Цёмныя вокны
Няма розніцы, ідэалогія рухае разбуральнікамі ці камерцыйны разлік. Камертон Сяргея Ваганава.
29.01.2012 / 00:55
Мінскія ўлады вырашылі ўпрыгожыць горад помнікамі, прысвечанымі розным гістарычным падзеям і асобам. Спіс выкладзены на сайце гарвыканкама, кожны можа пазнаёміцца з ім і нават прагаласаваць, ці то за першага мінскага князя Глеба, ці то за Пятра Машэрава... Галоўнае ж месца адведзена мемарыяльнай кампазіцыі «1000¬годдзе беларускай дзяржаўнасці», пералічаны нават дзеячы, якія ўсталёўвалі гэту дзяржаўнасць, — ад Усяслава Чарадзея да Івана Шамякіна ды многіх іншых... Паколькі кожнаму з гэтага велізарнага спіса надаць выгляд помніка немагчыма, прапануецца стварыць нейкі абагульнены, збіральны вобраз, які «позволит создать в столице значимый познавательный туристический объект...».
Такі вось «план манументальнай прапаганды»...
Не ведаю, як суаднясецца з гэтым планам камень, які паўстагоддзя таму ўсталявалі на невялічкай плошчы ля Заходняга моста.
Узвышалася на гэтай плошчы, за зялёным, здаецца, плотам, драўляная цэркаўка. Хлопчыкам я заходзіў у гэту цэркаўку, душа замірала ад песнапенняў ды таямнічай раскошы...
Потым царкву знеслі. А на плошчу прывезлі камень.
Праходу да кветніка, дзе хаваецца камень, цяпер няма. Ухіляючыся ад аўто, я ўсё ж дабраўся да яго, прачытаў ледзь бачныя літары: «Здесь будет установлен памятник Александру Мясникову, видному деятелю Коммунистической партии».
Будзе ўсталяваны...
Вось і скажыце цяпер, што ў будучыні няма мінулага.
А ў мінулага будучыня ёсць?
Я адказаў бы, што ёсць, каб не тая цэркаўка.
Ды не цёмныя вокны.
Я ўбачыў іх зусім выпадкова, калі ў чаканні зялёнага святлафора на праспекце Незалежнасці немаведама чаму ўзняў вочы ўгору. Зіхацелі ліхтары, бруілася падсвечанае паветра... Толькі не свяцілася цёплым хатнім агеньчыкам аніводнае акно ў дамах па абодва бакі праспекта, праўда, чамусьці на двух ці трох апошніх паверхах...
З таго даволі даўняга часу кожны раз, калі позна ўвечары рухаюся ўздоўж праспекта, я гляджу на тыя вокны.
Але святла там няма.
Чаму так? Хто ведае. У мяне сваё тлумачэнне: жыхары ці сышлі ў нябыт, ці кудысьці далёка з’ехалі... Рыэлтары гавораць, што лепшыя кватэры ў цэнтры скупляюць заможныя расіяне. Але самі тут не жывуць, чакаюць, пакуль іх цана наблізіцца да цаны кватэр за маскоўскімі вокнамі...
Няма пераліку тых, хто ў розныя часы па розных разбуральных абставінах знік з твару мінскай зямлі, пакінуўшы пасля сябе цёмныя вокны...
...Не ведаю, ці галасавала за які-небудзь помнік са звышзгаданага спіса жанчына сярэдняга ўзросту, у старамодных акулярах, падобна, настаўніца, якую я сустрэў ў завулку, дзе яшчэ месцяцца польскае пасольства і Дом літаратараў. Рыпеў у паваротах высачэзны кран, аднекуль з вышыні сыпаліся іскры зваркі...
«Вось бачыце, — сказала жанчына. — Ужо сюды дабраліся... А такі прыгожы домік стаяў, сад... Я на Бранявым жыву, тут недалёка. Дык ужо і да нас прыходзілі, пойдзем, мусіць, пад знос...»
Так, я ведаў гэты «домік», дзе доўгі час існаваў Саюз журналістаў, а да таго хтосьці жыў.
Але і гэты домік напаткаў трагічны лёс знікнення з твару мінскай зямлі...
Зніклі з твару мінскай зямлі старыя дрэвы Цэнтральнага дзіцячага парку. І маладзейшыя дрэвы іншага парку, аддадзенага кітайцам пад будаўніцтва гатэля «Пекін»...Знікла з твару мінскай зямлі старадаўняя электрастанцыя, якая асвятляла ацалеўшыя мінскія вокны пасля вайны... Няма пераліку таго, што ў розныя часы знікла і зараз знікае з твару мінскай зямлі. Няма больш спрадвечнага Горада. Ёсць толькі месца, дзе ён калісьці быў...
Што ж, скажа нехта, ідзе час, старое саступае новаму, сучаснаму.
Магчыма, і так.
Але якая смяротная хада ў гэтага «новага, сучаснага»! Як руйнуе яно тое, што не паспелі зруйнаваць вайна і бальшавіцкая навалач! Як нахабна шчэміцца паміж тым, што яшчэ засталося, надаючы яму выгляд фальшывай дэкарацыі ў марным спадзяванні на незлічоных замежных турыстаў...
І тут няма розніцы, ідэалогія рухае разбуральнікамі ці камерцыйны разлік.
...Калі б у мяне сапраўды спыталі, якога помніка не хапае роднаму гораду, я адказаў бы: Мінскаму Старажылу.
Чалавеку... Доміку... Дрэву...
Такі вось атрымліваецца збіральны вобраз.
Але каму ж яшчэ ставіць помнікі, як не таму, хто зусім знік?..
Глядзець таксама:Сяргей Ваганаў. Наменклатурнае паліто
Сяргей Ваганаў. Пераходны перыяд
Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю
Сяргей Ваганаў. Калгасная праўда
Сяргей Ваганаў. Божы дар і яечня, ці Правадыр на раялі
Сяргей Ваганаў. Вайна пад дахамі, альбо Кампот з восеньскіх дзіячак
Сяргей Ваганаў. Суддзя Стук і пракурор Стук
Сяргей Ваганаў. Разруб, ці Візітоўка ад Расіі.