Як правільна выбраць бальзам для губ 

Узімку скура вуснаў абветрываецца, мароз яе перасушвае, яна трэскаецца. Каб выправіць сітуацыю, мы выкарыстоўваем бальзам для губ. Але ёсць свае нюансы.

07.01.2025 / 21:29

Фота: Getty Images

Спецыялісты тлумачаць, што скура на губах вельмі тонкая, таму мае патрэбу ў дадатковай абароне. Бальзам для губ сапраўды адзін з самых зручных сродкаў для стварэння такога ахоўнага слою.

Аднак некаторыя бальзамы могуць, наадварот, узмацняць сухасць і раздражненне, што прымушае наносіць іх зноў і зноў. Таму важна ведаць, якія інгрэдыенты шукаць у складзе, а якіх — пазбягаць.

Чаму губы сохнуць?

На губах няма ні валаскоў, ні тлушчавых залозаў, ні шчыльнага пласта арагавелых клетак, якія ёсць на іншых участках скуры. Гэта робіць іх адначасова мяккімі і адчувальнымі.

Калі губы падвяргаюцца ўздзеянню ўльтрафіялету, забруджанага паветра, экстрэмальных тэмператур або пэўных прадуктаў ці напояў, яны становяцца сухімі і раздражнёнымі. Звычка аблізваць губы пагаршае праблему, бо ферменты ежы, якія ўтрымліваюцца ў сліне, могуць выклікаць раздражненне.

Як абраць бальзам для губ?

Добры бальзам павінен утрымліваць інгрэдыенты, якія ўвільгатняюць губы, змякчаюць і сілкуюць, робячы іх далікатнымі і гладкімі, а таксама ствараюць ахоўны бар'ер, які прадухіляе выпарэнне вільгаці і мінімізуе негатыўнае ўздзеянне ветру, сухога паветра і марозу.

Дэрматолагі рэкамендуюць шукаць у складзе бальзамаў для губ такія кампаненты, як касторавы алей, гліцэрын, вазелін, кераміды, канапляны алей, дыметыкон і алей шы. Акрамя гэтага, патрэсканыя губы эфектыўна сілкуюць такія натуральныя алеі, як какосавы, аліўкавы або алей авакада.

Калі вам зімой даводзіцца часта быць на дварэ, выбірайце бальзамы з SPF 30 або вышэй. Гэта абароніць губы ад ультрафіялету, які выклікае сухасць, апёкі і нават павялічвае рызыку раку скуры.

Якія дадаткі ў бальзамы для губ нядобрыя?

Хаця многія любяць адчуванне прахалоды ад кампанентаў накшталт ментолу, алею перачнай мяты або камфары, па словах спецыялістаў, іх прысутнасць у складзе бальзаму можа выклікаць раздражненне скуры.

Таксама варта пазбягаць араматызатараў, смакавых дабавак, алею эўкаліпта, саліцылавай кіслаты і ланаліну (які быў прызнаны алергенам 2023 года па версіі Амерыканскага таварыства кантактнага дэрматыту).

Хоць такія інгрэдыенты могуць на некаторы час супакоіць губы, яны часта пагаршаюць праблему, з-за чаго даводзіцца карыстацца бальзамам усё часцей.

Фота: Grace Cary / Getty Images

Іншыя спосабы абароны губ

Разам з выкарыстаннем бальзаму, прадухіліць патрэскванне губ можа падтрымка воднага балансу. Піце больш вады, выкарыстоўвайце ўвільгатняльнік паветра і наносьце перад сном бальзам для губ з інгрэдыентамі, якія іх увільгатняюць, такімі як вазелін ці алей шы. Калі скура на губах лушчыцца, не зрывайце яе, бо гэта толькі пагоршыць праблему.

Калі губы застаюцца вельмі сухімі і патрэсканымі нават пасля некалькіх тыдняў выкарыстання бальзаму з інгрэдыентамі, якія не павінны выклікаць раздражненне, варта памяняць яго або звярнуцца да дэрматолага. Асабліва, калі з'яўляюцца коркі ў кутках рота ці губы баляць альбо свярбяць.

Гэта могуць быць прыкметы алергіі ці інфекцыі, выкліканай грыбкамі ці бактэрыямі. У такіх выпадках доктар зможа прызначыць неабходныя лекі.

«Вусны д'ябла». Новы трэнд у касметалогіі шакуе ФОТЫ

Топ касметычных прадуктаў made in Belarus, якія можна выкарыстоўваць у штодзённым макіяжы 

Ніякага вазеліну! Касметолаг раіць, як выбраць крэм на зіму

Nashaniva.com