Палітвязень Аўтуховіч зноў пабываў у ШІЗА, яму не перадаюць лекаў

Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу 7 студзеня споўнілася 62 гады. Выглядае, перад Новым годам яго чарговы раз пакаралі ШІЗА, пра што абазнаная ў справах палітвязня крыніца робіць выснову з ягонага апошняга ліста, піша «Радыё Свабода».

07.01.2025 / 17:01

Мікалай Аўтуховіч

«З санаторыя я ўжо прыехаў, усё нармальна. Беражыце сваё здароўе, не хвалюйцеся за мяне. Духоўна я гатовы да любых выпрабаванняў, я з усім спраўлюся. Гэта мой шлях, дадзены мне Богам, і я яго прайду», — напісаў Мікалай Аўтуховіч і павіншаваў сваякоў з Новым годам і Калядамі.

Ліст ад Мікалая быў напісаны 22 снежня, а прыйшоў нядаўна. Гэта не ўпершыню, калі пра ШІЗА Аўтуховіч паведамляе з дапамогай слова «санаторый».

Крыніца адзначае, што пры гэтым Мікалай Аўтуховіч не скардзіцца, а знаходзіць у сабе сілы падбадзёрыць іншых.

«Перадаць вам маю сілу духу магу толькі праз маральную падтрымку, што і спрабую зрабіць. Не сумуйце, усміхніцеся!» — звяртаецца Мікалай Аўтуховіч да сваякоў.

Паводле крыніцы, у снежні сваякі паслалі палітвязню медыцынскую бандэроль, але да адрасата яна не дайшла і была вернутая. Нядаўна сваякі выслалі Аўтуховічу новую бандэроль з лекамі. Па звестках ад палітвязня, у яго ад хваробы суставаў пухнуць ногі, яму патрэбныя спэцыяльныя прэпараты.

Мікалая Аўтуховіча перыядычна змяшчаюць у ШІЗА, а прычыны пакарання застаюцца невядомымі. У лістападзе 2024 года палітвязень паведамляў сваякам, што адбыў 21 дзень у ШІЗА, дзе яму толькі зрэдку аказвалі медыцынскую дапамогу. Паводле Аўтуховіча, у ягонай камеры было вельмі холадна, толькі пад канец тэрміну там адрамантавалі ацяпленне.

Таксама палітвязень паведамляў, што ў яго адабралі танометр, хоць меўся дазвол на карыстанне гэтым прыборам для вымярэння ціску. Пасля той адседкі ў ШІЗА Мікалай Аўтуховіч перадаў на волю, што «калі з ім штосьці здарыцца, дык гэта было зроблена спецыяльна».

З пачатку снежня 2020 года Мікалай Аўтуховіч адбывае ўжо трэцяе ў сваім жыцці зняволенне. Усяго, паводле падлікаў сваякоў, палітвязень адзначыў у вязніцах 10 навагодніх святаў і 9 дзён нараджэння.

Паводле прысуду Гродзенскага абласнога суда Мікалай Аўтуховіч атрымаў 25 гадоў зняволення і грашовы штраф у 1000 базавых велічынь, а таксама пазбаўленне звання прапаршчыка ў адстаўцы. Першыя 5 гадоў зняволення былы прадпрымальнік і праваабаронца мусіць адбыць у турме, астатнія 20 гадоў — у калоніі строгага рэжыму. Суд назваў Аўтуховіча вінаватым паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў стварэнні злачыннай групоўкі і акце тэрарызму. Сваёй віны Мікалай Аўтуховіч не прызнаў, падчас працэсу ён трымаў галадоўку пратэсту. Вярхоўны суд Беларусі ў выніку разгляду апеляцыйнай скаргі Аўтуховіча вызваліў яго ад адбыцця пакарання паводле аднаго з абвінавачанняў, але агульны тэрмін зняволення пакінуў без зменаў.

Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязнем.

Палітвязень Аўтуховіч: Калі са мной нешта здарыцца, дык гэта спецыяльна

Асуджанага на 19 гадоў па справе Аўтуховіча палітвязня асудзілі па іншым артыкуле

З траіх фігурантаў «справы Аўтуховіча» спагналі кампенсацыю «нанесенай шкоды»

Кандыдата ў Каардынацыйную раду ад «Народнай Грамады» выкінулі са спісу, бо ён даносчык. Стукаў на Аўтуховіча

Nashaniva.com