Башар Асад вярнуўся ў Дамаск і рыхтуецца даць адпор паўстанцам
Кіраўнік Сірыі Башар Асад, які пасля пачатку ў краіне паспяховага наступлення апазіцыйных яму сілаў неадкладна злётаў у Маскву для сустрэчы з Пуціным, вярнуўся ў Дамаск і разгарнуў актыўную дзейнасць па арганізацыі адпору паўстанцам, а таксама мабілізацыі ўплывовых міжнародных саюзнікаў.
01.12.2024 / 03:13
Башар Асад. Фота: Borna News/Matin Ghasemi/Aksonline ATPImages/Getty Images
Як выглядае з апошніх паведамленняў, верныя Асаду вайсковыя часці адышлі ад разгубленасці і рыхтуюцца даць паўстанцам, якім да гэтага часу ўдалося заняць буйны горад Алепа і правінцыю Ідліб на паўночным захадзе краіны, адпор. Камандаванне арміі заявіла пра паспяховае і рашучае адбіццё іх чарговай атакі і анансавала хуткае контрнаступленне.
Горад Хама, які меў стаць для паўстанцаў наступнай мэтай, пакуль не ўзяты, урадавыя войскі выказваюць гатоўнасць яго абараняць. Мясцовы губернатар заявіў, што ў Хаму прыбылі падмацаванні сірыйскай арміі, а ўсе дзяржаўныя ўстановы працуюць у звыклым рэжыме. Паведамленні аб уступленні ў Хаму паўстанцкіх атрадаў ён назваў фэйкам.
Башар Асад тым часам спрабуе сфармаваць у абарону свайго рэжыму кааліцыю з уплывовых у рэгіёне чыннікаў, якія ў ім зацікаўленыя. Так, адразу пасля вяртання з Масквы ён паразмаўляў па тэлефоне з прэзідэнтам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў шэйхам Мухамедам бін Заідам Аль Нахаянам. Падчас гэтай гутаркі, як паведаміла прэс-служба Асада, сірыйскі дыктатар падкрэсліў, што Сірыя «працягвае адстойваць сваю стабільнасць і тэрытарыяльную цэласнасць перад тварам тэрарыстаў і іх прыхільнікаў» і патрабуе падтрымкі «саюзнікаў і сяброў». Кіраўнік ААЭ у адказ нібыта заявіў, што ягоная краіна «падтрымлівае намаганні Сірыі ў барацьбе з тэрарызмам, аднаўленні яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і стабільнасці».
Падобная размова адбылася таксама з прэм'ер-міністрам Ірака Мухамедам Шыітай аль-Судані. Той нібыта таксама гатовы аказаць Асаду неабходную дапамогу.
Паведамляецца таксама, што 1 снежня Сірыю наведае міністр замежных спраў Ірана Абас Арагчы. Ён плануе сустрэцца з сірыйскімі ўладамі ў Дамаску, а затым адправіцца ў Анкару для перамоў з турэцкімі афіцыйнымі асобамі. Лічыцца, што за спінай паўстанцаў стаіць Турцыя на чале з яе прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, хоць афіцыйна гэта і адмаўляецца.
Між тым, паводле паведамлення выдання The Times of Israel, прэм'ер варожага сірыйскаму рэжыму Ізраіля Біньямін Нетаньяху правёў кансультацыі са сваёй разведкай аб сітуацыі ў Сірыі. Ізраіль разглядае крах рэжыму Асада як фактар, які можа прынесці кароткатэрміновыя выгады, але ў той жа час і стварыць новыя пагрозы.
Перастрэлка адбылася ў раёне прэзідэнцкага палаца ў Дамаску
Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы
Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа
Расійская авіяцыя нанесла ўдары па Алепа — упершыню з 2016 года
У суботу ўлады Сірыі закрылі аэрапорт Алепа і ўсе дарогі, што вядуць у горад