У чацвер, 8 чэрвеня, у Брытаніі праходзяць пазачарговыя выбары ў ніжнюю палату парламента. Выбарчыя ўчасткі адкрыты з 7:00 па лонданскім часе (09:00 па Мінску).
За апошнія тры гады гэта ўжо трэцяе агульнанацыянальнае галасаванне ў Брытаніі: папярэднія парламенцкія выбары адбыліся ў 2015 годзе, а летам 2016 года ў краіне прайшоў рэферэндум аб членстве Брытаніі ў ЕС.
Галоўныя тэмы чэрвеньскіх усеагульных выбараў у Брытаніі — «брэксіт» і сацыяльна-эканамічная палітыка.
Аб правядзенні пазачарговых выбараў у ніжнюю палату парламента ў красавіку абвясціла прэм'ер-міністр Тэрэза Мэй. Яна патлумачыла датэрміновыя выбары імкненнем да стабільнасці ў сітуацыі, калі краіна пачала перамовы аб выхадзе з Еўрапейскага саюза.
Галоўнымі прэтэндэнтамі на 650 месцаў у Палаце абшчын (ніжняя палата парламента) з'яўляюцца прадстаўнікі кансерватараў, лейбарыстаў, ліберал-дэмакратаў, Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства і Партыі незалежнасці Шатландыі (найбуйнейшая фракцыя пасля кансерватараў і лейбарыстаў). Таксама ў выбарах удзельнічаюць Зялёныя, Валійская «Плайд Камры» («Партыя Уэльса») і чатыры паўночнаірландскія партыі: Дэмакратычная юніянісцкая, Сацыял-дэмакратычная лейбарысцкая, юніянісцкая партыя Ольстэра і Шын Фейн.
Сістэма выбараў у Брытаніі — выключна мажарытарная, г.зн. усе члены Палаты абшчын абіраюцца ў аднамандатных акругах, прычым у адзін тур.
Комментарии