З-за пажараў у Каліфорніі эвакуацыяй закранутыя больш за 100 тысяч чалавек
Усё больш людзей вымушаныя пакідаць свае дамы з-за пажараў у раёне Лос-Анджэлеса. Больш за 52 000 жыхароў Пасадэны ўжо атрымалі загад аб эвакуацыі, а больш за 46 000 папярэджаныя пра неабходнасць рыхтавацца да яе, паведамляе Bild.
08.01.2025 / 17:46
Да гэтага дадаюцца звыш 30 000 жыхароў раёна Пасіфік Палісейдс, якія некалькі гадзін таму былі вымушаныя пакінуць свае дамы на пагорках на паўночны захад ад Лос-Анджэлеса. Жыхары раёна Сан-Флорэс у Малібу таксама атрымалі загад аб эвакуацыі. Дакладная колькасць пацярпелых у гэтым раёне пакуль невядомая.
У агульным ліку эвакуацыя закранае значна больш за 100 000 чалавек.
Нацыянальная метэаралагічная служба настойліва заклікае пацярпелых сур'ёзна ставіцца да папярэджанняў і інструкцый.
Пажарная служба Лос-Анджэлеса папрасіла ўсіх пажарнікаў, якія знаходзяцца не на дзяжурстве, з'явіцца на месца здарэння. Яны патрэбныя ў якасці падмацавання для барацьбы з спусташальнымі пажарамі, для замены дзейных сіл і камплектавання аховы.
Прадстаўніца пажарнай аховы Маргарэт Сцюарт сказала:
«Мы вельмі рэдка робім гэта. Я служу 19 гадоў і ўпершыню сутыкаюся з чымсьці падобным».
Лясныя пажары ахапілі захад Лос-Анджэлеса, жыхароў заклікалі эвакуявацца
У Лас-Вегасе каля вежы Трампа выбухнула Tesla Cybertruck
За снежань на пажарах у Беларусі загінулі 62 чалавекі