Пратасевіч: Абмяркоўвалі з Бабарыкам Трампа і беларускую апазіцыю

Учора прапагандысты ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку — пра былога банкіра не было нічога вядома амаль два гады. Раман Пратасевіч, якога пусцілі да палітвязня, сёння апублікаваў новы кароткі пост пра сустрэчу.

09.01.2025 / 11:15

Пратасевіч расказвае, што ўчора да яго паступіла шмат пытанняў з нагоды сустрэчы.

Але падрабязнасці сустрэчы Пратасевіч раскрываць адмаўляецца — «у тым ліку па просьбе самога Віктара Дзмітрыевіча», — сцвярджае Пратасевіч. 

Паводле яго слоў, яны размаўлялі з Бабарыкам «на розныя тэмы».

«Абмяркоўвалі нашы і сусветныя навіны. Размаўлялі, напрыклад, пра геапалітыку і пра прыход Трампа назад да ўлады ў ЗША. На яго думку, усё можа істотна памяняцца. Закранулі і тэму апазіцыі. Я ахарактарызаваў бягучую сітуацыю, на што ён адказаў мне казкай Пушкіна пра рыбку і рыбака. А яшчэ мы шмат жартавалі», — піша Пратасевіч. 

З нагоды напісання прашэння аб памілаванні Пратасевіч што-небудзь каментаваць адмовіўся. «Гэта справа асабіста Віктара Дзмітрыевіча і яго блізкіх», — напісаў Пратасевіч.

Віктар Бабарыка, які ў маі 2020 года заявіў пра намер балатавацца, знаходзіцца за кратамі з 18 чэрвеня 2020 года, калі быў арыштаваны разам з сынам Эдуардам.

Праз год, у ліпені 2021 года, ён быў асуджаны на 14 гадоў.

Каманда зверху зрабіць рэжым утрымання максімальна строгім прыйшла адносна Бабарыкі прыкладна ў лютым 2023 года. Да яго перасталі пускаць адваката.

25 красавіка 2023 года Віктара Бабарыку з калоніі павезлі ў шпіталь. Паводле інфармацыі, перададзенай журналістам працаўнікамі бальніцы, 27 красавіка палітык быў у хірургічным аддзяленні ў стане сярэдняй цяжкасці. Пазней праваабаронцам стала вядома, што Бабарыку перавялі ў турэмны шпіталь пры СІЗА № 1 у Мінску. Пазней Віктара Бабарыку вярнулі ў калонію.

Паводле сведчання былога палітвязня, вясну і лета 2023 года Бабарыка правёў у калоніі ў ПКТ, у поўнай ізаляцыі ад іншых вязняў. След Віктара Бабарыкі цалкам згубіўся ў лістападзе 2023-га, калі яго бачылі ў калідоры ПКТ.

Пратасевіч ездзіў да Бабарыкі ў калонію некалькі разоў

Экстрэміст, схільны да агрэсіі і захопу закладнікаў. Што азначаюць лічбы на жоўтай бірцы Віктара Бабарыкі

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку

Былы палітвязень пра Бабарыку: Гадзіннікі ўсім дазваляюць, а вось такая роба — паказуха

Ціханоўская: Пабачыць тых, хто знаходзіўся ў інкамунікада — велізарная палёгка

Nashaniva.com