БЧБ узнік у 1917-м як сімвал нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення. Ягоны лёс няпэўны, бо дэмакратыя, якую ён сімвалізуе, не гарантуе перамогі, піша Антон Лявіцкі.
У беларускай нацыяналістычнай міфалогіі бел-чырвона-беламу сцягу (БЧБ) прыпісвалі старажытнае паходжанне, ажно да ХІІІ стагоддзя, як дапусціў аднойчы Міхась Ткачоў (гл. Беларуская мова і літаратура ў школе, 5/1990). Гэта не зусім так. Нават калі гэты сцяг быў угрунтаваны ў палітычнай сімволіцы і іканаграфіі XVI—XVII стагоддзяў, узнік ён у іншую эпоху і меў глыбока мадэрны сэнс.
БЧБ быў прадуктам рэвалюцыйнай трансфармацыі грамадства Расійскай Імперыі, часткай якой была Беларусь.
У 1916—1917 гадах два архітэктары, Лявон Дубейкаўскі і Клаўдзій Дуж-Душэўскі, атрымалі заданне распрацаваць нацыянальны сцяг. У красавіку 1917 года Беларускі нацыянальны камітэт пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта зацвердзіў БЧБ; гэтую пастанову Цэнтральная рада беларускіх арганізацый на чале з Язэпам Лёсікам пацвердзіла ў жніўні. Пра пошук нацыянальных колераў піша гісторык Уладзімір Ляхоўскі; дэталёвы разбор гісторыі нацыянальных сімвалаў Беларусі рабілі таксама Ігар Лялькоў (ARCHE, 1/2002) і Алег Латышонак (раздзел з кнігі «Жаўнеры БНР»).
Вынаходжанне нацыянальнага сцяга было няпростым.
У канчатковым выбары паміж рознымі праектамі немалую ролю адыграла, як сказаў бы Уладзімір Ленін, «рэвалюцыйная творчасць мас»: думка беларускіх вайскоўцаў. Менавіта афіцэры сярод розных варыянтаў упадабалі бел-чырвона-белы.
Вайскоўцы — побач з уцекачамі — належалі тады да найбольш палітызаваных і таму ўплывовых груп. Аднак новы сцяг масава выкарыстоўваўся не толькі ў войску. Ужо 25 сакавіка 1917 года ён быў прэзентаваны грамадскасці Мінска на дні беларускага значка. У снежні таго ж года І Усебеларускі з’езд, які стаў момантам нараджэння Беларусі як Willensnation («нацыя волі», да якой належалі б не толькі «праўдзівыя беларусы», але і заходнерусы, яўрэі, палякі і інш.), адбываўся пад БЧБ і адначасова рэвалюцыйным чырвоным сцягам.
Сцяг «вольнай Беларусі» адлюстроўваў змаганне за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.
Рэвалюцыя абяцала аўтаномію для розных этнічных груп, скасаванне няроўнасці і новае — дэмакратычнае — разуменне суверэнітэту. Новы сцяг быў цесна пераплецены з гэтымі прагрэсіўнымі ідэямі.
Рух за правы беларусаў у Другой Рэчы Паспалітай
Эпоха рэвалюцыйных войн на паўночна-заходніх тэрыторыях колішняй імперыі скончылася з Рыжскім мірам 1921 года. Ягоным вынікам стала тое, што ў складзе адноўленай польскай дзяржавы апынулася значная беларуская меншасць. Яна хутка стала аб’ектам дзяржаўнага ўціску і нават тэрору. Польская дзяржава не хавала свае мэты — асіміляваць сваіх беларусаў. Гэтае парушэнне Польшчай сваіх прававых абавязкаў ішло рука ў руку з атакай на палітычнае іншадумства як такое, уласцівае асабліва рэжыму Пілсудскага. Нездарма гісторык Андрэй Катлярчук параўноўвае цяперашняю сваволю дзяржаўнага апарату насілля ў дачыненні да грамадзян з тым, як Рэч Паспалітая абыходзілася са сваімі грамадзянамі-беларусамі.
Як і сёння, у 1920-х гадах БЧБ быў сімвалам імкнення «людзьмі звацца» — быць раўнапраўнымі ўдзельнікамі палітычнай супольнасці.
Дэталёва разбіраў іканаграфію ўплывовага беларускага руху за свае правы ў Польшчы Андрэй Вашкевіч (гл. ARCHE, 4/2007). Гаворка ідзе не толькі пра правыя плыні накшталт Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці. Сацыялісты — накшталт Сялянска-работніцкай грамады — таксама ўжывалі БЧБ. Такім чынам, БЧБ функцыянаваў як нацыянальны сімвал. З ім звязаныя паспяховыя выбарчыя кампаніі, культурная работа, змаганне за беларускую школу. Нават камуністы бралі гэта пад увагу. Да эпохі «народнага фронту» — спробы аб’яднаць усе антыаўтарытарныя палітычныя групоўкі — належыць цяпер ужо шырокавядомы верш Максіма Танка, у якім ён выслаўляе БЧБ і «Пагоня».
