Чаму хобіты жывуць у беларускіх вёсках, а эльфы гавораць старабеларускай. Перакладчык «Валадара Пярсцёнкаў» адказвае на ўсе пытанні

У продаж нарэшце паступіла ў беларускім перакладзе кніга «Вяртанне Караля», заключная частка легендарнай трылогіі Джона Толкіна. Пагутарылі з перакладчыкам Ігарам Куліковым пра выклікі, з якімі давялося сутыкнуцца, пераносячы свет Серадзем’я на беларускую глебу, пасхалкі для беларусаў, і даведалася, пераклад якога твора Толкіна з'явіцца наступным.

28.12.2024 / 18:08

Ігар Кулікоў на прэзентацыі «Валадара Пярсцёнкаў. Вяртанне Караля». Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

Пра выхад чарговай кнігі выдавецтва «Янушкевіч» абвясціла 20 снежня, напярэдадні Калядаў. Гэта першае ліцэнзаванае беларускае выданне самага знакамітага твора ў жанры фэнтэзі. Першая кніга трылогіі «Брацтва Пярсцёнка» ў беларускім перакладзе, зробленым Ігарам Куліковым, пабачыла свет роўна год таму, другая кніга, «Дзве вежы», улетку гэтага года. 

Трэцяя, заключная частка «Вяртанне Караля» ў беларускім перакладзе. Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

Наша Ніва: Ніхто лепш за аўтара і перакладчыка, напэўна, не разумее літаратурны твор. Ці ёсць у вас адказ на пытанне, чаму раман Толкіна дагэтуль выклікае захапленне па ўсім свеце?

Ігар Кулікоў: Не магу быць тут да канца аб’ектыўным, бо прачытаў «Валадара Пярсцёнкаў» яшчэ ў школе, а рэчы, якія ўразілі цябе ў пераходным узросце, часта застаюцца з табой да канца жыцця. Чаму ж гэты твор так уразіў мяне ў 14 гадоў? Напэўна, таму што ён у многім архетыпічны: Толкін змог удала аб’яднаць у адным творы і прыгоду-падарожжа, і асаду горада, і самаахвяраванне героя. 

Гэта не проста кніга, дзе Дабро перамагае Зло — гэта кніга, дзе Зло перамагаюць маленькія, простыя персанажы, з якімі чытачу так проста праасацыяваць самога сябе. Як пісаў Толкін, вялікія падзеі гэтага свету нярэдка прыводзяцца ў рух зусім не вялікімі і магутнымі, але тымі, хто «здавалася б, невядомы і слабы».

НН: Як даўно вас напаткала ідэя перакласці «Валадара Пярсцёнкаў» на беларускую мову?

ІК: Здаецца, у дзясятым класе. Я тады купіў па зніжцы ў «Падпісных выданнях», калі хто яшчэ памятае такую краму на праспекце, «Сільмарыліян» на англійскай. Хацеў, вядома, купіць «Валадара Пярсцёнкаў», але ён каштаваў учацвёра даражэй. І, прачытаўшы «Сільмарыліян», раптам зразумеў, што хачу бачыць Толкінавы творы на беларускай. На той час, а гэта быў 2003 год, яшчэ не было нават першага, пірацкага, перакладу «Валадара Пярсцёнкаў». «Хобіт», дарэчы, выйшаў у 2002 годзе, і я нават рабіў аналіз гэтага перакладу ў якасці сваёй першай курсавой на філфаку БДУ.

«Скажы слова «сябар» і ўваходзь» на Дзвярах Дурына пры ўваходзе ў Морыю. З моўнымі праблемамі сутыкаліся і самі персанажы рамана. Кадр з фільма «Брацтва Пярсцёнка»

НН: Толкін казаў, што «Валадар Пярсцёнкаў» — гэта эсэ па лінгвістычнай эстэтыцы. Свет Серадзем'я вырастае з моў — якую адказнасць гэта ўскладае на перакладчыка?

