Нават калі схаваў твар, цябе пазнаюць — з'явілася новая сістэма відэаназірання
Apple запатэнтавала новую сістэму відэаназірання, якая ідэнтыфікуе людзей без распазнавання твару.
19.12.2024 / 12:06
Тэхналогіі распазнавання людзей крочаць наперад. Некалькі гадоў таму кітайскія вучоныя стварылі сістэму распазнавання эмоцый. А распрацоўка японскай карпарацыі NEC дазваляе амаль са стоадсоткавай эфектыўнасцю распазнаць асобу, твар якой схаваны пад маскай.
Карпарацыя Apple пайшла далей і нядаўна атрымала патэнт на перадавую сістэму камер відэаназірання, якая спалучае распазнанне асоб з аналізам даных, звязаных з целам.
Як паведамляецца, сістэма выкарыстоўвае камбінацыю даных, уключаючы выраз твару, хаду, рост і нават постаць чалавека. У выніку ствараецца ўнікальны «адбітак цела», які выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі асобы ў спалучэнні з тэхналогіяй Face ID.
Апісанне выкарыстання распазнавання па «адбітку цела». Фота: USPTO / Apple
Галоўная перавага гэтай тэхналогіі ў тым, што яна можа распазнаваць людзей, нават калі іх твар схаваны або часткова нябачны. Напрыклад, калі чалавек павернуты спінай, камера зможа выкарыстоўваць іншыя адметныя рысы, такія як контуры цела ці адзенне, для пацвярджэння асобы.
Каб сабраць фізічныя характарыстыкі розных людзей, якія прыязджаюць у дом карыстальніка, сістэма камер відэаназірання будзе рэгулярна захопліваць і захоўваць на працягу вызначанага часу іх выявы, якія будуць аналізавацца з выкарыстаннем мадэляў глыбокага навучання. У выніку, калі чалавек зноў з'явіцца на парозе дома, сістэма яго апазнае і падасць адпаведнае апавяшчэнне карыстальніку.
Сістэма паведамляе гаспадару аб госцю. Фота: USPTO / Apple
Распрацоўшчыкі адзначаюць, што іх сістэма мае высокую дакладнасць і менш ілжывых спрацоўванняў, што робіць яе больш надзейнай у параўнанні са звычайнымі сістэмамі распазнання. Таксама яна можа зрабіць выкарыстанне ахоўных прылад зручнейшым і больш простым.
Чакаецца, што новая распрацоўка стане цэнтральным элементам «разумнага дому» і зможа кіраваць іншымі прыладамі ў доме карыстальніка. Напрыклад, распазнаўшы гаспадара ці іншага члена сям'і, яна можа аўтаматычна адкрыць дзверы, уключыць святло ці адрэгуляваць тэмпературу ў залежнасці ад таго, хто знаходзіцца ў памяшканні.
Эксперты лічаць, што такі падыход Apple можа істотна змяніць індустрыю бяспекі.
Нягледзячы на магчымыя пытанні аб канфідэнцыяльнасці, Apple заяўляе, што даныя людзей будуць абаронены, таму што будуць захоўвацца і шыфравацца проста на прыладах, а не на знешніх носьбітах. Гэтая практыка зніжае рызыку несанкцыянаванага доступу да асабістых даных. Такі падыход адпавядае прынцыпам абароны прыватнасці і можа павысіць давер да прадуктаў Apple, лічаць у кампаніі.
Як праграмы распазнавання твару працуюць пры нашэнні маскі
Знаўцы штучнага інтэлекту прагназуюць, што неўзабаве падробкі стане немагчыма выявіць
Навукоўцы распрацавалі дадатак з нейрасеткай, якая распазнае эмоцыі ў катоў і кошак