Як жыве мастачка, якая прыдумала маляваць легендарных пратэсных коцікаў
Вольга Якубоўская стала вядомая ў 2020-м, калі пачала маляваць герояў беларускага супраціву ў вобразах коцікаў. Чым цяпер займаецца мастачка?
22.12.2024 / 08:00
Вольга Якубоўская. Фота: архіў суразмоўцы
«Мы з мужам здалі экзамен па латышскай мове на ўзроўні А2 — гэта мінімум, які патрэбны, каб спакойна тут знаходзіцца»
Цяпер Вольга жыве ў Рызе. Расказвае, што перабралася туды з сям’ёй пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — на той час яны маглі выехаць толькі ў Латвію.
Новая краіна жанчыне спадабалася:
«Латвія — гэта вельмі прыгожая краіна, а Рыга — цудоўны горад, дзе ў мяне цяпер з’явілася шмат любімых месцаў. Мне заўжды шанцуе з людзьмі, у Латвіі таксама так складваецца. Цяпер маю сяброў сярод латышоў, сярод украінцаў і беларусаў, якія тут жывуць, сярод рускіх, якія сюды даўно перабраліся, некаторыя прыехалі нават да 2014 года — вельмі адэкватныя людзі, якія супраць вайны.
Латышы дужа любяць прыроду. На выхадныя яны імкнуцца выехаць на мора ці хаця б за горад, мне гэта блізка».
Сярод новых знаёмых Вольгі ёсць і мясцовыя мастакі, і латвійскія палітыкі. Яна расказвае пра групу падтрымкі незалежнай Беларусі, што сфармавалася ў сейме — беларуская дыяспара ладзіць мерапрыемствы разам з гэтымі палітыкамі. Напрыклад, у лютым 2023 года мастачка зладзіла ў рыжскай Думе ўласную выставу пад назвай «25 крокаў да свабоды», дзе расказвала, што адбываецца ў Беларусі.
Але ж не ўсё ідэальна, адзначае Вольга:
«У кожнай краіны свае праблемы, пра якія ты можаш даведацца, толькі калі ў ёй жывеш. Напрыклад, хацелася б, каб горад быў больш дагледжаны, але ўсё гэта залежыць ад таго, колькі ў краіне сродкаў».
Вольга Якубоўская на выставе ў рыжскай Думе. Фота: архіў суразмоўцы
Вольга расказвае пра гісторыю, што дапамагла ёй у нечым аддзячыць Латвіі за магчымасць атрымаць новы дом. Вясной яна пазнаёмілася з латышскай перакладчыцай Вольгай Петэрсане: тая пераклала шмат каго з латвійскіх паэтаў і пісьменнікаў на рускую мову. Жанчына расказала мастачцы, што ў яе ёсць шмат перакладаў на рускую мову Карліса Скалбе, найвядомейшага казачніка Латвіі. Але яна б вельмі хацела выдаць адну казку асобнай кнігай — гэта казка пад назвай «Млын коціка». Беларуска адзначае, што не здолела адмовіць. 21 снежня 2024 года якраз прайшла прэзентацыя кнігі з ілюстрацыямі яе аўтарства.
Яшчэ адзін занятак — вывучэнне латышскай мовы, і тут поспехам Вольгі можна пазайздросціць:
«Мы з мужам здалі экзамен па латышскай мове на ўзроўні А2 — гэта мінімум, які патрэбны, каб не думаць пра праблемы з дазволам на жыхарства і спакойна тут знаходзіцца. Але мову трэба ведаць нашмат глыбей. Я мастачка і ніколі не мела схільнасці да моў, а гэтую мову давялося вучыць з нуля. Яна не падобная да іншых моў, але некаторыя латвійскія словы нагадваюць беларускія: vavere — вавёрка.
Калі ты прыязджаеш у іншую краіну, вучыць яе мову — гэта нармальна, гэта як мінімум павага да краіны, якая цябе прыняла. Уключаю сабе падкасты ці нешта яшчэ на латышскай мове, каб чуць яе, бо калі ты не карыстаешся веданнем мовы, з часам яно ў цябе знікне. Калі хто некалі чуў латышскую мову, той ведае, што гэта не тая мова, якую можна адразу зразумець».
