Вулічны гандаль рэчамі са згарэлага ГЦ «Беларусь» у Віцебску забаранілі пасля скаргі

Пра тое, што ў Віцебску пасля скаргаў згарнулі гандаль рэчамі са згарэлага ГЦ «Беларусь», якія прадавалі проста на вуліцы, паведамілі ў тыкток-акаўнце vitebsk.live.

27.12.2024 / 21:17

Фота са старонкі ў інстаграме «НЕтыповы Віцебск»

Аўтар акаўнта расказаў, што калі ён прыехаў на месца гандлю, то аказалася, што яго там ужо згарнулі.

«Я пагутарыў з прадаўцамі — яны сказалі, што людзі паскардзіліся, нешта не спадабалася», — паведаміў тыктокер.

Спачатку прадпрымальнікі нібыта чакалі, што ім дадуць дазвол на распродаж задымленага тавару, аднак у выніку ім гэта рабіць забаранілі, бо «ёсць меркаванне, што гэта небяспечна — гандляваць такой прадукцыяй пасля пажару». 

Раней меркавалася, што «дымны кірмаш» працягнецца 6 дзён.

Нагадаем: буйны пажар у ГЦ «Беларусь» у Віцебску адбыўся ўвечары 13 снежня. Пажарныя тушылі яго некалькі гадзін. 

Агульная колькасць пацярпелых склала 20 чалавек. Абгарэлы будынак у цэнтры горада, хутчэй за ўсё, аднаўляць не будуць, а проста знясуць.

Папярэдняй прычынай пажару назвалі няякасна зробленую праводку, няспраўнасць якой прывяла да перагрузкі сістэмы і кароткага замыкання. 

Ці дапамогуць улады прадпрымальнікам, якія пацярпелі ад пажару, не вельмі зразумела. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін у эфіры тэлеканала АНТ казаў, што «хацелася б дапамагчы тым, хто ў гэтым рэальна мае патрэбу», але пры гэтым абвінаваціў прадпрымальнікаў у перабольшванні наступстваў пажару.

«Грабуць вазкамі». У Віцебску прадпрымальнікі са згарэлага гандлёвага цэнтра прадаюць выратаваны тавар на вуліцы

«Скралі тры партсігары, тры курткі». Віцебскі губернатар абвінаваціў прадпрымальнікаў у перабольшванні наступстваў пажару

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні

«Гэтая крама — мой адзіны бізнэс». Што гавораць работнікі гандлёвага цэнтра, які на тым тыдні згарэў у Віцебску

Назвалі папярэднюю прычыну пажару ў віцебскім ГЦ «Беларусь»

Nashaniva.com