Ядзерныя міжкантынентальныя балістычныя ракеты робяцца непрыдатнымі нашмат хутчэй, чым лічылася раней
Новае кітайскае даследаванне ставіць пад пытанне дзеяздольнасць значнай часткі сусветных запасаў міжкантынентальных балістычных ядзерных ракет. Асабліва гэта тычыцца расійскага арсенала.
25.12.2024 / 16:47
Фота: mod_russia / Telegram
Кітайскія інжынеры-канструктары па ракетабудаванні выявілі сур'ёзную праблему ў цвёрдым паліве, якое выкарыстоўваецца ў міжкантынентальных балістычных ракетах. Гэта адкрыццё можа даць тлумачэнне частым няўдачам пры выпрабавальных запусках такіх ракет у апошнія гады па ўсім свеце, паведамляе выданне South China Morning Post.
«Традыцыйна лічыцца, што пры звычайных умовах захоўвання цвёрдае паліва для МБР можа заставацца стабільным да 160 гадоў. Аднак выпрабаванні ў Нацыянальнай лабараторыі цвердапаліўных рухавікоў у Сіані паказалі, што ўжо праз 30 гадоў захоўвання ў паліве пачынаюць адбывацца некантраляваныя працэсы ўнутранай дэградацыі, ад якіх рухавікі ракет падчас палёту могуць разбурацца», — адзначаецца ў новым кітайскім даследаванні.
Каб высветліць гэта, навукоўцы цэлы год выпрабоўвалі высокімі тэмпературамі асноўныя кампаненты цвёрдага паліва для МБР — перхларат амонію, алюмініевую пудру і HTPB-звязвальнік. Усе яны ў выніку прадэманстравалі паскоранае старэнне, якое адбівалася на якасці паліва.
У лістападзе 2023 года ракета Minuteman III вытворчасці амерыканскай кампаніі Boeing сутыкнулася з праблемамі падчас палёту, што прывяло да яе самазнішчэння. За два месяцы аналагічная сітуацыя здарылася з ракетай Trident II, запушчанай з падводнай лодкі брытанскага каралеўскага флоту.
А нядаўняе восеньскае выпрабаванне расійскай сучаснай МБР «Сармат», якой Крэмль часта палохае заходнія краіны, скончылася поўным правалам — ракета выбухнула проста ў шахце і знішчыла палігон. Варта адзначыць, што «Сармат» працуе на вадкім паліве, якое лічыцца яшчэ больш нестабільным, чым цвёрдае.
Замяніць старое паліва ў ракетах на новае — задача вельмі складаная і дарагая. Цвёрдае паліва з'яўляецца неад'емнай часткай рухавіка, таму для вымання старога паліва спатрэбіцца цалкам дэмантаваць сам рухавік ракеты, што можа пашкодзіць яе канструкцыю.
Працэс замены паліва таксама патрабуе спецыяльнага абсталявання, высокакваліфікаваных спецыялістаў і можа займаць шмат часу, што будзе ўплываць на баяздольнасць і гатоўнасць ядзерных сіл краіны. Акрамя таго, утылізацыя старога паліва і вытворчасць новага звязаны з экалагічнымі наступствамі, уключаючы выкіды таксічных рэчываў, і патрабуюць строгага кантролю для прадухілення магчымых інцыдэнтаў з бяспекай або крадзяжу.
Па стане на пачатак 2024 года Расія мела на ўзбраенні 521 міжкантынентальную балістычную ракету наземнага і марскога базавання. Аб гэтым паведаміла выданне Defence Express са спасылкай на некалькі аўтарытэтных крыніц.
Як адзначаецца, ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння Расіі на пачатак года мелі ў сваім распараджэнні.
- 34 МБР тыпу РС-20 «Ваявода» (разгортванне стартавала яшчэ ў 1988 годзе).
- 60 МБР тыпу РС-12М «Топаль-М» (разгортванне стартавала ў 1997 годзе).
- 18 МБР РС-12М1 «Топаль-М» (разгортванне стартавала ў 2006 годзе).
- 180 МБР РС-24 «Ярс» у шахтавым варыянце (разгортванне стартавала ў 2010 годзе).
- 24 МБР РС-24 «Ярс» у мабільным варыянце (з 2014 года).
- Каля 8 МБР «Авангард» (з 2019 года).
- Колькасць МБР «Сармат» у распараджэнні Расіі — невядомая.
Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»
Эксперт ААН: У Беларусі, хутчэй за ўсё, няма ніякай ядзернай зброі. І не будзе