Дамы якіх галівудскіх зорак згарэлі ў страшных лясных пажарах у Лос-Анджэлесе ФОТЫ

Дом Энтані Хопкінса згарэў дашчэнту, Лэдзі Гага вымушана была эвакуявацца. Але не толькі яны. Кадры з месцаў нагадваюць фільмы пра апакаліпсіс.

09.01.2025 / 19:02

Галівудская кінапрадзюсарка Мэган Манція разам са сваім хлопцам Томасам глядзяць на свой знішчаны ў агні лясных пажараў дом. Фота: Ethan Swope / AP Photo

Як паведамляюць агенцтвы Reuters, Al Jazeera, The Nightly і іншыя, шматлікія амерыканскія знакамітасці пацярпелі ад страшных па маштабах лясных пажараў, якія ўспыхнулі днямі ў Лос-Анджэлесе і прыгарадах, закрануўшы багатыя раёны.

Сярод пацярпелых зорак, якія былі вымушаныя эвакуявацца са сваіх дамоў, — Пэрыс Хілтан, Лэдзі Гага, Майлі Сайрус. У зону эвакуацыі таксама трапілі дамы Стывена Спілберга, Тома Хэнкса, Брэдлі Купера, Бена Афлека, Джэніфер Эністан, Адама Сэндлера і Уіла Сміта.

Свае дамы праз пажары цалкам страцілі акцёры Адам Броўдзі (зорка мінулагодняга серыяла «Ніхто гэтага не хоча») і яго жонка Лейтан Містэр, Джэймс Вудс, Даян Уорэн, Джэймі Лі Керціс, Кэмеран Мэцісан, Мэндзі Мур і іншыя. Пажар знішчыў і дом вядомага акцёра Энтані Хопкінса коштам 6 млн даляраў.

Акрамя таго, у зону бедства трапіў дом былой суперніцы Дональда Трампа на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах у ЗША Камалы Харыс.

Згарэў дом сына Байдэна — Хантэра Байдэна. Дом ацэньваўся ў 4,2 млн даляраў. Сын амерыканскага прэзідэнта сам там не жыў, а здаваў нерухомасць у арэнду амаль за 16 тысяч даляраў у месяц. 

Дамы знакамітасцяў у раёне Pacific Palisades, што паміж Санта-Монікай і Малібу, ахінуты полымем. Фота: Mark J. Terrill / AP

Згарэлы дом акцёра Энтані Хопкінса. Фота: BackGrid / Vida Press

Лясныя пажары ў Лос-Анджэлесе і прыгарадах. Спадарожнікавы здымак Maxar

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў рэжым маштабнай стыхійнай бяды ў штаце Каліфорнія і загадаў аказаць федэральную дапамогу ў дадатак да намаганняў мясцовых уладаў па аднаўленні раёнаў, пацярпелых ад лясных пажараў. Байдэн таксама адклаў запланаваны візіт у Італію, каб засяродзіцца на аказанні дапамогі ў сувязі з пажарамі.

Пажары, якія назвалі найбуйнейшымі ў гісторыі Каліфорніі, выпалілі тысячы гектараў зямлі ў Лос-Анджэлесе і прыгарадах. Пяць чалавек загінулі, 100 тысяч чалавек былі эвакуяваныя, 1100 будынкаў згарэлі дашчэнту, яшчэ сотні тысяч засталіся без электрычнасці. Меркаваная шкода ад стыхійнага бедства ўжо ацэньваецца ў звыш 50 мільярдаў даляраў.

У навагоднюю ноч у Беларусі загінулі на пажарах тры чалавекі

«Ніякага апавяшчэння не было». Беларусы расказалі, як перажылі найбуйнейшую за паўстагоддзя паводку ў Іспаніі

Зрывала дахі, тапіла машыны: беларуска — пра жыццё ў Фларыдзе пасля ўрагану

Nashaniva.com