«Цяпер бегаць за ім прапаноўваць на падносіку?» Райвыканкам абурыўся скаргамі экс-сенатара, які не можа знайсці працу
Нядаўна выданне «Флагшток» апісвала, як былы сенатар і прапагандыст з Рагачова Андрэй Шышкін не можа знайсці працу. Блогер Андрэй Павук пасля гэтага пазваніў у райвыканкам разабрацца.
15.12.2024 / 16:29
Андрэй Шышкін. Фота з яго тг-канала
Размову блогер апублікаваў у перадачы «Шухер-шоу» на «Белсаце».
Начальнік аддзела занятасці насельніцтва Аляксандр Кончыц у размове з Павуком сказаў, што Шышкіну прапаноўвалі кіруючую пасаду (у добраахвотным таварыстве садзейнічання авіацыі, арміі і флоту), з невялікім заробкам, але той не захацеў.
«Я яму стаў прапаноўваць што-небудзь з кіруючага, ён сказаў, што не трэба нічога, што ў яго ёсць дыплом трактарыста, качагара — што гэта яго цікавіць», — дадаў Кончыц.
Андрэй Павук патэлефанаваў таксама старшыні Рагачоўскага райвыканкама Віталю Сушко. Сушко сказаў, што Шышкін звольніўся з газеты праз стомленасць. А калі напісаў у сацсетках, што не можа знайсці працу, яго паклікалі ў выканкам спытаць, як дапамагчы.
«Адмовіўся: «Не, дзякуй, я не маю патрэбы ў паслугах, сам буду шукаць працу». Калі ён сыходзіў, я яму казаў: трэба будзе праца — прыходзьце, дапаможам, падбяром тое, што вам трэба».
Сушко абурыўся тым, што Шышкін напісаў у сацсетках.
«Адразу трэба было наваляць артыкул або прыйсці ў выканкам? Яго ж ніхто не выкідваў. Ды не пытанне, калі б я ведаў. Вось толькі што ўзгаднілі намесніка дырэктара па ідэалогіі на лясгас. Я б яго туды намеснікам адправіў. Але ён жа не прыйшоў! А мы літаральна тыдзень таму ўзялі туды на працу чалавека.
Дык цяпер трэба бегаць за ім прапаноўваць на падносіку? Ты там артыкул валяеш ў інтэрнэце, усе падхопліваюць, дык ты наогул нармальны?».
Экс-сенатар і прапагандыст стаў беспрацоўным. Яму прапанавалі вакансіі трактарыста або цырульніка
Колькі зарабляюць кіраўнікі ў рэгіёнах?