ІК: Свет Серадзем’я — гэта дасканала выбудаваная лінгвістычная сістэма, якую, шчыра кажучы, немажліва ідэальна перадаць на іншых мовах. Глядзіце: тэкст «Валадара Пярсцёнкаў» умоўна з’яўляецца перакладам з вестрона на англійскую. Мова роханцаў роднасная вестрону, але больш архаічная, таму Толкін перадаў яе стараанглійскай (дакладней, яе заходнемерсійскім дыялектам — гаворкай тых мясцін, адкуль паходзіла яго маці). Мова жыхароў Дола, якой карыстаюцца гномы Адзінокай Гары, калі гавораць не міжсобку, таксама роднасная вестрону, але далейшая ад яго, дзеля чаго Толкін для яе перадачы ўзяў стараісландскую. Усе імёны гномаў з «Хобіта», а таксама і слова «Гандальф» узяты з «Прароцтва Вёльвы», першай паэмы паэтычнай Эды. 

Надпіс на мове Мордара, запісаны на Пярсцёнку агністымі літарамі эльфійскага пісьма старога ўзору. Свет Серадзем’я — гэта дасканала выбудаваная лінгвістычная сістэма. Кадр з фільма «Брацтва Пярсцёнка»

Акрамя таго, ёсць яшчэ мова дунлендзінгаў, з якімі стасаваліся таўсмачы, паўднёвая галіна хобітаў, і ад якіх «набраліся» слоў, перададзеных Толкінам кельцкімі элементамі. Карацей, Толкін пераносіць на старонкі сваёй кнігі тую сумесь моў, якая рэальна існуе ў Англіі. 

У ідэале, перакладаючы англійскую беларускай, перакладчык мусіць «перакласці» і ўсё астатняе: кельцкія элементы, прыкладам, можна было б перадаць балтызмамі, але мне ўсё ж падалося, што гэта будзе перабор.

Таму любы пераклад «Валадара Пярсцёнкаў» — гэта заўжды апраксімацыя пэўнай ступені.

НН: У беларускім перакладзе «Валадара Пярсцёнкаў» здзівіла мова. Яна быццам цалкам зразумелая, але не зусім такая, якой мы карыстаемся сёння, як бы наўмысна ўпрыгожаная. Чаму так?

ІК: Мова, якой напісаны «Валадар Пярсцёнкаў», не кажучы ўжо пра «Сільмарыліян», нават на час выхаду кнігі, адчувалася чытачамі, як крыху архаізаваная.

Добры пераклад мусіць гэта ўражанне архаізаванай мовы ад чытання кнігі захоўваць. Што я і паспрабаваў зрабіць — адсюль такія рэдкія словы, як «вераме», «адылі», старабеларусізмы-паланізмы кшталту «валька» і г. д.

Сучаснай жа гутарковай мовай у кнізе гавораць перадусім хобіты. Кадр з фільма «Брацтва Пярсцёнка»

Сучаснай жа гутарковай мовай у кнізе гавораць перадусім хобіты, за выняткам хіба што Фрода, чыя гаворка больш «кніжная», многія — з парушэннем літаратурных нормаў, што я таксама перадаю праз такія, скажам, формы, як «ходзюць», «саўсім» і падобнае.

НН: Толкін пакінуў інструкцыю па перакладзе свайго рамана. На што аўтар звяртаў увагу перакладчыкаў і ці былі актуальнымі гэтыя парады для беларускага перакладу?

ІК: У цэлым я прытрымліваўся Толкінавых парад, і там, дзе ён раіў перакладаць імя або назву, я перакладаў. Трэба толькі памятаць, што ягоныя парады пісаліся перадусім для германскіх моў. На той час, наколькі я ведаю, існавалі толькі пераклады менавіта на іх, і гэтыя мовы маюць збольшага такія ж словаўтваральныя мадэлі, перш за ўсё асноваскладанне. Для беларускай мовы больш уласцівае афіксальнае словаўтварэнне, таму далёка не заўсёды парады аўтара я рэалізоўваў цот у цот. Прыкладам, назву рэчкі Hoarwell тэарэтычна можна было б перакласці даслоўна як «Шэрань-крыніца», але наколькі такі гідронім натуральны ў беларускай традыцыі? Таму я даў пераклад «Студзянка».

