон Баршчэўскі доўгі час заставаўся ў палітыцы. Пэўны час выконваў абавязкі кіраўніка яшчэ адзінага БНФ. Пасля расколу кіраваў партыяй БНФ (перад кадэнцыяй Аляксея Янукевіча), але пасля разам з аднадумцамі выйшаў з партыі.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/_nn_bun_20190906-3240-5xx96.jpg.webp)
Баршчэўскі вядомы як намеснік дырэктара легендарнага Коласаўскага ліцэя, а таксама як перакладчык, аўтар шматлікіх праграм ды распрацовак. Рэгулярна з’яўляюцца яго пераклады з іншых моў. Так, летась дзякуючы Баршчэўскаму па-беларуску загучаў Кафка.
Архітэктар Лявонцій Зданевіч адышоў ад палітыкі і працаваў па спецыяльнасці.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_06/2-4415m.png.webp)
«Я шмат пабудаваў прыватных аб’ектаў, якія прымусілі беларусаў асэнсаваць эстэтыку і філасофію прыватнага дому. А з вялікіх аб’ектаў я зрабіў рэканструкцыю комплексу будынкаў Беларускай чыгункі. Будынак украінскай амбасады — таксама мой аб’ект. Зараз праектую пасёлак Сонечны. Гэта цэлы жылы раён з новай філасофіяй. Ён пабудаваны як сістэма таўнхаусаў — гэта зблакаваныя невялікія дамы», — расказваў Зданевіч у 2011-м «Радыё Свабода». Зараз Лявонцій мае сваю архітэктурную майстэрню. Яго дачка — таксама архітэктар.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/__bun_nn_20200109-1960-kstg1.jpg.webp)
Мовазнаўца Пятро Садоўскі — пасол у Германіі (1992-1994). Ён працягнуў справу Сяргея Навумчыка — напісаў мемуары «Мой шыбалет». Доўгі час уваходзіў у Сойм БНФ. Два гады таму Садоўскі ўдзельнічаў у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй. На іх ён выканаў патрыятычную песню на словы Янкі Купалы «А ў бары-бары тры дарожанькі». Яе ж Садоўскі выконваў 25 жніўня 1991-га на плошчы Незалежнасці, калі аднаўлялася беларуская незалежнасць. Аднак суддзя не ацаніў паралелі і пакараў Садоўскага штрафам.
У 2001-м Сяргей Антончык спрабаваў вылучацца ў прэзідэнты, але ўрэшце зняў кандыдатуру на карысць Міхаіла Марыніча. Імкнуўся стварыць незалежныя прафсаюзы, неаднаразова затрымліваўся, яму прысуджалі штрафы ды суткі.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_01/antonchik-bze6d.jpg.webp)
Апошняе па часе затрыманне адбылося сёлета. Міліцыянеры ўбачылі на трох камянях, што ляжаць ля лецішча Антончыка, намаляваныя «Пагоню», бел-чырвона-белы сцяг і сцяг ЕС. Суд аштрафаваў былога палітыка на 30 базавых велічыняў за «несанкцыянаванае пікетаванне». На той момант гэта было 900 рублёў. Пенсія Антончыка складала 420 рублёў.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2019_02/81b554d1-ed80-4bcf-ba5a-2968089de7e5_w650_r0_s-uj3da.jpg.webp)
Сяргей Папкоў, фота Уладзя Грыдзіна
Сяргей Папкоў застаўся верным Зянону Пазняку. Ён перайшоў у Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю БНФ, ужо доўгія гады з’яўляецца намеснікам старшыні. Таксама ў КХП-БНФ знаходзіцца і Мікалай Крыжаноўскі.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_06/-q0jj5.jpg.webp)
84-гадовы палітык пазначаны на сайце арганізацыі як кіраўнік сацыяльна-эканамічнай камісіі Сойму. Дзесяць гадоў таму ён працаваў у адным з аналітычных цэнтраў Акадэміі навук. Зрэшты, старэйшы дэпутат Апазіцыі не ён, а 86-гадовы Павел Холад, які знаходзіцца на пенсіі.
Мікола Маркевіч доўгія гады займаўся журналістыкай, кіраваў гродзенскай газетай «Пагоня». У 2002 атрымаў два з паловай гады хіміі за «паклёп у адносінах прэзідэнта».
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2019_11/1-9pupz.jpg.webp)
Да свайго датэрміновага вызвалення працаваў вахцёрам на лесапілцы ў Асіповічах. Пасля кіраваў газетай «Дзень», якая таксама была закрыта, і аднаўляў «Радыё Рацыя». Апошнім часам займаўся пасажырскімі перавозкамі паміж Гродна і Беластокам.
Пасля сыходу з парламента Мікалай Аксаміт працаваў юрыстам. У 2004-м быў даверанай асобай Мікалая Аўтуховіча на выбарах у Палату Прадстаўнікоў і пасля агучвання афіцыйных вынікаў два тыдні трымаў галадоўку.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_06/-ks65i.jpg.webp)
Пазней пэўны час знаходзіўся за мяжой. Зараз жыве ў Ваўкавыску, разам з жонкай займаецца жывапісам і нават выстаўляецца ў музеях.
Яшчэ тры чалавекі рана адышлі ад палітыкі, зараз яны не надта публічныя асобы. Адзін з іх — Віктар Алампіеў, які ўзначальваў у Вярхоўным Савеце фракцыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, ды падтрымліваў БНФ. У 2000-2001 гадах браў удзел у дзейнасці Кансультацыйнай рады апазіцыйных палітычных партыяў. Пасля адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці. Таксама не надта актыўны і яго калега па Грамадзе Віталь Малашка.
Віктар Какоўка адышоў ад актыўнай дзейнасці яшчэ падчас працы ў парламенце: падчас аднаго з пасяджэнняў з ім здарыўся сардэчны прыступ.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_06/-xkwf7.png.webp)
Хоць сваю кадэнцыю Какоўка дабыў да канца. Зараз 72-гадовы былы дэпутат жыве ў Наваполацку.
![Дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га склікання Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Віктар Алампіеў, Юры Беленькі, Лявон Дзейка, Сяргей Папкоў, кастрычнік 2013 года. Фота: Радыё Свабода](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_06/2013-h78bb.jpg.webp)
Лёс дэпутатаў БНФ склаўся няпроста.
«Пасля завяршэння паўнамоцтваў іх не бралі на працу, некаторыя нават працавалі на будоўлі звычайнымі рабочымі, — хаця закон гарантаваў ім уладкаванне, як мінімум раўназначнае працоўнаму месцу да абрання дэпутатаў, — кажа Сяргей Навумчык. — Але галоўнае, што аказалася не пры справе катэгорыя — унікальная ў сваім родзе — дзяржаўных дзеячаў нацыянальнага накірунку, якія мелі вопыт нацыянальнай заканатворчай дзейнасці. Такі вопыт не набіраецца за тры месяцы.
Зрэшты, сваю гістарычную місію яны выканалі: дзякуючы дэпутатам БНФ Беларусь у жніўні-верасні 1991 года вярнула сцяг і герб. А таксама, што самае галоўнае — незалежнасць краіны».
Каментары