Эстонія пачала аперацыю па абароне падводнага кабеля Estlink 1

 Да кабеля накіраваны патрульны карабель.

27.12.2024 / 10:05

Міністр абароны Ханна Пэўкур і галоўнакамандуючы абарончымі сіламі генерал-маёр Андрус Мерыла дамовіліся, што сёння раніцай ваенна-марскі флот пачне абарону падводнага кабеля Estlink 1, які злучае Эстонію і Фінляндыю, з выкарыстаннем патрульных караблёў, піша Delfi.ee.

Міністр абароны Пэўкур падкрэсліў, што дзяржава павінна рэагаваць на такія інцыдэнты, як пашкоджанне кабеля Estlink 2, і пасылаць выразны сігнал аб тым, што ў выпадку атакі на крытычна важную інфраструктуру будуць прыняты канкрэтныя меры.

«Вядома, следства павінна высветліць усе дэталі пашкоджання кабеля Estlink 2 і кабеляў сувязі, але наша задача — неадкладна паказаць, што мы гатовыя абараняць злучэнні паміж Эстоніяй і Фінляндыяй, у тым ліку з выкарыстаннем ваенных сродкаў», — заявіў ён.

Пэўкур дадаў, што ў сувязі з пашкоджаннем Estlink 2 важна захаваць энергетычную сувязь паміж Эстоніяй і Фінляндыяй і забяспечыць абарону крытычна важнай інфраструктуры.

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй

Nashaniva.com