«Уладар Пярсцёнка» — першы неафіцыйны пераклад рамана, выкананы Дзмітрыем Магілёўцавым і Крысцінай Курчанковай.

НН: Сёння «Валадар Пярсцёнкаў» існуе на мностве моў, нават адзін беларускі пераклад ужо існаваў. Ці была нейкая карысць для вашага перакладу ад працы папярэднікаў?

ІК: Як я ўжо казаў, па першым (і пакуль што адзіным) перакладзе «Хобіта» я ў свой час пісаў курсавую. Першы ж пераклад «Валадара Пярсцёнкаў» я, шчыра кажучы, не чытаў: так, першыя старонак сорак. Таму ён мне аніяк не прыдаўся: працуючы над сваім перакладам, я ў яго не зазіраў. Але потым аказалася, што часам мы з папярэднімі перакладчыкамі думалі падобна, і, скажам, імя ўласніка брыйскай карчмы Barliman Butterbur пераклалі амаль аднолькава: яны — як «Ячман Масляк», я — як «Ячмен Масляк».

НН: Вы не вельмі пахвальна казалі пра папулярны рускі пераклад «Валадара Пярсцёнкаў». У чым яго праблема? 

ІК: Напэўна, ідзе гаворка пра, бадай, самы папулярны пераклад Кісцякоўскага і Мураўёва. Ён амбівалентны. З аднаго боку, ён напісаны добрай, сакавітай рускай мовай; чытаць яго — асалода. З другога боку, ён заніжае Толкінаў стыль, дапускае шмат недакладнасцяў, прыкладам, нешта з перакладу выкінулі, а нешта дадалі, і вершы перадае вельмі-вельмі вольна. Найгоршае, напэўна, змена стылю, бо ў выніку ўражанне ад кнігі ў рускамоўнага чытача складваецца зусім не такое, як у англамоўнага.

НН: На фестывалі «Прадмова» вы казалі, што ад выдаўца было патрабаванне асабліва «не выпендрывацца». Ад чаго вы былі вымушаны адмовіцца, але абавязкова б вярнулі, калі б былі больш вольным у сваім перакладзе? 

ІК: У мяне склалася пэўная рэпутацыя ў сувязі з праектам «Свамова». У сваіх творах і перакладах, робленых не на заказ, я часта ўжываю не толькі рэдкую лексіку, але і ўласныя наватворы. Вось гэтага мяне і папрасілі не рабіць. Зрэшты, я і не збіраўся: стараўся ўносіць у пераклад роўна столькі «незвычайнасці», колькі яе ў арыгінале. Ці атрымалася гэта ў мяне, вырашаць чытачам.

Гáндальф — бліжэй да арыгінальнага гучання імя чараўніка. Кадр з фільма «Брацтва Пярсцёнка»

НН: У вашым перакладзе розныя падыходы да перакладу хобіцкіх, эльфійскіх і чалавечых імёнаў і назваў — у чым адрозненне паміж імі? 

ІК: Хобіцкія імёны — гэта, груба кажучы, імёны англійскія, хоць з паходжання могуць належаць да іншых германскіх моў, а таксама да моў кельцкіх. Імёны людзей могуць быць англійскімі (як згаданы вышэй Barliman Butterbur Ячмен Масляк), стараанглійскімі (як усё імёны роханцаў), эльфійскімі (як Арагорн) ды інш. 

Імёны эльфаў — гэта, зразумела, словы прыдуманых Толкінам эльфійскіх моў: квеньі, сіндарына ды іншых. Імёны эльфійскія і стараанглійскія я проста транслітараваў. І тут, на жаль, сучасны беларускі правапіс прымушаў моцна скажаць некаторыя з іх. 