«Людзі ў Даўгаўпілсе глядзяць тэлебачанне, прычым лукашэнкаўскія каналы. Там шмат хто думае, што ў Беларусі ўсё файна»
Вольга дагэтуль малюе «Коцікаў свабоды», якія зрабілі яе вядомай, і кажа, што гэтую тэму яна не пакіне. Карціны — гэта маральная падтрымка і для яе самой, і для іншых людзей: і тых, хто бачыць іх, і людзей, якія сталі героямі карцін. Нядаўна жанчына сустракалася з былымі палітвязнямі з гурта Irdorath, перадала ім працы, на якіх яны ёсць. Гэта, кажа Вольга, была шчырая радасць: яны расказвалі, як ў свой час ім паказвалі тыя ілюстрацыі ў чорна-белых колерах, і іх гэта падтрымала.
Цяпер палітвязні — асноўная тэма ў творчасці Вольгі, хаця яна і разумее, што ўсіх зняволеных за палітыку не здолее намаляваць, бо іх тысячы.
Калі ёсць час, Вольга малюе на замову. Новыя карціны атрымоўваецца рабіць радзей, чым некалькі гадоў таму, калі «Коцікі свабоды» толькі з’явіліся: тады яна жыла пратэснымі падзеямі, а цяпер імкнецца да больш спакойнага ладу жыцця.
Фота: yakubovskayaolga / Instagram
Беларуска прызнаецца — зарабляць творчасцю вельмі складана:
«Або ты мусіш мець спонсара, або твае працы мусяць прадавацца на міжнародных пляцоўках за істотныя грошы. Пакуль што я не магу гэтага рабіць, але замест гэтага магу ладзіць дабрачынныя аўкцыёны. Вельмі цешуся, калі яны прыносяць грошы: мае працы каштуюць менш, чым за іх гатовыя аддаць на аўкцыёнах, але калі чалавек удзельнічае ў такім аўкцыёне, ён жа робіць гэта, каб дапамагчы ў нейкай справе.
Нядаўна мы ладзілі аўкцыён маёй працы «Валошкі для Беларусі» — там намаляваны анёл над Сафійскім саборам. Вельмі хацела праз гэта дапамагчы беларускаму праваслаўнаму прыходу ў Вільні, і мы сабралі 800 еўра. Гэта адзінкавая акцыя, але калі ёсць мастакі, гатовыя зрабіць тое ж самае, выставіць сваю працу на дабрачынны аўкцыён, гэта было б файна. Таксама ладзіла аўкцыёны ў падтрымку Украіны і палітвязняў».
Часам у Вольгі праходзяць выставы, і яна разглядае іх як чарговую магчымасць расказаць пра падзеі ў Беларусі. Жанчына гэтаму настолькі адданая, што на ўласнай выставе ў рыжскай Думе ладзіла аўтарскія экскурсіі.
Яшчэ адна выстава мастачкі праходзіла ў Даўгаўпілсе (гістарычная беларуская назва Дзвінск — НН) — латвійскім горадзе ля беларускай мяжы. Вольга адзначае, што чула пра яго шмат стэрэатыпаў. Але калі яна прыехала туды з выставай, пабачыла нешта іншае:
«Дэпутаты, якія падтрымліваюць незалежную Беларусь, падказалі ідэю расказаць людзям з Даўгаўпілса пра падзеі ў Беларусі. Гэтыя людзі глядзяць тэлебачанне, прычым лукашэнкаўскія каналы. Там шмат хто думае, што ў Беларусі ўсё файна, а Лукашэнка — малайчына.
Зладзілі выставу, і на адкрыцці было даволі шмат людзей. Калі ты ў Рызе і ў цябе тут нейкае асяроддзе, ты можаш запрасіць людзей на выставу, і яны прыйдуць. А калі гэта Даўгаўпілс, там у мяне амаль нікога няма, але на адкрыцці было каля ста чалавек. Гэта шмат для горада, пра які мне казалі, што ў ім жыхары падтрымліваюць лукашызм».
