Гісторыя12

Войны з канкурэнтамі, падзенні і ўзлёты — захапляльная гісторыя лідскага бровара, які зрабіў горад піўной сталіцай Беларусі

Першыя дзве асацыяцыі, якія ўзнікаюць у галаве, калі чуеш назву Ліда, — Лідскі замак і Лідскі бровар. Так ужо сталася, што гэты горад на захадзе краіны ўжо паўтары сотні гадоў звязаны з піваварствам, а апошнім часам прэтэндуе на званне піўной сталіцы Беларусі.

Як так адбылося?

Гедымін як першы інвестар

Назва Ліда паходзіць не ад жаночага імя, а, найхутчэй, ад старажытнабалцкага слова «ліда», што азначае «поле на месцы выкарчаванага лесу» (параўнайце з старажытным славянскім словам «ляда»).

Многа стагоддзяў таму на гэтае месца прыйшлі продкі сённяшніх лідчукоў, раскарчавалі лес і засеялі палеткі жытам і ячменем. Трэба думаць, са збожжа яны не толькі пяклі хлеб, але і варылі хмельны напой.

Але гістарычны час для Ліды пачаўся ў 1323-м. Пад гэтым годам яна ўпершыню згадваецца ў хроніках Вялікага Княства Літоўскага. У 1320-я вялікі князь Гедымін будаваў замкі на паўночным захадзе дзяржавы. Муры тых замкаў, якія каменным шчытом абаранілі краіну ад рыцараў-крыжакоў, захаваліся ў Крэве, Медніках, Вільні і, вядома, у Лідзе.

Дзякуючы замкам, нашым продкам удалося выстаяць у навалу: цягам XIV стагоддзя крыжакі зрабілі на ВКЛ каля 140 рэйдаў, у якіх бралі ўдзел рыцары з усёй Еўропы — нават будучы англійскі кароль Генрых IV Ланкастэр.

Замак — штука дарагая, але як інвестар Гедымін уклаўся правільна: здабытая ў выніку бяспека дазволіла пашырыць і ўзбагаціць дзяржаву.

Яшчэ адна нітачка, якая яднае Ліду з Гедымінам, — Лідзейка. Так завецца рака, якая цячэ праз горад, а ў Гедыміна, згодна з легендай, быў вяшчун з такім імем. І гэта нібыта ён нараіў князю заснаваць Вільню і зрабіць сталіцай. Вось тут лідчукам мае быць крыўдна.

З лёгкай рукі Вітаўта

Наступнікі Гедыміна распараджаліся замкам па-рознаму. Вялікі князь Вітаўт, напрыклад, пасяліў у Лідзе збеглага татарскага хана Тахтамыша — таго самага, што захапіў быў Маскву, але пасля страціў уладу праз міжусобіцу ў Залатой Ардзе. Тым самым Вітаўт нібыта заклаў будучую традыцыю лідскай шматнацыянальнасці. Тут стагоддзямі жывуць разам беларусы, яўрэі, палякі, літоўцы, татары, рускія, украінцы. 

Цягам усёй гісторыі замак быў сімвалам горада. Ён выстаяў у маскоўскіх і шведскіх войнах (хоць шведы і ўзарвалі яго вежы), у ХІХ стагоддзі гарадская ўлада хацела яго знесці, але патрыёты не далі. Замак малявалі нашы славутыя мастакі Напалеон Орда і Язэп Драздовіч, з ім звязаныя вусцішныя мясцовыя легенды пра зачараваную каралеўну, якая кліча ксяндза, каб адслужыў па ёй імшу

Вітаўт паўплываў на гісторыю Ліды яшчэ і тым, што дазволіў яўрэям вольна сяліцца ў ВКЛ, даваў прывілеі на асабістую недатыкальнасць і самакіраванне ў іх грамадах-кагалах. 

Часта мы, аддаючы ўсю ўвагу гісторыі палітычнай, забываемся на эканамічную. А тым часам менавіта эканоміка ўсё вызначае — гэта яшчэ Маркс сказаў. І ўнёсак беларускіх яўрэяў у эканамічнае развіццё краіны быў каласальны, асабліва калі ХІХ стагоддзе паслабіла кагальныя сувязі і вывела іх з закрытых супольнасцяў. 

