Настаўніца і пісьменніца ў інтэрв'ю «Салідарнасці» — пра перапісаны падручнік па гісторыі Беларусі.
У падручніку па гісторыі Беларусі для 11-х класаў бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» згадваюцца ў негатыўным кантэксце, а таксама там не знайшлося месца для нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Святланы Алексіевіч і кіраўніка Вярхоўнага Савета 1991-1994 Станіслава Шушкевіча — аднаго з падпісантаў Белавежскіх пагадненняў.
— Цяпер грамадства жыве абсалютна ў іншых умовах, чым яно жыло ў Савецкім Саюзе. У СССР падручнік для школьніка часцяком быў адзінай крыніцай інфармацыі, — распавядае ў інтэрв’ю «Салідарнасці» Ганна Севярынец. — На сёння інфармацыі вялікая колькасць, і любы вучань можа і ўдакладніць тое, што напісана ў падручніку, і аспрэчыць, і знайсці нейкія дадатковыя матэрыялы.
Фота budzma.by
То-бок цяпер, калі падручнік перапісваецца, калі ў падручніку апісваюць тое, што не мае дачынення да рэальнасці, гэта нішто іншае, як кампраметацыя самога падручніка.
Бо калі вучань ведае нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч і не бачыць яе ў падручніку, калі вучань у Вікіпедыі можа прачытаць пра ролю Станіслава Шушкевіча ў гісторыі Беларусі, а ў падручніку бачыць нейкую іншую інфармацыю, то гэта проста кампраметацыя ўсяго падручніка ад першай да апошняй літары ў вачах вучняў. Таму што тады паўстае пытанне: «Чаму верыць, а чаму — не?». Атрымліваецца, што кожны факт у дадзеным падручніку мусіць быць аспрэчаны.
Што з гэтым рабіць настаўнікам?
Ганна Севярынец лічыць, што ў XXI стагоддзі карыстацца на ўроках толькі падручнікам — гэта маветон. Настаўнік можа даць правераныя акадэмічныя веды з іншых крыніц інфармацыі.
— Усё тое, што мае рэальнае пацверджанне, усё, што зафіксавана ў даведніках, энцыклапедыях, мы мусім прыцягваць у матэрыял уроку. Таму ніхто не забароніць расказваць на ўроках пра Святлану Алексіевіч, бо гэта наш нобелеўскі лаўрэат, і гэта назаўсёды.
Што тычыцца нацыянальных герба і сцяга, ёсць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, артыкулы паважаных гісторыкаў. Ёсць гістарычная праўда, якая зафіксаваная ў дакументах, у акадэмічных крыніцах. Мы абавязкова мусім усё гэта на ўроках разглядаць і ацэньваць.
Калі падручнік дазваляе сабе фэйкі, ідзе супраць гістарычнай праўды, гэта добры выклік на ўроку. Можна разабрацца з дзецьмі, дзе праўда, а дзе — не. Магу парэкамендаваць настаўнікам гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага, які шмат даследаваў гэтую тэму. Ён меў акадэмічную ступень, працаваў у БДУ. Таксама можна парэкамендаваць творы Уладзіміра Арлова, Канстанціна Тарасава, Міхася Чарняўскага.
— Як быць, калі бацькі вучняў працуюць, напрыклад, у выканкаме, і для настаўніка могуць быць наступствы? Былі ж ужо выпадкі, калі на настаўнікаў заводзілі крымінальныя справы.
— Вы кажаце пра гісторыю Андрэя Пятроўскага са Смаргоні, які стаў палітвязнем. Перад кожным настаўнікам паўстае маральны выбар: альбо ён прытрымліваецца гістарычнай праўды, альбо плюе на любую праўду — гістарычную, чалавечую, абірае для сябе падручнік як адзіную крыніцу інфармацыі і выкладае паводле яго.
Кожны робіць выбар. Любую інфармацыю можна падаць спакойна, з апорай на крыніцы, на гістарычныя дакументы. Безумоўна, у цяперашняй нашай сітуацыі гэта ні ад чаго не абароніць, але гэта гісторыка, настаўніка захоўвае ў якасці асобы. Калі нехта можа дазволіць сабе хлусіць, то што мы можам зрабіць? Дзеці ўсё адно даведаюцца праўду.
— Ці ёсць якія-небудзь змены ў праграмах па беларускай літаратуры?
— Цяпер я выкладаю ў 10-м класе, а там бліскучы падручнік па беларускай літаратуры. Ён напісаны добрым аўтарскім калектывам. Безумоўна, як любы падручнік, ён патрабуе дадатковай інфармацыі з іншых крыніц.
Што тычыцца праграмы, я яе не пераглядала, яна заўсёды была дастаткова спакойная, тыя, хто не пажаданы, іх асабліва і не было там. Таму не думаю, што нешта кардынальна памянялася.
— Можа быць, верш «Пахне чабор» выключаць з праграмы?
— Яго ўжо адзін раз з праграмы спрабавалі выключыць, але потым вярнулі назад. Верш Броўкі цудоўны. Мы нічога іншага пра яго не ведаем, акрамя таго, што гэта лірыка Петруся Броўкі. За што яго выключаць?
Гэта ведаеце як анекдот, калі Чукоўскага выклікалі да Сталіна. У кабінеце Сталін, Берыя, іншыя людзі. І на Чукоўскага пачалі крычаць: «Каго вы мелі на ўвазе ў сваёй казцы «Тараканішча»?» Ён адказаў: «Я меў на ўвазе таракана, а вы, таварыш Берыя?»
-
В западной науке растет интерес к Беларуси. Но из препятствий не только матрешки и чебурашки
-
Ольга Лойко: Все идет к тому, что Беларусь не придется присоединять силой — она сама упадет в руки России
-
Почему Лукашенко хочет принять участие в переговорах по Украине и каких гарантий безопасности попросит?
Комментарии