«Калі чалавек сумуе, калі яму дрэнна, ён не можа зрабіць нічога добрага»
Жанчыне шмат пішуць людзі, якім важная яе творчасць, у тым ліку і з Беларусі. Кажуць пра тое, што не здаліся:
«Проста людзі не могуць цяпер выйсці [на вуліцы] так, як выходзілі ў 2020-м. Не варта казаць, што ў Беларусі ўсё скончылася, Беларусь — партызанская краіна, проста ў 2020-м мы выходзілі супраць моцы з пустымі рукамі. Гэта цудоўны народ, які не быў гатовы браць у рукі зброю, і гэта нармальна. Тое, што людзі не здаліся і па-ранейшаму жадаюць свабоды — гэта таксама нармальна.
Фота: yakubovskayaolga / Instagram
Вядома, я цікаўлюся і тым, як жыве мой родны Наваполацк. Цяпер там няпроста, звольнілі шмат спецыялістаў з «Нафтана», дзе я некалі працавала. Людзі былі вымушаныя эміграваць. Чалавек хоча застацца ў Беларусі, а яго саджаюць на суткі, і потым ён вымушаны з’язджаць, бо пакуль сядзеў, звольнілі з завода. Такіх гісторый шмат».
Мастачка згадвае знаёмства з Вольгай Брыцікавай, лідаркай незалежнага прафсаюза «Нафтана». Яна апісвае Брыцікаву, палітзняволеную з тэрмінам у шэсць гадоў, як чалавека, які проста не здолеў у 2020-м прайсці міма ўзрушэння ў грамадстве.
Суразмоўца адзначае, што Брыцікава не хацела з’язджаць з краіны, хаця, напэўна, мела такую магчымасць:
«Мы былі з ёй знаёмыя, Воля — гераіня не адной маёй працы. На жаль, я гэта ёй не агучыла, калі можна было з ёй камунікаваць, а цяпер, калі я напішу ёй ліст, гэта будзе без зваротнай сувязі. Але ёсць дзве працы, дзе яна дакладна прысутнічае — спадзяюся, я ёй іх калісьці прэзентую.
Воля — вельмі сумленны чалавек. Яна кажа тое, што адчувае. Паміж намі не было моцнага сяброўства, мы пазнаёміліся пасля 2020-га. Я толькі ведала пра яе, што яна працуе на заводзе. Гэта проста прынцыповы чалавек, які пабачыў жах, што адбываўся ў краіне. Яна рэагавала на гэта праз тое, што адстойвала правы людзей, якія пацярпелі без віны».
Цяпер, упэўненая мастачка, беларусам трэба проста працягваць сваю справу, не апускаць рукі. Гэтая сістэма не вечная, і некалі яна пачне бурыцца, кажа жанчына, бо ні адна дзяржава не пратрымаецца бясконца на штыках. Пакуль жа гэтага не здарылася, варта падтрымліваць адно аднаго.
«Людзі, якія захапілі ўладу ў краіне, мараць, каб мы ўсе супакоіліся, каб нас не было і яны ціха працягвалі свае цёмныя справы, бо любой злачынец баіцца, што стане вядомы. Таму мы будзем казаць пра гэта як можна больш, каб пра нас не забылі.
Жыць трэба будучыняй і глядзець у яе з аптымізмам. Я і карцінкі свае малюю, каб падтрымаць людзей, бо добрыя справы робяцца з добрым настроем. А што яшчэ нам застаецца? Калі чалавек сумуе, калі яму дрэнна, ён жа не можа зрабіць нічога добрага. Таму нам трэба рабіць нешта са сваім настроем», — падсумоўвае Вольга.
Культавы філосаф Валянцін Акудовіч выдаў смелую кнігу
Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт
Абвясцілі збор сродкаў на стварэнне серыі дакументальных фільмаў пра Алеся Адамовіча