«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі
«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам» маюць намер улады ў сувязі з санкцыямі ў дачыненні да гэтай групы тавараў. Гэта вынікае са службовага ліста першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова, копію якога выданню «Позірк» перадало аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.
24.12.2024 / 22:01
Фота: freepik.com
Ліст датаваны вераснем 2024 года, ён накіраваны міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксею Багданаву, міністру адукацыі Андрэю Іванцу, міністру працы і сацыяльнай абароны Наталлі Паўлючэнка, кіраўнікам аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама старшыні Белкаапсаюза Інэсе Караткевіч і кіраўніку канцэрна «Беллегпрам» Таццяне Лугінай.
Снапкоў «просіць» у дакуменце «прапрацаваць з зацікаўленымі» шэраг пытанняў «ва ўмовах абмежавання экспарту рэчаў «сэканд-хэнд» у Рэспубліку Беларусь і Расійскую Федэрацыю».
«Зацікаўленымі» віцэ-прэм’ер называе «суб’екты гаспадарання, якія рэалізуюць гэтую прадукцыю», Беларускі Чырвоны Крыж, «іншыя грамадскія арганізацыі», тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сацыяльна-педагагічныя цэнтры, дамы начнога знаходжання.
Акрамя пераарыентацыі бізнэсу, дакумент прапануе «прапрацаваць» пытанні «фарміравання ў насельніцтва культуры ўсвядомленага спажывання і беражлівага выкарыстання рэсурсаў», «арганізацыі (пашырэння дзейных) працы буйных складоў (аптовых баз) […], якія займаюцца аптовай рэалізацыяй рэчаў «сэканд-хэнд», узаемадзеяння адпаведных суб’ектаў гандлю з грамадскімі арганізацыямі «ў частцы збору і пераразмеркавання часткі гэтых рэчаў на дабрачынныя мэты».
Таксама Снапкоў лічыць неабходным падтрымаць «дзейныя ініцыятывы ТЗЦ Galleria Minsk, Mark Formelle, Stradivarius і іншых аб’ектаў па зборы адзення б/у ў мэтах далейшай перадачы дабрачынным арганізацыям і на другасную перапрацоўку».
Адрасатам ліста, акрамя іншага, варта «вывучыць і маштабаваць» платформу Zara Pre-owned па аказанні аднайменнай сеткай крам «паслуг рамонту, перапродажу і перадачы ў дар б/к адзення».
Віцэ-прэм’ер таксама прапануе «прапрацаваць» пытанне «сацыяльнага прадпрымальніцтва ў гэтай сферы з элементамі валанцёрства». Гаворка ідзе пра «збор рэчаў валанцёрамі з магчымасцю ўзнагароджання, пераразмеркаванне рэчаў у гандаль, на дабрачыннасць і перапрацоўку».
«Аб прапрацоўцы пазначаных пытанняў праінфармуйце ўрад. Тэрмін — да 1 лістапада 2024 года», — гаворыцца ў дакуменце.
«Рэшткі збіраем з усіх складоў». Уладальнікі сэканд-хэндаў — пра наступствы санкцый ЕС
«Не пераношу сэкандаў». Боты пайшлі ў атаку на сэканд-хэнды
Што будзе з беларускімі сэкандамі пасля забароны Еўрасаюза на ўвоз адзення? Спыталі ў іх
ЕС забараніў увоз у Беларусь сэканд-хэнду. МЗС пракаментавала