Яўрэі мелі грошы і ўмелі іх зарабляць, сярод іх было шмат выдатных менеджараў — накшталт Носеля Пупко, з імем якога звязаны пачатак «Лідскага піва».

Броварчык на прыватным участку

Увогуле, права на ўласны бровар лідчукі мелі ад 1590 года, згодна з умовамі магдэбурскага права, але няма звестак, каб яны рэалізавалі яго. У выніку 19 лідскіх корчмаў, 9 з якіх трымалі яўрэі, а 10 — хрысціяне, прадавалі імпартнае піва, часам нават нямецкае. Першыя ўласныя піўныя заводы ў горадзе з’явіліся толькі ў 1860-я. І папярэднік сённяшняга «Лідскага піва» быў, дарэчы, збудаваны апошнім.

Ліда на фотаздымках канца XIX — пачатку XX стагоддзя

Першы завод Ландо і Камянецкага, заснаваны ў 1863-м, праіснаваў усяго з дзясятак год, завод Папірмейстэра дажыў да нашага часу ў выглядзе камбіната харчовых канцэнтратаў, і толькі колішні завод Носеля Пупко захаваў першапачатковую спецыялізацыю.

Раней Пупко — адно з самых пашыраных яўрэйскіх прозвішчаў у Лідзе. Адзін цёзка Носеля Зелікавіча, напрыклад, збудаваў каля муроў замка гарадскую гімназію. Другі цёзка хацеў у часы першай рускай рэвалюцыі ўзарваць бровар, калі гаспадар завода не дасць яму 500 рублёў.

Носель Пупко валодаў у Лідзе амаль гектарам зямлі паміж вуліцай Віленскай і ракой Лідзейкай. Участак быў вузкі і моцна выцягнуты. Ад вуліцы стаяў цагляны жылы дом, за якім вытворчасці нават не было відаць. 

План Ліды 1892 года. Участак Носеля Пупко пазначаны чырвоным колерам, Папірмейстэра — зялёным. Жоўтым вылучана Віленская вуліца

Дый завод тады выглядаў не так, як цяпер. Не было цаглянай вежы і 18-метровых ёмістасцяў-танкаў. Бровар складаўся з трох драўляных будынкаў. Ні пра гатункі, ні пра аб’ёмы вытворчасці ў тыя першыя гады існавання завода звестак не засталося. Вядома, што першую партыю піва Пупко выпусціў у 1876-м, а ўжо ў 1883-м абарот завода складаў 2000 рублёў і працавала на ім 10 чалавек.

На адным з будынкаў завода, які дайшоў да нашых дзён, захаваўся надпіс «Сущ 1876»

За наступныя гады, трэба думаць, адбылася аптымізацыя, бо ў 1887-м колькасць працаўнікоў скарацілася да трох. І гэтыя тры чалавекі зварылі за год дзесяць тысяч вёдраў (123 тысячы літраў) піва на дзевяць тысяч рублёў.

Вайна з «Шапэнам»

Неўзабаве на бровар звярнулі ўвагу кантрольныя органы. З будаўнічага аддзялення Віленскага губернскага праўлення ў паліцыю Ліды прыйшоў загад «разабрацца», на якой падставе Пупко валодае заводам і хто дазволіў яму варыць піва. 

Не чакаючы, пакуль запусціцца разбіральніцтва, якое магло пазбавіць яго бізнэсу, гаспадар падаў у будаўнічае аддзяленне планы завода з просьбай іх зацвердзіць. Мясцовая паліцыя таксама прэтэнзій да завода не мела.

Прашэнне Носеля Пупко ад 1893 года

Пупко абавязалі замяніць гонтавую страху, удасканаліць печы і паставіць некалькі цагляных супрацьпажарных сценак. Але пасля выканання гэтых патрабаванняў былі выстаўленыя новыя. А пасля — яшчэ…

Бюракратычная цяганіна з будаўнічым упраўленнем узнікала рэгулярна, раз на некалькі гадоў. Так жа, як і прэтэнзіі з боку фіскальных органаў. Магчыма, гэта тлумачыцца інтрыгамі віленскай піваварнай кампаніі «Шапэн», з якой у завода Пупко разгарэлася сапраўдная гандлёвая вайна. 

