75 лет назад был расстрелян нацистами глава Христианской демократии ксендз Годлевский
У нядзелю актывісты руху «Разам» і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі сабраліся ля крыжа Гадлеўскага ў Трасцянцы.
Айца Вінцэнта Гадлеўскага гестапаўцы арыштавалі ў ноч перад Раством — 24 снежня 1942 года. Пасля мшы, ад самага касцёла, яго павезлі ў Трасцянец і забілі.
Вінцэнт Гадлеўскі — выбітны ідэолаг беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя. Удзельнік Усебеларускага з’езду 1917 года. Сябар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Нарадзіўся Вінцук Гадлеўскі 16 лістапада 1888 года ў Шурычах, вёсцы ля мястэчка Поразава на Гарадзеншчыне.
Ужо ў юнацтве Вінцук вырашыў стаць ксяндзом — і ў 1912 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю, а ў 1916-ым — Пецярбургскую духоўную акадэмію. У ліпені 1914-га быў высвечаны на святара — за два месяцы да пачатку Першай сусветнай вайны.
Яшчэ студэнтам Вінцук Гадлеўскі стаў нефармальным лідарам у беларускім гуртку.
З 1918 года ў Менску Вінцэнт Гадлеўскі пачаў служыць імшу ў катэдры з казанямі па-беларуску. Высланы касцёльным кіраўніцтвам у Нясвіж, выкладаў у нясвіжскай беларускай семінарыі.
У 1924 годзе, прызначаны ў парафію Жодзішкі ля Смаргоні — і за два гады абудзіў тысячы беларусаў да нацыянальнай свядомасці. У выніку ў 1927 годзе быў арыштаваны палякамі «за антыдзяржаўную дзейнасць» і два гады правёў у віленскай турме на Лукішках.
З 1929 года ксёндз Гадлеўскі — у Вільні. Служыць капеланам у шпіталі. Перакладае на беларускую мову Новы закон (выдадзены ў 1939 годзе). Рэдагуе газету «Беларуская крыніца».
У 1936 годзе, калі партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя была ператвораная ў Беларускае народнае аб’яднанне, нязгодны Гадлеўскі стварыў уласны рух — «Беларускі Фронт».
З пачаткам Другой сусветнай вайны — у Коўне, Варшаве, затым у Берліне.
Гадлеўскага ўсё ягонае жыццё мучылі палякі, і ён спадзяваўся, што беларусы змогуць здабыць незалежнасць з апорай на немцаў. Ён жорстка памыляўся.
Гадлеўскі вяртаецца ў Беларусь у 1941 годзе, становіцца галоўным інспектарам беларускіх школаў, адкрывае і беларусізуе касцёлы. Аднак нямецкая акупацыя аказалася яшчэ горшая за польскую. Гадлеўскі, імаверна, уваходзіць у кантакт з эмісарамі з Лондана. Інфармацыя пра тое трапляе нацыстам.
Трасцянец — месца, дзе былі закатаваныя дзясяткі тысяч габрэяў, камуністаў, падпольшчыкаў. Там скончыўся і зямны шлях хрысціянскага дэмакрата ксяндза Гадлеўскага.
У Шурычах захавалася хата Гадлеўскіх. Цяпер там замацаваны плакат з ягоным жыццяпісам і бел-чырвона-белай стужкай.
Комментарии