«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту

Шматдзетная маці абураецца, што паўгода не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту. «А хто на бальнічныя будзе хадзіць, вы?» — часта чуе яна на сумоўях.

03.12.2024 / 18:31

Скрыншот відэа ў тыктоку

Жанчына запісала крык душы і апублікавала відэа ў тыктоку.

— Лукашэнка што казаў? Бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе. Акей. Я выйшла з трэцяга дэкрэту паўгода таму і ўвесь гэты час шукаю працу. Што мне кажуць? «У вас трое дзяцей. А хто на бальнічныя будзе хадзіць, вы?».

Не падбіраючы выразы, блогерка сумна жартуе, што калі дзеці захварэюць, то будзе прасіць суседзяў з імі пасядзець.

— Ну і куды мне ўладкавацца? Прыбіральшчыцай? Я не разумею. Я столькі сумоўяў абышла. І ва ўсіх адно пытанне: «А хто з дзецьмі?» Нараджайце, а потым вас ніхто на працу не возьме.

@poli.belichenko #многодетные #работа #минск #беларусь #вакансии ♬ оригинальный звук - poli.belichenko

Насамрэч, жанчына ўзняла праблемнае пытанне. Нягледзячы на афіцыйную рыторыку чыноўнікаў, якія заклікаюць жанчын нараджаць як мага больш дзяцей, шматдзетныя маці трапляюць у пастку дэкрэтных адпачынкаў.

Фактычна жанчына, якая вырашае нарадзіць трох дзяцей (як блогерка), выпадае з рынку працы прыкладна на 6-9 гадоў. У краіне не распрацаваная сістэма, якая б дапамагала маладым маці не губляць сваю кваліфікацыю.

Раней эксперт з Беларускага Хельсінскага камітэта расказваў «Нашай Ніве», што жанчыны ў Беларусі з’яўляюцца найбольш сацыяльна ўразлівай групай — пасля дэкрэтнага адпачынку ім цяжка вярнуцца да таго ўзроўню заработнай платы, які быў раней.

У большасці сем'яў адказнасць за дзяцей (улічваючы тыя самыя бальнічныя) цягне на сабе маці. І, на жаль, працадаўцы маюць рацыю, калі хвалююцца, што супрацоўніца з дзецьмі па аб’ектыўных прычынах можа часта адсутнічаць на працоўным месцы. Мужчыны ж у Беларусі бяруць дэкрэт у 1% выпадкаў.

Шмат хто з беларусак спрабуе змірыцца з сітуацыяй і шукае працу, якая ніжэйшая за іх кампетэнцыі (бо спадзяецца, што ўмоўную прыбіральшчыцу кіраўніцтву будзе лягчэй адпускаць на бальнічныя). Або пачынае працаваць на палову ці чвэрць стаўкі. Што, безумоўна, адгукнецца жанчыне яшчэ праз шмат гадоў, калі яна вырашыць аформіць пенсію.

Таксама трэба памятаць, што адпачынак па доглядзе дзіцяці ўваходзіць у агульны працоўны стаж, але не ўваходзіць у страхавы стаж (для прызначэння пенсіі па ўзросце на агульных падставах у 2025 годзе будзе патрабавацца не менш за 20 гадоў страхавога стажу).

Для жанчын, якія нарадзілі 4 і больш дзяцей, прадугледжаны паніжаны страхавы стаж.

Шматдзетная гамяльчанка так хацела пабачыцца з каханым расійскім зэкам, што падрабіла пасведчанне аб шлюбе

Стала вядома, колькі дзяцей выхоўвае самая шматдзетная сям'я Беларусі

Сям'я з 12 чалавек, што выехала з Латвіі ў Беларусь, хоча жыць у Расіі

Nashaniva.com