Пратэстоўцы ўвайшлі ў Ісламабад, дзе цяпер з візітам Лукашэнка. Пачаліся беспарадкі і страляніна
Велізарныя калоны пратэстоўцаў, якія ўчора акружылі сталіцу Пакістана, увайшлі ў горад і ўжо знаходзяцца каля ўрадавага квартала, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка разам з вялікай дэлегацыяй беларускіх чыноўнікаў. Паводле мясцовых медыя, у горад была ўведзена армія, а сілавікі пачалі страляць па пратэстоўцах баявымі кулямі. Ёсць загінулыя.
26.11.2024 / 14:35
Супрацьстаянне пратэстоўцаў і сілавікоў на адной з дарог у Ісламабадзе. Фота: Anjum Naveed / AP
Як паведамляюць тэлеканал Al Jazeera і адно з найбуйнейшых англамоўных выданняў Пакістана The News International, шматтысячныя калоны антыўрадавых пратэстоўцаў увайшлі ў Ісламабад і ўжо знаходзяцца каля чырвонай зоны горада (урадавы квартал). У пакістанскай сталіцы цяпер ідуць баі з сілавікамі, якія пачалі прымяняць баявую зброю супраць пратэстоўцаў.
Улады задзейнічалі 245 артыкул Канстытуцыі (які дазваляе задзейнічаць армію для «падтрымання грамадскага парадку» і абароны «ад знешняй агрэсіі, і пагрозы вайны»), і ўвялі ва ўрадавы квартал армейскія кантынгенты.
Паводле мясцовых СМІ, загінулі як мінімум тры пратэстоўцы і яшчэ некалькі дзясяткаў параненыя. З боку сілавікоў загінуў адзін афіцэр і яшчэ звыш сотні параненыя.
Пратэстовец з рагаткай страляе па сілавіках. Фота: Anjum Naveed AP Photo.
Велізарная калона пратэстоўцаў ідзе па галоўнай дарозе да чырвонай зоны Ісламабада (урадавы квартал). Фота:
Унутраныя войскі і супрацоўнікі контр-тэрарыстычных службаў у цывільным страляюць па антыўрадавых пратэстоўцах. Фота: Muhammed Semih Ugurlu / Anadolu via Getty Images
Сілавікі і вайскоўцы з баявой зброяй ахоўваюць падыходы да чырвонай зоны Ісламабада. Фота: W.K. Yousufzai / AP
У горадзе ў дадзены момант знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Паводле ягонай прэс-службы, палітык ладзіць сустрэчы ў афіцыйнай рэзідэнцыі пакістанскага прэм'ер-міністра Шахбаза Шарыфа, якая размяшчаецца ў чырвонай зоне Ісламабада, куды рухаюцца калоны пратэстоўцаў.
Лукашэнка з дэлегацыяй у Ісламабадзе. Фота: прэс-служба Лукашэнкі
Нагадаем, што сталіца Пакістана Ісламабад, куды ўчора прыляцеў Лукашэнка з трохдзённым візітам (а разам з ім і вялікая дэлегацыя беларускіх чыноўнікаў і прамыслоўцаў — агулам 80 чалавек), цяпер нагадвае ізаляваную крэпасць — горад закрыты на заезд і выезд, перакрытыя ўсе галоўныя аўтамагістралі, а таксама дарогі да міжнароднага аэрапорта Ісламабада.
Для аховы горада мабілізаваныя як мінімум 34 тысячы сілавікоў і вайскоўцаў, а грамадскі транспарт і школы не працуюць, інтэрнэт часткова заблакаваны, паведамлялі ўчора выданне Pakistan Today і іншыя мясцовыя і сусветныя медыя.
Агульная колькасць пратэстоўцаў вар'іруецца ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў тысяч чалавек (у той жа час пакістанскія ўлады сцвярджаюць, што пратэстоўцаў усяго крыху больш за 10 тысяч).
Лукашэнку ў Ісламабадзе каля трапа самалёта сустракае пакістанскі прэм'ер Шахбаз Шарыф, за імі ідзе міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Фота: Press Information Department via AP
Велізарная калона пратэстоўцаў на адным з галоўных уездаў у Ісламабад сёння ноччу. Фота: Naya Pakistan
Нагадаем, што сотні тысяч прыхільнікаў былога прэм'ер-міністра Пакістана Імрана Хана, які цяпер знаходзіцца ў турме, па ягоным закліку распачалі днём у нядзелю агульнанацыянальны марш апазіцыі на пакістанскую сталіцу Ісламабад з усіх куткоў краіны, патрабуючы вызвалення іх лідара і адстаўкі ўрада.
Апазіцыйнае шэсце сустрэла жорсткую рэакцыю з боку пакістанскіх уладаў, якія мабілізавалі паліцэйскіх і вайскоўцаў, адключылі мабільны інтэрнэт у зонах шэсця пратэстоўцаў, а таксама заблакавалі сталіцу з усіх бакоў, перакрыўшы ключавыя дарогі на ўездзе ў горад транспартнымі кантэйнерамі.
Па звестках індыйскага тэлеканала News18, улады Пакістана правялі маштабныя арышты сярод членаў і актывістаў буйной апазіцыйнай Партыі справядлівасці (PTI), якой кіруе Імран Хан. На гэты момант вядома пра затрыманне як мінімум 4 тысяч пратэстоўцаў па ўсёй краіне (сярод арыштаваных ёсць і парламентарыі). Аднак да маршу працягваюць далучацца людзі з рэгіёнаў, і ён працягвае ісці на сталіцу.
Партыя справядлівасці (PTI) па выніках парламенцкіх выбараў у лютым 2024 года набрала найбольшую колькасць месцаў (92) у Нацыянальнай асамблеі Пакістана (ніжняя палата парламента) праз падтрымку незалежных кандыдатаў, бо самой партыі быў забаронены ўдзел у выбарах уладамі Пакістана. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, PTI падтрымліваюць 35% насельніцтва (каля 85 мільёнаў чалавек), а сама партыя мае адносна сяброўскія зносіны з краінамі Захаду.
ЗША ўвялі санкцыі супраць МЗКЦ за падтрымку ракетнай праграмы Пакістана