Прэс-сакратарка Ціханоўскай: Офіс не меў дачынення да прызначэння кіраўніцтва «Белсата»
Журналіст Сяргей Падсасонны, які ўчора абвесціў, што пакідае тэлеканал «Белсат», у сваёй заяве ў фэйсбуку напісаў, што да прызначэння новай дырэктаркі канала Аліны Коўшык былі датычныя дарадца і намеснік Ціханоўскай.
06.01.2025 / 19:45
Аліна Коўшык, новая кіраўніца «Белсата». Фота: «Наша Ніва»
Прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна сёння заявіла, што Офіс Ціханоўскай не меў дачынення ні да прызначэння кіраўніком «Белсата» Аляксея Дзікавіцкага ў сакавіку 2024 года, ні Аліны Коўшык у лістападзе 2024-га.
«Гэта было рашэнне польскага тэлебачання, да якога фармальна належыць і «Белсат». Гэтаксама мы ніколі не ўмешваліся ў пытанні ўнутранай ці рэдакцыйнай палітыкі «Белсата», і не каментавалі унутраныя працэсы, незалежна ад таго, хто быў кіраўніком канала.
Камунікацыя паміж Офісам Святланы Ціханоўскай і МЗС Польшчы цягам 2024 года вялася пра агульную падтрымку «Белсата», захаванне брэнду, спадарожніка, калектыву, і каардынавалася з кіраўніцтвам «Белсата», Аляксеем Дзікавіцкім у прыватнасці.
Неаднаразова кіраўніцтва «Белсата» звярталася да Офісу і Кабінета з просьбай аб падтрымцы для «Белсата», і пры кожнай магчымасці мы рэагавалі, падымалі пытанні падтрымкі для «Белсата», як на сустрэчы з прадстаўнкіамі польскага ўраду, так і парламенту», — паведаміла Красуліна.
Аліна Коўшык узначаліла канал у снежні. Дагэтуль яна была прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета. Да Кабінета Коўшык працавала на «Белсаце» 15 гадоў.
Коўшык пра звальненне Кулея: Яго заявы не адпавядаюць рэчаіснасці і шкодзяць рэпутацыі канала
«Гэта больш не зона свабоды і праўды». Сяргей Падсасонны пакідае «Белсат»