Стала вядома пра вызваленне 24-гадовай настаўніцы кітайскай мовы Дар'і Хмяльніцкай
Дзяўчыне прысудзілі 5,5 года калоніі за падтрымку Украіны і ўдзел у пратэстах. За кратамі яна правяла трохі больш за год.
07.01.2025 / 10:36
Дар'я Хмяльніцкая. Фота: з апошняга званка
24-гадовая экс-палітзняволеная Дар’я Хмяльніцкая знаходзіцца на свабодзе. Паводле інфармацыі Беларускага ПЭНа, дзяўчына вызвалілася па памілаванні ў снежні 2024 года.
Дар’я Хмяльніцкая родам з Мінска. Пасля заканчэння гімназіі яна паступіла на філфак БДУ на спецыяльнасць «усходняя філалогія», вучыла кітайскую мову. Яе дыплом быў прызнаны адным з найлепшых дыпломаў філфака 2022-га.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Дар'я пайшла працаваць у сваю альма-матэр, 23-ю гімназію ў Мінску, дзе выкладала кітайскую мову. Таксама яна паступіла ў магістратуру філфака БДУ.
Дар'я Хмяльніцкая
Затрымалі яе ў кастрычніку 2023 года, абвінаваціўшы па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях).
Суддзя Алена Ананіч прысудзіла Хмяльніцкай 5 гадоў і 6 месяцаў зняволення. Апеляцыя нічога не змяніла, і ў жніўні 2024 года дзяўчына трапіла ў гомельскую калонію, дзе правяла да вызвалення каля чатырох месяцаў.
Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе
БТ паказала Зянковіча, каб той звярнуўся да Трампа і Харыс з просьбай забраць яго
Вызваленыя па памілаванні Паліна Палавінка і Дзмітрый Лукша пераехалі ў Польшчу