Знакамітая беларуская пісьменніца расказала, як перастала быць феміністкай

«Мне вельмі шкада мужчын», — кажа Святлана Курc. Яна распавяла таксама, чаму ёй цяпер няёмка сустракацца з заходнімі чытачамі. 

05.01.2025 / 13:33

Пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец). Скрын відэа: freekuhar / YouTube

«Я была страшэнная феміністка, калі была вельмі маладой жанчынай, калі мне было 20—30 гадоў. Я перастала быць феміністкай ab ovo (з лацінскай — «ад яйка», што азначае «з самага пачатку». — НН), калі пачула крык мужчын, бітых на Акрэсціна», — заўважыла пісьменніца Святлана Курс (яе творчы псеўданім — Ева Вежнавец) у новым выпуску ютуб-канала «Перетрём с Халезиным».

«Так, жанчыны жывуць даўжэй. Жанчыны вытрымліваюць болей, лягчэй пераносяць боль, нясуць большую ношу. Гэта праўда. І больш вынослівыя фізічна. Але мужчыны… Мне іх вельмі шкада. Я іх вельмі палюбіла. Беларускіх мужчын асабліва», — прызналася пісьменніца.

У час размовы ў яе спыталі, што каштоўнага можа даць беларуская культура свету. На гэта пытанне пісьменніца спачатку жартаўліва адказала: «Нічога. Таму што яна не павінна», — а пазней метафарычна патлумачыла:

«Беларусы — вельмі шляхетныя людзі. Яны не ўваходзяць у чужыя межы і не пускаюць нікога ў свае межы. Як сказаў нябожчык Міхал Анемпадыстаў: «Я, да жалю, не пан». Гэта абсалютны маніфест. Добра выхаваны чалавек нічога не будзе іншым прад'яўляць. Ён дачакаецца, пакуль яго заўважаць, ён падзякуе за тое, што яго заўважылі. Але адначасова ён не будзе залежаць ад чужой думкі».

Што заходні чытач можа знайсці ў беларускай літаратуры такога, чаго яму не хапае?

«Я не ўяўляю сабе. Калі мяне возяць цяпер з маёй кніжкай, як цыганы на торг, мне вельмі няёмка. Таму што я нічога не магу прад'явіць. Я ж не для Захаду кніжку пісала».

Святлана Курс: Расейцы зайшлі на сваё апошняе кола

Раман «Па што ідзеш, воўча?» намінавалі на шведскую прэмію

«Людзі хочуць літаратуры пра сябе, і вельмі важна, каб пісьменнікі на гэта рэагавалі». Выдавец Янушкевіч расказаў пра поспехі і праблемы свайго бізнэсу

Nashaniva.com