«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад занядбаны, а сэрвіс не развіты
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца ў занядбанні, а сэрвіс у рэстаранах і кавярнях не разлічаны на турыстычны попыт. Сваім меркаваннем Алекс падзяліўся ў фэйсбук-суполцы «Гродна», піша Hrodna.life.
18.12.2024 / 18:32
Навагрудак. Фота: Алекс Вазнясенскі, фэйсбук-суполка «Гродна»
«Навагрудак знаходзіцца ў яўна сумным стане»
На думку мужчыны, адзін з найстарэйшых і знакавых гарадоў Беларусі здзіўляе «недагледжанасцю і адкрытай беднасцю».
«Таўсценная сцяна ў два метры вышынёй і таўшчынёй на Замкавай гары, пасля дзесяці гадоў будоўлі і рэнавацыі, якая закрывае сабой увесь выдатны агляд на наваколле — галоўную мэту і рацыю любой Замкавай гары, жылыя дамы, якія прыйшлі ў варты жалю стан шырокага прыватнага сектара, часам вяртаюць турыста ў сярэдзіну XX стагоддзя, трухлявыя пабудовы, гаражы і хлявы ўжо за сто метраў ад раструбленага гістарычнага цэнтра — усё гэта навявае міжвольны сплін і абурэнне, чаму такія гістарычныя і архітэктурныя гарады-жамчужыны знаходзяцца ў такім яўна жаласным стане», — сумуе беларус.
Заўважае Алекс і кепскі стан драўляных дамоў міжваеннага перыяду, якія сыплюцца «па ўсіх франтах і франтонах».
«Забітыя, даўно на рамантаваныя тратуары, «гістарычныя каштоўнасці» з аблупленай тынкоўкай у самым цэнтры», — піша Алекс.
Навагрудак. Фота: Алекс Вазнясенскі, фэйсбук-суполка «Гродна»
Знайсці добры гатэль у Навагрудку можна
Падчас паездкі беларус спыняўся ў некалькіх гатэлях. Напрыклад, «Навагаз» (гатэль Навагрудскага завода газавай апаратуры) Алекс ахарактарызаваў як «звычайны інтэрнат з некаторымі выгодамі». На думку мужчыны, гатэль падыдзе для пражывання на кароткі тэрмін.
У сваю чаргу, гатэль «Гражына» пакінуў у Алекса добрае ўражанне.
«Дэмакратычныя 80 рэ/суткі і гасцінная, ветлівая гаспадыня, якая не лянуецца ўсміхнуцца і асабіста праводзіць — паказаць выгоды і асаблівасці, без перабольшання шчыра парадавалі», — адзначыў мужчына.
«Гражына» — адзін з новых гатэляў Навагрудка, які адкрыўся ў красавіку 2020 года. Ён зусім невялікі — усяго на 21 госця.
Кавярні ў Навагрудку розныя
Наведаў Алекс і адную з папулярных кавярняў у цэнтры горада «Легенда». Аднак беларус застаўся расчараваны і абслугоўваннем, і кухняй.
«Ежа прэсная, з «трыма кавалачкамі каўбаскі» — замест «смажаніны з каўбаскамі», здобраная шчодрай рукой таннымі кетчупам і маянэзам і няўсмешлівым абслугоўваннем, якія дакладна падазраюць, якую «пісчу» яны падаюць за нятанна», — напісаў мужчына.
Затое Алексу спадабаліся ўстановы па суседстве — «Кофейня» (верагодна, ён меў на ўвазе Cava_bar у будынку гасцініцы «Гражына») і «Кавярня». Беларус адзначыў душэўнае абслугоўванне і «цалкам ядомыя» стравы.
Чаму ў чыноўнікаў не атрымліваецца вырашыць праблемы Навагрудка
У 2020 годзе чыноўнікі адзначалі, што Навагрудак — адзін з самых паспяховых прыкладаў развіцця турызму ў Гродзенскай вобласці. Яшчэ ў 2013 годзе там адкрылі турысцка-інфармацыйны цэнтр, а ў 2017 запусцілі сайт «Турызм і адпачынак на Навагрудчыне». У горадзе паставілі банеры, шчыты і дарожныя знакі, каб турыстам было прасцей арыентавацца. Планавалася і развіццё інфраструктуры.
Навагрудак. Фота: Алекс Вазнясенскі, фэйсбук-суполка «Гродна»
Аналізуючы праблемы з турыстычным попытам на беларускія гарады, выданне Tio.by прыводзіць некалькі прычын. Сярод іх — дрэнная транспартная сувязь, недахоп гатэляў бюджэтнага ўзроўню, адсутнасць адзінай канцэпцыі або брэнда горада, а таксама недахоп «бюджэтных, але ўтульных» устаноў.
Таксама журналісты звяртаюць увагу на тое, што для папулярызацыі ўнутранага турызму неабходна аднаўляць гістарычныя аб’екты.
У Навагрудку ёсць тры невялікія гатэлі. Той самы гатэль «Навагаз», дзе спыняўся Алекс, «Гражына» і «Крокус». Раней тут быў яшчэ адзін гатэль пад назвай «Панскі дом», але зараз ён зачынены. Быў у горадзе і гатэль «Навагрудак» ад ЖКГ, але і ён ужо некалькі гадоў не працуе.
Таксама побач з горадам ёсць біятлонны комплекс «Сялец», дзе таксама могуць спыніцца турысты ці групы.
Таму многія турысты заязджаюць у Навагрудак толькі на гадзіну-дзве і едуць далей. Вялікім групам прасцей спыніцца ў Лідзе ці Баранавічах і заехаць у Навагрудак па дарозе, а не траціць на яго цэлы дзень.
У цэнтры Мінска з'явілася кафэ ў афрыканскім стылі. Каб яго адкрыць, уласніца прадала кватэру
Стала вядома, чаму расійскія турысты масава едуць у Беларусь
Да канца года мінскую сетку веласцежак павялічаць на 21 км
У Турцыі выкрылі буйное махлярства з замежнымі турыстамі. Іх возяць па славутасцях, якіх не існуе