Паглядзелі «Гульню ў кальмара — 2». Ці ўдаўся працяг культавай гісторыі?
Netflix прадставіў доўгачаканую прэм’еру — другі сезон легендарнага серыяла пад назвай «Гульня ў кальмара». Мы паглядзелі навінку і можам сказаць, што атрымаўся варты працяг.
28.12.2024 / 07:00
Сон Кі Хун. Фота: кадр з тызера другога сезону
Спачатку невялікі лікбез для тых, хто прапусціў першы сезон «Гульні ў кальмара» і звязаны з ім ажыятаж (як у вас атрымалася?). Гэта праект паўднёвакарэйскіх кіношнікаў, зняты на інвестыцыі стрымінгавага сервісу Netflix.
Сюжэт такі: на закінутым востраве збіраюцца 456 паўднёвакарэйцаў, большасць з якіх маюць гіганцкія даўгі. Удзел у гульні быццам бы мусіць вырашыць іх праблемы, вось толькі хутка высвятляецца, што кошт тваёй перамогі — гэта смерці іншых гульцоў. Лёс кожнага, хто гатовы паўдзельнічаць у гульні, вырашаецца ў серыі карэйскіх дзіцячых гульняў.
Першы сезон серыяла выйшаў восенню 2021-га і выклікаў рэдкасны ажыятаж. Усяго за некалькі тыдняў «Гульня ў кальмара» заняла першае месца ў спісе самых папулярных серыялаў ад Netflix. Былі і кур’ёзы: серыяльны нумар вербавальніка на гульню належыць сапраўднай карэянцы, і пасля прэм’еры яна атрымлівала да 4 тысяч званкоў штодзень — давялося перамантаваць серыял, каб выратаваць жанчыну.
26 снежня Netflix выклаў адразу ўвесь другі сезон «Гульні ў кальмара» — сем серый. У гісторыю вяртаецца галоўны герой — Сон Кі Хун, былы гульняман, які выйграў у першым сезоне ўсю серыю гульняў. Будуць і знаёмыя дэкарацыі, і ўсё той жа ўзровень гвалту, так што разлічвайце сілы.
Фота: кадр з тызера другога сезону
Яшчэ падчас першага сезону стала ясна, што за прыгодамі і жахамі «Гульні ў кальмара» насамрэч хаваецца глыбокі сэнс. Няшчасныя гульцы, гатовыя ахвяраваць жыццём за грошы — алегорыя, праз якую нам паказваюць сутнасць капіталізму і эканамічнай няроўнасці. У гэтай сістэме тыя, хто не мае грошай, змагаюцца за жыццё, і часам для іх мэта апраўдвае сродкі. Тым часам людзі, якія апынуліся на вяршыні харчовага ланцужка, назіраюць за пакутамі слабейшых.
Але не ўсе гатовыя гуляць па гэтых правілах. І калі Сон Кі Хун выбіраецца з вострава са сваім шалёным заробкам у дзясяткі мільёнаў даляраў, ён вырашае, што гульні трэба спыніць. Першы крок — знайсці вярбоўшчыка на гульні, і гэта ў Сон Кі Хуна атрымліваецца. Праўда, з часам ён вырашае, што спыніць гульні можна толькі адным чынам.
Фота: кадр з тызера другога сезону
Другі сезон багаты на ўсё тое, чым зачапіла гледачоў першая частка гісторыі. І нездарма яны маюць падобныя рэйтынгі: напрыклад, на рэсурсе Rotten Tomatoes першы сезон мае рэйтынг 95%, другі — 85%. Рэйтынг другой часткі, мяркуем, падпсаваў у тым ліку фінал сезону, бо аўтары пакідаюць надта шмат абарваных сюжэтных ліній. Але ў 2025-м нас чакае фінальны, трэці сезон «Гульні ў кальмара», і можна спадзявацца, што там будуць усе адказы.
Асобнае задавальненне — тое, што сцэнарысты вярнулі ў гісторыю вядучага гульні ды яшчэ і далі гэтаму персанажу раскрыць сябе. Гэта герой Лі Бён Хона, паўднёвакарэйца, які паспеў паздымацца ў Галівудзе: Лі меў заўважныя ролі, напрыклад, у баевіках «Тэрмінатар: Генэзіс» і «РЭД 2».
Персанаж Лі Бён Хона — ледзь не самы складаны і цікавы ў другім сезоне. Вядучы застаецца такім жа бязлітасным, як і ў пачатку гісторыі, але ў адной з серый ён прымае новае амплуа, супрацьлеглае яго сапраўднай сутнасці, і робіць гэта вельмі пераканаўча. Прыгледзьцеся: і ў новай сваёй ролі вядучы працягвае кіраваць ходам гульні.
Яшчэ адна класная акцёрская праца — Танас (Чхве Сын Хён), былы рэпер, які страціў шмат грошай на крыптавалюце і аб'ядноўвае вакол сябе іншых гульцоў. Метады, з дапамогай якіх Танас змагаецца за жыццё, не пакінуць вас абыякавымі, таксама як і паводзіны шматлікіх іншых гульцоў.
Фота: кадр з тызера другога сезону
Складанасці ў гісторыю дадае тое, што нам раскрываюць асобы некаторых супрацоўнікаў-кілераў — тых, хто распраўляецца з гульцамі, якія прайгралі. Сярод снайпераў у ружовым працуе былая паўночнакарэянка. Некалі яна збегла ў Паўднёвую Карэю і пакінула на радзіме маленькую дачку, а цяпер не можа забіць у сабе спачуванне да гульцоў.
Сон Кі Хун уваходзіць у другі сезон, поўны спадзяванняў, што, каб спыніць гульню, ён мусіць проста знайсці яе арганізатараў. Але замест гэтага Сону, а заадно і нам, прадстаўляюць пытанне, адказу на якое ён не мае. Чаму насамрэч ідзе гульня, хто яе жадае — арганізатары ці самі гульцы?
Фота: кадр з тызера другога сезону
У канцы сезону Сон Кі Хун, здаецца, знаходзіць адказ, але зрабіць высновы ён ужо не можа — выглядае, што няшчасны гулец ужо зрабіўся часткай гэтага свету. І прадмет, які ён прымярае ў фінале сезону, гэта толькі даказвае.
У новым сезоне серыяла «Гульня ў кальмара» можна пабачыць афіцыйны сцяг Беларусі
10 фільмаў, якія не варта прапусціць у 2025-м