Беспілотнікі атакавалі расійскі порт Усць-Луга, праз які экспартуюцца беларускія нафтапрадукты

Украінскія беспілотнікі сёння спрабавалі атакаваць адзін з найбуйнейшых у Расіі марскі гандлёвы порт Усць-Луга ў Ленінградскай вобласці, піша выданне Astra.

04.01.2025 / 13:56

Ноччу і раніцай 4 студзеня была зафіксаваная атака ўкраінскіх дронаў над расійскай Ленінградскай вобласцю. Большасць іх, як паведамілі крыніцы Astra, былі збітыя над тэрміналам ТАА «Наватранс» на тэрыторыі марскога гандлёвага порта Усць-Луга.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пашкоджаныя вокны ў адным з будынкаў на тэрыторыі порта, аб'яўлялася эвакуацыя супрацоўнікаў.

Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка паведаміў пра 4 збітыя над Усць-Лугай БПЛА і заявіў, што пацярпелых і пашкоджанняў няма. 

Паводле адкрытых дадзеных, марскі гандлёвы порт Усць-Луга пачаў працу з адкрыцця ў снежні 2001 года вугальнага тэрмінала. Да пачатку 2020-х ён стаў другім па велічыні ў Расіі — пасля Наварасійска. Менавіта гэты порт стаў асноўным для беларускіх нафтапрадуктаў пасля таго, як з-за накладзеных санкцый стала немагчыма выкарыстоўваць парты ў літоўскай Клайпедзе і латвійскім Вентспілсе.

Увогуле Мінабароны Расіі заявіла пра знішчэнне гэтай ноччу і раніцай 16 украінскіх дронаў. Яны былі зафіксаваныя не толькі над Ленінградскай, але таксама над Бранскай, Смаленскай, Белгарадскай і Пскоўскай абласцямі. 

У санкт-пецярбургскім аэрапорце «Пулкава» двойчы ўводзілі абмежаванні на палёты.

За 2024 год у Беларусь заляцелі 395 дронаў з Расіі і Украіны. Большасць з іх — шахеды

СПА Украіны расказала, колькі ракет і дронаў збіла за год

ГУР заявіла, што марскі дрон знішчыў расійскі верталёт Мі-8 у Крыме

У Смаленскай вобласці гарыць нафтабаза пасля атакі беспілотнікаў

Nashaniva.com