Нацыянальны сімвал не быў цалкам невядомы і ў Савецкай федэрацыі. Тагачасная Беларуская «Рэспубліка Рад» актыўна шукала спосабу змясціць нацыянальны змест у сацыялістычную форму. Каб «артыкуляваць» адметнасць, выкарыстоўваліся ў ліку іншага і «нацыянальныя беларускія колеры». З нядаўняй пары стаў шырока вядомым праект герба БССР, распрацаваны Генадзем Змудзінскім у 1924-м. Мастак зрабіў шчыт бела-чырвона-белым. У паэме Янкі Купалы «Безназоўнае» (1924) нявеста — сімвал Беларусі — нездарма мае «чырвон паясок» (гл. Георгій Колас, «Карані міфаў»).
Бітва за дэмакратыю: пасля 1988
Агульнадэмакратычны і нацыянальны характар бел-чырвона-белага сцяга быў пацверджаны ў 1988 годзе, калі БНФ стаў актыўна яго прапагандаваць. У адказ камуністычная партыя стварыла для БЧБ і Пагоні рэпутацыю адпаведна нацысцкага і мілітарысцкага сімвалаў. Актыўны ўдзел у гэтым працэсе браў, напрыклад, ваяўнічы антысеміт Уладзімір Бягун. Адказваў на ягоныя закіды знаўца геральдыкі Анатоль Цітоў («ЛіМе» ад 18.12.1987).
Ясна, што дэмакратычны рух 1988—1996 гадоў, які абапіраўся на падтрымку 20—30% беларусаў, яшчэ раз пераазначыў БЧБ і Пагоню. БЧБ згубіў сувязь з сацыялізмам, на той момант дыскрэдытаваным, а Пагоня — саслоўны характар. БЧБ сёння абазначае найперш дактрыну свабоды, індывідуалізму і дэмакратычнай супольнасці раўнапраўных грамадзян. Абазначае імкненне да дабрабыту, які ствараецца сумленнай працай, абароненай законамі. Пад ім гуртуюцца тыя, каму абрыдла несвабода — сістэма залежнасцяў ад бескантрольнай дзяржавы. Каму абрыдла «камандная сістэма».
Дылемы калабарацыі
Незалежна ад таго, што дэмакраты думаюць пра БЧБ, галоўным аргументам для апанентаў гэтых сімвалаў стаў факт ягонага выкарыстання ў пару нацысцкай акупацыі Беларусі. Людзі, якія так лічаць, маюць поўнае права на сваю думку. Можна, вядома, спытаць: як так выйшла, што БЧБ «заплямлены», а Дажынкі — не? Бо ж гэта нацысты практыкавалі маштабныя Дажынкі.
Выкарыстанне калабарантамі нацыянальных сцягоў у Францыі, Славаччыне, Літве, Эстоніі ды ўсіх іншых еўрапейскіх краінах не прывяло да змены нацыянальных сімвалаў.
Можна спрабаваць пераканаць апанентаў у спрэчцы, але трэба быць гатовымі прайграць яе. Не выпадае прымушаць крытыкаў БЧБ адмовіцца ад сваіх перакананняў.
Канчаткова спрэчка сімвалаў павінна быць развязаная праз рэферэндум. За гэткі варыянт выступалі Сямён Домаш у 2000-м і Віктар Бабарыка ў 2020-м («задача — сфарміраваць умовы для свабоднага выбару»).
Дэмакраты не могуць выступаць за іншыя варыянты. Дэмакратыя — гэта кіраванне са згоды кіраваных, і нацыянальным сімвалам не можа быць знак, да якога большасць ставіцца з пагардай і нянавісцю. Цяпер сацыялагічныя апытанні паказваюць рост папулярнасці БЧБ і Пагоні — але ім усё яшчэ далёка да канчатковай перамогі ў бітве за душу рэспублікі. Дакладных сацыялагічных звестак няма, таму што незалежная сацыялогія ў Беларусі забароненая, але з ускосных звестак можна зрабіць выснову, што сёння, як і ў сакавіку 1995 года, прыхільнікаў БЧБ і ЧЗ сярод беларусаў амаль пароўну (гл. «Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі», 2-е выд., с. 118), прычым многія праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі галасавалі б за ЧЗ.
