У Абхазіі паміж уладамі і апазіцыяй могуць прайсці прамыя перамовы
Паміж уладамі самаабвешчанай рэспублікі Абхазія і апазіцыяй могуць прайсці прамыя перамовы. Пра гэта стала вядома пасля сустрэчы, якая прайшла ў будынку парламента. У нарадзе прынялі ўдзел больш за 20 дэпутатаў, паведамляе «Эхо Кавказа».
18.11.2024 / 15:10
Апазіцыя прапануе арганізаваць сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам Бадра Гунба. У апазіцыі згодныя з тым, каб Гунба выконваў абавязкі прэзідэнта пасля адстаўкі Аслана Бжанія, аднак хочуць абмеркаваць з ім шэраг іншых пытанняў. Раней кансультацыі паміж камандай абхазскага прэзідэнта Аслана Бжанія і апазіцыяй праходзілі пры дапамозе пасярэднікаў.
Адзін з лідараў апазіцыі, дэпутат Кан Кварчы выказаў надзею, што ўсе пытанні будуць вырашаныя ўжо сёння. У адваротным выпадку, з ягоных слоў, «усе магчымасці будуць вычарпаныя» і ў апазіцыі зробяць «нейкія высновы».
Сёння ж у прэс-службе абхазскага лідара паведамілі, што Аслан Бжанія правёў пасяджэнне Рады бяспекі. На сустрэчы «абмяркоўвалася сітуацыя і меры па яе стабілізацыі Бжанія даў канкрэтныя даручэнні сябрам Рады бяспекі, якія тычацца прадухілення супрацьпраўных дзеянняў», — гаворыцца ў паведамленні.
Пасяджэнне, як мяркуецца, прайшло ў вёсцы Тамыш за 40 кіламетраў ад Сухума, дзе Бжанія знаходзіцца пасля 15 лістапада.
Прэзідэнт Абхазіі гатовы пакінуць пасаду
У Сухумі пратэстоўцы зносяць агароджу вакол парламента ВІДЭА
У Абхазіі паспрабавалі захапіць Дзяржтэлерадыёкампанію