«Шапэн» быў зацікаўлены ў Лідзе — другім па велічыні горадзе Віленскай губерні і бачыў небяспеку ў хуткім росце завода Пупко. «Шапэн» меў у Лідзе аптовы склад і манапалізаваў усе корчмы, пастаўляючы туды піва па дэмпінгавых цэнах, каб задушыць мясцовых півавараў. 

Таму з Папірмейстэрам, бровар якога таксама месціўся ў Лідзе, у Пупко былі адносіны таварыскія. Яны сябравалі супраць «Шапэна». Нават першая тэлефонная лінія ў Лідзе была пракладзеная менавіта паміж іх заводамі.

Фірмовы знак

Усё, што нас не забівае, робіць мацнейшымі: у супрацьстаянні з «Шапэнам» лідскі бровар развіўся — займеў аптовыя склады ў Беластоку, Ляхавічах, Гарадзеі, Пінску, Кобрыне, куды піва дастаўлялася чыгункай. У канцы ХІХ стагоддзя завод вырабляў 1146 тысяч літраў за год агульным коштам у 54 тысячы рублёў. На заводзе варылі шэсць гатункаў піва — «Мартаўскае», «Баварскае», «Пільзенскае», «Сталовае», «Царскае», «Ідэал».

Будынак паліцэйскага ўпраўлення ў Лідзе, сумешчаны з піўной крамай Пупко. У тарцы будынка шыльда «Піва распівачна і на вынас Н. Пупко»

А ў 1900-м Носель Пупко прыдумаў фірмовы знак, які з таго часу ўпрыгожваў яго прадукцыю: высакародны алень, які абапіраецца на піўную бочку. Ён ёсць ужо на самай першай этыкетцы «Сталовага», якая захавалася з таго часу.

Сталовым, як правіла, называлася таннае і масавае піва, якое прызначалася для простых людзей, таму на этыкетцы намаляваны просты чалавек

Чаму ўласнік выбраў менавіта такі сімвал — невядома. Выявы звяроў і фантастычных істот былі модныя сярод півазаводчыкаў. Так, фірмовым знакам бровара Папірмейстэра быў мядзведзь у бочцы. На бутэльках віленскага «Шапэна» былі леў і крылаты сабака.

«Лідскае піва» захоўвае багатую спадчыну броварства ў Лідзе. Так, у 2016 годзе ў горадзе з'явілася скульптура медзведзя ў бочцы — фірмовага знака бровара Папірмейстэра, а праз год — памятны знак на месцы, дзе стаяў завод Ландо і Камянецкага.

У тым самым годзе, 1900-м, Носель Пупко памёр. Яму было за 70 і яго здароўе было падарвана 27-гадовым змаганнем з бюракратамі за свой бровар. Апошняй яго справай для завода было ўсталяванне жалезнай лесвіцы між паверхамі. Яна захавалася да нашага часу.

Зверху этыкетка 1900-1901 гг., на ёй з'явіліся надпячатка «Наследники» і эмблема ў выглядзе пераплеценых літар Н і П (Носель Пупко). Знізу этыкеткі 1901-1903 гг., якія выпускаліся з абавязковым словам «Наследн.», выявамі 6 круглых бронзавых жэтонаў з надпісамі і малюнкамі

Піўны бізнэс узяў у свае рукі адзін з чатырох сыноў Носеля — Мейлах Пупко. 

Пры новым гаспадары завод расквітнеў. Напярэдадні Першай сусветнай піва зрабілася модным напоем у Лідзе. У горадзе працавала 41 піўная. У 1914-м завод Пупко, які даваў работу 30 супрацоўнікам, выпусціў піва на 170 тысяч рублёў.

Першая «нулёвачка»

Але гэтае імклівае развіццё абарвалася з пачаткам Першай сусветнай вайны. У прыфрантавой паласе, у якую трапіла і Ліда, быў уведзены сухі закон. Прадаваць піва было забаронена, і на заводзе яго сабралася каля 400 тысяч літраў. Улетку 1915-га Пупко звярнуўся з просьбай да ўладаў, каб дазволілі перапрацаваць яго ў безалкагольны соладавы напой. 

Этыкетка соладавага англійскага безалкагольнага напою

Праўда, праз некалькі месяцаў у Ліду ўвайшлі немцы, якія з радасцю спажывалі мясцовае піва. Вытворчасць падарвала толькі бязладдзе першых паслярэвалюцыйных гадоў. Калі ў 1920-м праз Ліду ішло на Польшчу савецкае войска, давялося цалкам стаць на безалкагольныя рэйкі і рабіць квас для Чырвонай арміі.