Тыя ж імёны хобітаў і людзей, якія маюць сэнс на сучаснай англійскай, Толкін раіў перакладаць — што я і зрабіў. Адсюль — Торбінс, а не Бэгінс. Тыя ж імёны, што не маюць сэнсу на сучаснай англійскай, я збольшага перадаваў так, як яны гучаць у першакрыніцы. 

Адсюль — Гандальф, а не Гэндальф. Гэта стараісландскае імя Gandalfr, якое чытаецца як [ˈgandalvr]. Паколькі [в] на канцы беларускіх слоў не бывае зусім, давялося замяніць яго на [ф].

Працягваючы традыцыю беларускіх перакладаў са стараанглійскай мовы, перакладчык перадае імя роханскага караля як Тэўдэн, а не Тэадэн. Кадр з фільма «Дзве Вежы»

НН: Думаю, многія чакалі пабачыць у кнізе Міжзем’е, Шыр, Бэгінсаў, Гэндальфа і Тэадэна, але пабачылі зусім іншую перадачу гэтых імёнаў. Ці не баяліся вы, што прыхільнікі Толкіна не прымуць вашыя варыянты перакладу?

ІК: Як гэта ні дзіўна, хапае людзей, якія прачыталі «Валадара Пярсцёнкаў» упершыню менавіта ў маім перакладзе — і ўсё добра прынялі. Пра тое, чаму ў мяне не «Шыр», «Бэгінс» і «Гэндальф», я ўжо казаў. Я стараўся ісці за парадамі самога Толкіна.

Што да «Серадзем’я», то я спыніўся менавіта на гэтым перакладзе, бо асабіста мне ніколі не падабаўся цяжкавымоўны збег «жз» у «Міжзем’і».

Назву кантынента, на якім адбываюцца падзеі «Валадара Пярсцёнкаў», Кулікоў пераклаў як Серадзем'е. Міжзем'е, звыклае для многіх фанатаў, падалося перакладчыку цяжкавымоўным. Мапа з каментарамі прафесара.

НН: Вы казалі, што на мапе Серадзем’я ёсць пасхалкі да Беларусі. Дзе іх адшукаць?

ІК: На карце Воласці (the Shire). Проста прачытайце кожны тапонім там — і, думаю, не адзін раз усміхняцеся.

(Мы адшукалі на карце рэкі Водва, Чарацянка, Свяча, вёскі Крамянец, Навасады, Луконіца, Свержан, Гарадок, якія маюць адпаведнікі на мапе Беларусі. — НН)

Ветрагор — многія мясціны ў Серадзем'і атрымалі каларытныя беларускія назвы, сэнс якіх лёгка счытваецца. Кадр з фільма «Брацтва Пярсцёнка»

НН: А сам Толкін пакідаў для сваіх англамоўных чытачоў якія-небудзь забаўныя адсылкі, якія замежнікі зразумець не змогуць?

ІК: Кніга ў прынцыпе пісалася для англамоўных чытачоў. Як я казаў, пераклад яе анамастыкі — вельмі складаная рэч. Што да жартаў, то ў кнізе хапае жарцікаў этымалагічных, якія зразумеюць людзі з адпаведнай адукацыяй. Прыкладам, лес каля Бры завецца Chetwood: першы элемент «chet» — кельцкага паходжання і значыць «лес», другі элемент «wood» — англійскі і таксама значыць «лес». Зрэшты, падобныя «таўталагічныя» тапонімы рэальна існуюць у Англіі.

Слоўнічак імёнаў і назваў у канцы кнігі. Фота: Наша Ніва

НН: Прызнаюся, што я думаў першы том прачытаць даволі хутка, але захрас ужо на першых старонках ва ўласных імёнах. Адкрыўшы тэматычныя вікі-рэсурсы і рускі пераклад, я спрабаваў зразумець як суадносяцца назвы і імёны на розных мовах. Гэта было не так проста!

