Экс-сенатар і прапагандыст стаў беспрацоўным. Яму прапанавалі вакансіі трактарыста або цырульніка
Андрэй Шышкін да нядаўняга часу ўзначальваў газету Мазырскага НПЗ, быў членам Савета Рэспублікі. Але нешта пайшло не так.
Яшчэ ў ліпені СМІ пісалі, што рагачоўскі прапагандыст Андрэй Шышкін узначаліў газету «Мазырскі нафтаперапрацоўшчык». Ён прыйшоў на месца Святланы Богуш, якую судзілі за рэпосты, а затым звольнілі.
Шышкін, які быў яшчэ і сенатарам, перайшоў на новую працу з крэсла галоўнага рэдактара рагачоўскай раёнкі «Свабоднае слова». Пры ім газета актыўна друкавала прапагандысцкія матэрыялы з абразамі апанентаў Лукашэнкі. А задоўга да пратэстаў, у 2014-м, газета Шышкіна актыўна публікавала антыбеларускія артыкулы расійскіх чарнасоценцаў і нацыяналістаў.
Аднак кар'ера Шышкіна ў выданні Мазырскага НПЗ не была доўгай. Як заўважыў «Флагшток», прапагандыст у сваім тэлеграм-канале напісаў, што цяпер ён беспрацоўны. І ператварыў свой паход у аддзел занятасці ў рэаліці-шоу для 100 падпісчыкаў. Паралельна актыўны прыхільнік Лукашэнкі пару разоў укалоў сістэму, якой доўгі час служыў.
Напярэдадні Шышкін распавёў, што адправіўся на біржу працы, каб зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага. Ён адзначыў, што супрацоўніцы аддзела занятасці размаўлялі з ім вельмі ветліва, аднак з першага разу ўсё зрабіць не атрымалася. Аказалася, знакамітае беларускае «адно акно» не зусім адно.
«Прычына банальная — дадаткова да пакета дакументаў (дыпломы, працоўная кніжка, вайсковы білет) неабходна было падаць яшчэ і даведкі аб даходах з папярэдніх месцаў працы. Пры гэтым прынцып аднаго акна тут не дзейнічае: дакументы павінны быць запытаны ў арганізацыях беспрацоўным асабіста. У маім выпадку для гэтага спатрэбіцца і дадатковы час, і дадатковыя выдаткі, бо ў Мазыр шлях не блізкі», — распавёў Шышкін.
Тут жа экс-сенатар распавёў, чаму сышоў з раёнкі, у якой працаваў больш за дзесяць гадоў. У яго ўзнік канфлікт са старшынёй райвыканкама Віталём Сушко. Гэта, па словах Шышкіна, закрыла яму дарогу на кіруючыя пасады.
«Само сабой зразумела, што пасля таго, як у красавіку Сушко разам са сваім самым адданым намеснікам Раждаевай апавясцілі мяне аб тым, што не збіраюцца падаўжаць са мной кантракт (на той момант я працаваў галоўным рэдактарам «Свабоднага слова»), прэтэндаваць на якую-небудзь значную кіроўную пасаду і працу па асноўнай сваёй спецыяльнасці ў Рагачоўскім раёне мне не даводзіцца», — панаракаў Шышкін.
Пры гэтым даўно пустуючая вакансія старшыні раённай арганізацыі ДТСААФ з заробкам 830 рублёў аптымізму экс-прапагандысту не выклікала.
У выніку, выбар вакансій пад кампетэнцыю Шышкіна аказаўся невялікі. Яму прапанавалі папрацаваць трактарыстам за 850 рублёў на месяц, прадаўцом у «Еўраопце» за 1000 рублёў або страхавым агентам за 900 рублёў. Была і іншая прапанова: прайсці навучанне на цырульніка.
Выбраць прафесію мары Шышкін іранічна прапанаваў сваім падпісчыкам.
«На якой з гэтых пасад, на ваш погляд, я магу найбольш поўна выкарыстоўваць свой 30-гадовы досвед працы ў журналістыцы, досвед працы ў парламенце Беларусі і парламенце Саюзнай дзяржавы?» — задаецца пытаннем экс-сенатар.
У апытанні пакуль перамагае варыянт «шукаць працу далей», але хтосьці прагаласаваў і за трактарыста.
Каментары
Ён памыляецца. Тое, чым ён заёмаўся 30 год - аніякага датычэння ані да журналістыцы, ані да дзяржаўнай службы не мае. Таму няхай ідзе туды, дзе бяруць, альбо ідзе вычуцца. І пасля абрынання рэжыму да гэтага становішча перадстойвае прыйсці вялікай колькасці сучасных служак рэжыму, адзіная прафесія якіх - гэта халуйства ды лізанне задняй кропцы таракана коштам скрадання будучыні Беларусі.
Только туалет жалко