Завод у 1915 годзе. Карціна нямецкага мастака

Марк і Шыман

Пасля Рыжскай мірнай дамовы 1921-га, калі межы дзяржаў вызначыліся і Ліда разам з усёй Заходняй Беларуссю трапіла ў склад Польшчы, Мейлаху Пупко давялося аднаўляць свой завод практычна з нуля. Але дасягнуць ранейшага росквіту ўжо не ўдалося. У міжваеннае дваццацігоддзе завод выпускаў у 5-7 разоў менш піва, чым у 1914-м. Каб зводзіць канцы з канцамі, даводзілася закладаць дадатковыя бізнэсы: наладзіць выпуск газаваных напояў, адкрыць пілараму на абсталяванні, набытым у немцаў у часе вайны.

У 1920-х гадах піва і напоі выпускаліся з паперкамі, што аддалена нагадвалі этыкеткі, і толькі на польскай мове. Выпускаўся толькі адзін, самы танны гатунак піва, які нават не меў назвы, а таксама соладавы напой

Але цудам было само па сабе тое, што вытворчасць здолела захавацца ў варунках, калі абрынуліся цэлыя дзяржавы. Дзякаваць за гэта трэба Мэйлаху Пупко — аднаму з самых таленавітых менеджараў і бізнэсоўцаў свайго пакалення. Ён памёр у 1934-м, справу перанялі яго сыны Марк і Шыман.

Уладальнікі і кіраўнікі прадпрыемства. У першым шэрагу трэці справа Мейлах Пупко, па абодва бакі ад яго Марк і Шыман

Завод на Сувалкаўскай (так пераназвалі пры Польшчы вуліцу Віленскую) выпускаў чатыры гатункі піва: «Светлае», «Хмельнае», «Дубальтовае» і «Цёмнае».

Гатункі розніліся прапорцыямі ячменю, хмелю і соладу. У «Хмельным» ячменю было найменш, у «Светлым» — меней соладу, але болей ячменю, у «Цёмным» — больш соладу, у «Дубальтовым» — у паўтара разу больш ячменю і соладу, чым у іншых гатунках.

Ячмень куплялі на Валыні і ў вёсках Лідскага павета, хмель таксама ішоў з Валыні. Прадавалася лідскае піва пры Польшчы ў літровых бутэльках па 65 грошай. Таксама на заводзе рабілі квас і газаваную ваду.

Марк, які стаў кіраўніком завода, папросту жыў на яго тэрыторыі, каб усё кантраляваць.

Да 1939 года завод падышоў з завершаным цыклам вытворчасці і міжнародным прызнаннем. Яго прадукцыя была адзначаная медалямі з выставак у Марсэлі і Рэймсе.

Адысея сям’і Пупко

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР завод нацыяналізавалі. Сям’і былых уласнікаў у нейкім сэнсе пашанцавала: іх не арыштоўвалі і нават прапанавалі застацца на заводзе — нанятымі служачымі. Але ў той жа час абклалі непамернымі падаткамі. Шыман і Марк вырашылі з’ехаць у Вільню, бо не бачылі для сябе будучыні ў роднай Лідзе.

Ліда ў 1939 годзе

Са зменай улады адмянілі і «польскія» гатункі. Цяпер завод выпускаў «Жыгулёўскае», «Рускае» і «Украінскае» піва. Праўда, «Жыгулёўскае» і «Украінскае» хоць і лічыліся распрацоўкамі савецкіх спецыялістаў, але фактычна адпавядалі «Венскаму» ды «Мюнхенскаму» паводле рэцэптаў. 

У 1940-м завод выйшаў на поўную магутнасць і зварыў у 4,5 разоў больш, чым у апошнія гады пад Польшчай — 2819,9 тысяч літраў.

Марк і Шыман Пупко нядоўга пабылі ў Вільні: калі немцы напалі на СССР, яны вярнуліся ў Ліду. На заводзе склалася ўнікальная сітуацыя: нямецкай адміністрацыі так трэба было піва для войска, што яна заплюшчвала вочы на тое, што яго вараць яўрэі.