Цяпер аматары Толкіна збіраюць грошы на агучку кінатрылогіі, але ёсць вялікае падазрэнне, што ў ёй будуць ізноў выкарыстаны калькі ўласных назваў з рускага перакладу, а не актуальныя беларускія. Проста таму, што вышукваць назвы на аркушах кніг не вельмі зручна. Ці не думалі вы стварыць нейкую анлайн-старонку з англа-руска-беларускім слоўнічкам уласных імёнаў, каб іншым было прасцей іх знайсці і карыстацца?

ІК: А навошта разгортваць рускі пераклад? Думаю, нам даўно пара забыць пра «русский мир» і перастаць на яго арыентавацца. Таму калі я і ствару нейкі слоўнічак, то толькі англа-беларускі. Зрэшты, ён ужо ў мяне ёсць — трэба ж было неяк адсочваць усе гэтыя сотні назваў падчас працы! 

Не Бэгінсы ў Рывендэле, а Торбінсы ў Раздоле — усё як запаведваў перакладчыкам прафесар. Раздол стаў адзінай назвай, свядома пазычанай з рускага перакладу. Кадр з фільма «Брацтва Пярсцёнка»

З рускага перакладу я свядома ўзяў толькі адзін пераклад: Раздол. Я доўга ламаў галаву над ім, бо гэта англійскае слова, і Толкін кажа яго перакладаць. Даслоўна Rivendell азначае «расколатая даліна». Паколькі асноваскладанне — не самы папулярны спосаб, то лагічна было шукаць нешта з прыстаўкай. Спачатку я думаў скарыстацца старабеларускім «удолъ» (яно ж «юдоль» па-стараславянску), але слова гэта караткаватае і лёгка блытаецца з «Дол», якім я перакладаю Dale. Таму я ўрэшце ўзяў не зусім правільна ўтворанае, але прынамсі сэнсава вельмі блізкае да арыгінала «раздол».

Што да агучкі, то, здаецца, яшчэ ў 2022 годзе да мяне звярталіся нейкія людзі (не ведаю дакладна хто, бо рабілася гэта праз аднаго майго знаёмага) з просьбай даць ім спіс маіх перакладаў імён — мажліва, гэта было для агучкі «Хобіта». Калі так, то ніводным маім перакладам не скарысталіся.

Тры кнігі «Валадара Пярсцёнкаў» у беларускім перакладзе. Фота: выдавецтва «Янушкевіч»

НН: Гісторыя «Валадара Пярсцёнкаў» скончана, але гісторыя Серадзем’я не завершаная, прынамсі, па-беларуску. Які наступны твор Толкіна, на вашу думку, трэба перакласці на беларускую мову?

ІК: Далей адназначна будзе «Сільмарыліян» — ужо гатовы чарнавы пераклад недзе траціны тэксту. Потым, мажліва, я зраблю сваю версію «Хобіта».

Яшчэ вельмі хацеў бы выдаць зборнічак вершаў Толкіна, перадусім «Прыгоды Тома Бамбадзіла», якія недзе палавіну я ўжо пераклаў. Да іх дадаў бы яшчэ жменю яго самых вядомых вершаў, як, прыкладам, «Кароль Скэва», але не ведаю, ці ўдасца такую кампіляцыю ўзгадніць з праваўладальнікамі і наколькі добра яна будзе выглядаць як цэльная кніга.

Заказаць «Вяртанне Караля» або ўсю трылогію цалкам можна ў варшаўскай кнігарні «Кнігаўка». Кнігі дастаўляюць і ў Беларусь.

Працуе ў IT, ведае стараанглійскую і санскрыт. Вялікая гутарка з перакладчыкам «Валадара пярсцёнкаў» на беларускую мову

«Хачу ў старасці сваю бібліятэку, як у Радзівілаў у Нясвіжы». Літаратурны блогер пра свой шлях да роднай мовы і ўлюбёныя кнігі

Барацьба оркаў за мірнае неба і душныя эльфы. Што паказалі ў новым сезоне «Пярсцёнкаў улады»

Іэна Мак-Келена паклікалі сыграць Гандальфа ў новую экранізацыю «Валадара Пярсцёнкаў»

Ф. Раўбіч