Праблема з вынікамі рэферэндуму 1995 года не толькі ў тым, што ён быў нелегітымны (нелегітымнасць вынікае з постсавецкай звычкі ствараць такія блытаныя і непразрыстыя правілы, якія ўсё робяць незаконным). І калі ў Беларусі будзе ўстаноўлены дэмакратычны ўрад, калі наша дзяржава стане рэспублікай не толькі паводле назвы, але паводле сутнасці, — новы рэферэндум будзе абгрунтаваны і канечне патрэбны. У ім змогуць узяць раўнапраўны ўдзел абодва бакі: і прыхільнікі БЧБ, і прыхільнікі ЧЗ (калі яго так стануць называць). Самае галоўнае, што гэты рэферэндум не будзе гульнёй з нулявой сумай. Незалежна ад волі большасці ўсе грамадзяне змогуць свабодна выкарыстоўваць тыя сімвалы, якія для іх найлепш абазначаюць бацькаўшчыну.
Што будзе, калі БЧБ абвесцяць экстрэмісцкім?
Дэмакратычнаму бачанню будучыні Беларусі процістаяць сёння людзі, якія пастанавілі, што галоўная бяда Беларусі — лішак свабоды. Сто чалавек звярнуліся ў пракуратуру з просьбай узаконіць рэпрэсіі супраць БЧБ. Заява пра магчымую крыміналізацыю БЧБ выклікала цэлы рад пазітыўных каментароў. Эксперты адзін за адным даводзяць, што гэтая забарона — толькі пралог да выдатнай будучыні нацыянальнага сімвала.
Такі безумоўны аптымізм — тэарэтычная памылка. Беларускія дэмакраты ўжо рабілі яе. У другой палове 1990-х і пачатку 2000-х гадоў не адзін палітык прадказаў беларускаму дзяржаўнаму капіталізму хуткае падзенне. Будучыня невядомая, і што будзе з БЧБ — ці стане ён дзяржаўным, ці будзе забыты, — таксама.
Ягоная будучыня можа быць шырокай і пазітыўнай. Можа і не быць. Гістарычныя прыклады былі розныя. Пацешыць нас, вядома, лёс сімвала нямецкага змагання за дэмакратыю, чорна-чырвона-залатога сцяга, ад якога нямецкая дзяржава адмаўлялася двойчы, у 1871 і 1933 гадах. Але, як абгрунтоўваў Ніцшэ (а з ім пагаджаліся Фуко і Скінэр), вынік заложнага змагання за значэнні непрадказальны, бо ён адвольны. «Праўда заўсёды закрасуе», меркавалі слуцкія паўстанцы. Ніцшэ запярэчыў бы: тое, што закрасуе, стане праўдай.
Урад Лукашэнкі сёння зноў тэстуе сваю палітычную тэорыю. Ці можа доўга існаваць сістэма, якая грунтуецца толькі на жаданні самазахавацца? Якую падтрымлівае выразная меншасць грамадства? Ці здолее гэтая сістэма ў такіх умовах выконваць свае папулісцкія (гэта не адмоўны тэрмін) абавязкі? У 2003 годзе Лукашэнка ведаў, пра што ідзе гаворка, абяцаючы сваім выбарцам «яшчэ нязнаны нам узровень попыту і спажывання». Традыцыя дэмакратычнага папулізму, які сфарміраваўся ў гады «перастройкі» і развіўся ў палітычнай рыторыцы Народнага фронту, дае на гэтыя пытанне адназначна адмоўны адказ. Дэмакраты вераць у тое, што кансэнсус, заснаваны на свавольстве, уціску і прымусе — словам, на несправядлівасці, — не пратрывае доўга. Наступныя гады будуць тэстам не толькі для Лукашэнкі, але і для догм дэмакратычнай ідэалогіі.
Што да драматызму моманту, ён крыху перабольшаны. Папраўдзе, БЧБ ніколі не быў «легалізаваны» — насуперак здароваму сэнсу і канстытуцыі.
Цяпер рэпрэсіўная дзяржава, якая ў 2020-м праславілася на ўвесь свет, хоча павысіць «цану» іншадумства, гэтыя планы маюць папраўдзе оруэлаўскі маштаб.
Ранейшы ўціск, аднак, не перашкодзіў БЧБ захавацца. Не змагла знішчыць памяць пра яго і антычалавечная савецкая сістэма (што паказваюць малюнкі Караткевіча). Наадварот, колькасць людзей, якія маюць тую ці іншую эмацыйную сувязь з гэтым знакам, вырасла. Што да будучыні — будзем бачыць. «Усё не дарэмна, але працуе не так».
Каментары