Шыман Пупко і яго жонка Шура

Фармальным кіраўніком завода быў «блокфюрар», прысланы нямецкі інжынер Іяхім Лахбілер. Ён прыцягнуў да працы Марка з Шыманам і многіх даваенных работнікаў-яўрэяў, для якіх гэта быў шанец не загінуць у гета. Лахбілер не пускаў на завод эсэсаўцаў падчас карных акцый, гэта выклікала незадавальненне і ўрэшце яго адправілі на фронт. У 1943-м, прыехаўшы ў Ліду за півам для свайго падраздзялення, Іяхім папярэдзіў Шымана і Марка, што хутка яўрэяў пачнуць знішчаць пагалоўна і ім трэба ўцякаць. Але не паспелі: на завод прыйшлі эсэсаўцы, аддзялілі работнікаў-яўрэяў ад хрысціян і, звінаваціўшы ў атручванні піва, адправілі з сем’ямі ў лагер смерці Майданэк.

«У нас не было ніякіх ілюзій адносна нашага лёсу… Адзіны шанец уратавацца — скакаць з вагона на хаду. Гэта не лёгка і не кожны ў стане гэта зрабіць. 12 чалавек з нашага вагона скочылі…», — пісала пасля ва ўспамінах дачка Шымана Сіма, якая дзіцем перажыла ўсе гэтыя падзеі. Пасля ўцёкаў з цягніка сям’ю Марка схавалі беларускія сяляне, а Шыман пайшоў у партызаны — да Тувіі Бельскага ў Налібоцкую пушчу. У баявых акцыях Шыман не ўдзельнічаў — варыў мыла для партызанаў. Нягледзячы на голад, ім удалося выжыць і пасля вайны вярнуцца ў Ліду.

Яны заспелі завод «у хаасным стане», усё было разбіта і разрабавана. Прызначаны савецкай уладай дырэктар Сяргей Пішчыкаў прыняў Марка на працу галоўным піваварам, а Шымана — тэхнічным кіраўніком. Аднак у лістападзе 1944-га, пасля канфлікту з Пішчыкавым, браты засталіся без працы і выехалі з СССР. Шлях іх ляжаў у Бельгію, а ўрэшце Шыман з сям’ёй апынуўся ў Мексіцы, а Марк — у Канадзе.

Марк Пупко і яго жонка Роза

Па дарозе ў Бельгію, у Германіі, Марк і Шыман адшукалі сям’ю Іяхіма Лахбілера і даведаліся, што ён сядзіць у амерыканскай турме як ваенны злачынец. Браты засведчылі, як мужна і чалавечна паводзіў сябе Лахбілер у Лідзе, запыталі паказанні іншых землякоў — і іх былога «блокфюрара» вызвалілі.

У 2005-м дачка Шымана, Маша Коэн, з мужам, дзецьмі і ўнукамі наведала «Лідскі бровар». Маша валодае ў Мексіцы буйным хімічным прадпрыемствам.

«Дапатопныя» часы

Пупко былі не адзінымі, хто ў тыя гады выехаў з Беларусі на Захад. З Ліды ў Польшчу ў першыя пасляваенныя гады эмігравалі каля дзвюх тысяч чалавек. Выязджалі яўрэі, палякі і тыя беларусы, што запісваліся палякамі. З аднаго толькі піўзавода звольнілася 55 былых дасведчаных працаўнікоў. Востра стала пытанне з кваліфікаванымі кадрамі: на заводзе цэлы год не было галоўнага півавара, тэхнолага, інжынера. Варылі ж у першыя пасляваенныя гады «Жыгулёўскае» — яго разлівалі ў бутэлькі і развозілі коньмі ў нефарбаваных дубовых бочках. Піва было вельмі дарагое — каля 10 рублёў за літр пры сярэднім тагачасным заробку ў 150.

Стан бровара ў 1944 годзе

У 1945-м у Лідзе застаўся адзін бровар: на былым заводзе Папірмейстэра перасталі варыць піва, а яго абсталяванне перадалі былому бровару Пупко. 

Але і з дадатковым абсталяваннем бровар пакідаў уражанне «дапатопнага». Лёд для ахаладжэння піва секлі проста на рацэ Лідзейцы і вазілі коньмі, піва варылася са старых запасаў сыравіны, на састарэлым абсталяванні. А Сувалкаўская вуліца, дарэчы, стала Савецкай.

Выроўнівацца сітуацыя на піўзаводзе пачала толькі ў 1947-м: стабілізаваўся калектыў, адчыніліся базы ў Баранавічах і Маладзечне, вытворчасць піва пераўзышла даваенныя паказнікі.

У 1950-м пачалі варыць новы гатунак — «Аксамітнае», а ў «Жыгулёўскае» дзеля эканоміі соладу дадавалі ячную муку.

Беларускія этыкеткі

Першае абнаўленне абсталявання адбылося толькі ў 1953-м. З тае пары тэхнічная база бровара ўдасканальвалася ледзь не штогод. Да асартыменту гатункаў дадаліся саладзейшае «Карамельнае», «Мартаўскае», вярнулася «Украінскае».

У 1950-я завод пачаў масава рабіць безалкагольныя напоі — «Клубнічны», «Бруснічны», «Журавінавы», «Чарнічны», «Яблычны», «Вішнёвы», «Ліманад», «Лімонны», «Крушон», «Лета», «Мандарынавы», «Апельсінавы», «Сітро»… Усе этыкеткі былі аформленыя па-беларуску.

У той самы час у Лідзе пачалі варыць «Портэр», вярнулася і «Рыжскае» (перад вайной яго называлі «Рускае», а пасля далучэння Латвіі да СССР перайменавалі).

Лідскі піўзавод у 1966 годзе

Фірмовае «Лідскае»

У 1966 годзе, пад 90-годдзе бровара, было распрацаванае і фірмовае піва «Лідскае». Вядомыя імёны яго аўтараў — гэта загадчыца вытворчасці Марыя Галяева і загадчыца лабараторыі Галіна Смірнова.

«Лідскае», якое нагадала завадскім старажылам перадваеннае «Дубальтовае», з часам стала адным з самых папулярных гатункаў. У 1971-м яму надалі савецкі «Знак якасці».

Пасля «пяцікутнік» атрымаў і разліваны ў Лідзе культавы напой савецкіх дзяцей — «Бураціна». Адбылося гэта ў 1976-м, юбілейным годзе. Стагоддзе завода было адзначана аб’яднаннем пад загадам Ліды трох бровараў — лідскага, гродзенскага і навагрудскага. Завод атрымаў шэраг дзяржаўных узнагарод да юбілею і пачаў выпускаць піва «Наша марка», распрацаванае ў Маскве да 50-годдзя савецкай улады.

Але разам з узнагародамі, званнямі і дзяржаўным спрыяннем прадпрыемства ўвесь час адчувала на сабе «перавагі» савецкай планавай эканомікі. Напрыклад, калі ў пачатку 1980-х узнік недахоп кармоў і прадпрыемствам «прапанавалі» гадаваць скаціну, на тэрыторыі завода трымалі бычкоў.

Безалкагольныя часы

У канцы 1980-х, калі кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў, змагаючыся з павальным п’янствам, абвясціў «сухі закон», у Лідзе пачалі эксперыментаваць з безалкагольнымі напоямі.

«Усходні», «Раніца», «Байкал», «Дзюшэс», «Крэм-сода», «Рабінавы», «Журавінавы», «Ісіндзі» — далёка не поўны пералік гатункаў, што сыходзілі з канвеера ў тыя гады. Іх вытворчасць вырасла ад шасці да рэкордных дзевяці тысяч літраў за год, нават трохі пацясніўшы піва.

Яшчэ ніхто не напісаў гістарычнага даследавання пра назвы піўных гатункаў. А распрацоўшчыкі ж арыентуюцца на спажыўца: па назвах можна вывучаць настроі ў грамадстве ў тую ці іншую эпоху. У 1989-м, на хвалі цікавасці да гісторыі роднага краю, у Лідзе распрацавалі арыгінальны гатунак «Стары замак»: з светлага соладу і першасортнага хмелю. Яго разынкай быў дамешак рысавай сечкі.

Лідскі замак у 1980-я і этыкетка піва «Стары замак»

Лідская гарэлка

Першая палова 1990-х прынесла Беларусі незалежнасць і эканамічны крызіс. Цэны раслі, валюты на закупку сыравіны не ставала і бровар ледзь-ледзь акупаў вытворчасць, паралельна праводзячы тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемства.

Гэта змусіла пашырыць асартымент: у Лідзе пачалі разліваць гарэлку «Руская» і «Белыя Росы», якія пастаўляў спіртзавод у Парэччы. Таксама ў Лідзе гатавалі настойку «Таямнічая» — з спірту, экстрактаў жэньшэню з дадаткам ядлоўцу і палыну. Піва «Лідскае» амаль знікае з крамаў. Напрыклад, у Мінску яго прадаюць толькі ў адным універсаме.

Першы інвестар і «Кароль хмелю»

А ў 1995-м завод перастаў быць дзяржаўным прадпрыемствам, перафарматаваўшыся ў акцыянернае таварыства. Акцыі раздалі работнікам.

На прыватнае прадпрыемства звярнуў увагу першы вялікі інвестар: аўстрыйская кампанія «Эгенбергер Інтэрнацыянал» дала сродкі на мадэрнізацыю.

У прыватнасці, на заводзе пазамянялі ўсе трубаправоды на нержавеючыя, палепшыўшы якасць вады, і паставілі новы цэх з нямецкай лініяй разліву ў бутэлькі «Нагема».

У сакавіку 1997-га з лініі сышла першая партыя піва «Кароль хмелю». Гэта было першае ў краіне пастэрызаванае піва, якое магло не псавацца паўгода, замест ранейшых 7-10 сутак. Піва адпавядала еўрастандартам і разлівалася ў бутэльку з трыма этыкеткамі — тады гэта яшчэ было ў навінку.

Напярэдадні, пад 120-годдзе завода, з’явіліся яшчэ два памятныя гатункі — «Чорны прынц» і «Юбілейнае». А пасля ў Расіі адбыўся дэфолт і надышла новая рэальнасць. 

Змаганне за рынак

Цягам 1998-га прыбыткі ад паставак піва на расійскі рынак упалі ў дзесяць разоў, і лідскі бровар проста адмовіўся ад яго. Не дужа чакалі «Лідскае» і ўнутры краіны: у Беларусі было 15 піўзаводаў і кожны рэгіён імкнуўся падтрымліваць мясцовага вытворцу. У Гродне нават існавалі негалосныя абмежаванні на продаж лідскага піва. І ўсё ж 1998 год стаў рэкордным па аб’ёмах вытворчасці за ўсё ХХ стагоддзе: у Лідзе зварылі 33 394 тысячы літраў піва.

1 жніўня 1998 г. была запушчана лінія па разліве піва ў кегі (бочкі з нержавеючай сталі ёмістасцю 50 літраў). Тэхналогія дазволіла істотна зэканоміць на тары і скараціць выдаткі пры разліве з паляпшэннем якасці

Наступныя гады былі часам змагання за рынак з расійскімі кампаніямі. Замежныя брэнды літаральна залівалі краіну танным півам. Меншыя беларускія бровары, накшталт крычаўскага, наваградскага ці пінскага, папросту зачыніліся, не вытрымаўшы канкурэнцыі. Каб выстаяць, «Лідскае» стварае сетку рэгіянальных складоў па ўсёй краіне: ад Брэста да Наваполацка. Таксама завод закладае ўласны аўтапарк і стварае аддзел маркетынгу.

У 2001 у Лідзе, сярод першых у краіне, пачалі разліваць піва ў паўтаралітровыя ПЭТ-бутэлькі.

Каб зацікавіць айчыннага спажыўца, у 2002 годзе завод выпусціў «гістарычную» серыю гатункаў: «Князь Гедымін», «Князь Вітаўт», «Мірскі замак». Давялося заняцца і арганізацыяй восеньскіх піўных святаў у Лідзе, далучыцца да арганізацыі рыцарскага фэсту «Замак Гедыміна».

Адрадзілі і вытворчасць безалкагольнага піва. Традыцыя была: у 1915-м Мейлах Пупко мусіў перарабіць у безалкагольны напой 400 тысяч літраў піва, якое ён не мог прадаць у час вайны.

Парад інвестараў

У 2003-м намаганні пачалі даваць плён: піва зварылі амаль на 10% больш, чым у папярэднія гады. Таксама ўдалося вырашыць пытанне з соладам: дамагчыся ад дзяржавы падтрымкі тым гаспадаркам, якія вырошчвалі спецыяльны піваварны ячмень. 

На тыя гады прыпала і вялікая рэканструкцыя завода сумесна з чэшскім інвестарам Preiss s.r.o. Пасля яе ААТ «Лідскае піва» не саступала тэхналагічна расійскім броварам. А магутнасць вырасла ад 35 да 60 млн літраў за год.

Чэхі запатрабавалі і замяніць ваду, на якой варылася піва. Замест вадаправоднай пачалі выкарыстоўваць артэзіянскую, прасвідраваўшы скважыну ў 280 метраў глыбінёй.

У сярэдзіне 2000-х «Лідскае піва» выбірала паміж чатырма выгаднымі прапановамі. Акцыянерамі бровара прапаноўвалі стаць кампаніі BBH, Detroit-Belarus Brewing, галандскі канцэрн Heineken і фінскі канцэрн Olvi Oyj. Выбар спыніўся на фінах.

24 снежня 2008 Olvi Oyj набыла 51% акцый ААТ «Лідскае піва». У 2011 доля фінскага канцэрну вырасла да 90%, а яшчэ праз тры гады павялiчылася да 94,56%.

Вяртанне высакароднага аленя

Новыя гаспадары распрацавалі план мадэрнізацыі бровара, згодна з якім у першыя чатыры гады ў прадпрыемства было ўкладзена больш за 40 млн еўра. У прыватнасці, былі ўсталяваныя восем новых цыліндраканічных танкаў (так называюцца ёмістасці, дзе бродзіць піва) — кожны з пяціпавярховы дом. Іх прывезлі спецтранспартам аж з Фінляндыі.

«Лідскае піва» ў 2012 годзе

Змяніўся і вобраз кампаніі. На этыкеткі «Лідскага» вярнуўся высакародны алень, які абапіраецца на бочку — фірмовы знак завода Пупко.

З’явіліся і новыя еўрапейскія гатункі: светла-залацісты пілснер A. Le Coq Pils, светла-залацісты лагер Koronet, традыцыйны фінскі лагер Sandels. У 2009 годзе сумесна з фінскімі піваварамі з'явіўся гатунак «Лідскае Premium».

Не забываюцца новыя гаспадары і на спадарожную прадукцыю: завод робіць энергетычны напой Dynami:t, які мае палову беларускага рынку, пітную ваду, яблычны сідр FIZZ, культавы «Лідскі» квас. Прадукцыю лідскага бровара можна пабачыць у Літве, Расіі, Малдове, Украіне, Германіі, Эстоніі, Польшчы, Казахстане, Арменіі.

Усё дзеля сваіх

Пад 145-годдзе, якое будзе адзначацца ў наступным годзе, «Лідскае» здзейсніла рэстайлінг. У ім чытаецца сістэма каштоўнасцяў брэнду, скіраваная на шчырасць, вяртанне да каранёў, адзінства.

Каштоўнасць «Карані» падкрэслівае паходжанне прадукту, яго цесную сувязь з Лідай — невялікім горадам Заходняй Беларусі, які валодае значнай культурнай спадчынай. Каштоўнасць «Адзінства» акцэнтуе ўвагу на тым, што брэнд аб'ядноўвае блізкіх па духу людзей ва ўнікальнаю супольнасць, а «Шчырасць» адлюстроўвае форму ўзаемаадносін кампаніі са сваім спажыўцом. Гэтыя ўзаемаадносіны заснаваныя выключна на даверы, сяброўстве, агульных інтарэсах і момантах яднання. Менавіта таму слоган новай рэкламнай кампаніі гучыць як «Усё дзеля сваiх».

На этыкетках з’явілася выява замка і ключоў са старога магдэбургскага герба Ліды. Папрацавалі дызайнеры і з фірмовым знакам: алень на ім зрабіўся больш грунтоўным і велічным — не дзіва, ён сёлета святкуе 120-годдзе.

З'явіліся змены і ў гатунках: «Лідскае» падзялілася на дзве самастойныя лінейкі «Мейнстрым» і «Прэміум». Дадаліся новыя гатункі — «Легенда» і «Белае», былі ўведзеныя бутэлькі і бляшанкі фірмовага выгляду. «Лідскае», якое 145 год таму пачалося драўляным броварчыкам на беразе Лідзейкі, стала пазнавальным і аб’яднаўчым вобразам у межах цэлай краіны.

Каментары12

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →