«Месца беларусаў, якія працуюць у таксі нелегальна, занялі замежнікі. Пасажыры скардзяцца»

Пасля ўвядзення з 1 лістапада рэестру перавозчыкаў у таксі не толькі выраслі цэны, але заўважны і іншыя змены.

16.11.2024 / 21:34

Рынак таксі пасля 1 лістапада зазнаў змены. Фота: av.by.

Пра тое, што сярод таксістаў стала больш замежнікаў, кажуць і пасажыры, і кіроўцы, піша av.by.

— Месца беларусаў, якія працуюць у таксі нелегальна, занялі замежнікі. «Яндэкс» часта аддае ім заказы. Пасажыры скардзяцца ўжо не на цэны, плюс тыя паціху пачынаюць падаць, а менавіта на цемнаскурых за рулём. І таму ёсць аб'ектыўныя прычыны: такія шафёры рэзка водзяць, не ведаюць горад, парушаюць правілы дарожнага руху.

Усё часцей ад людзей я чую пытанне: «Што ў вас там у «Яндэксе» адбылося?» І не ведаеш, што ім адказваць… — падзяліўся адзін з кіроўцаў «Яндэкса».

На таксістаў-мігрантаў увагу рашылі звярнуць і ў ДАІ. Мінскія даішнікі паведамілі, што праводзяць рэйды па выяўленні парушэнняў ПДР, у тым ліку і замежнікамі, якія працуюць кіроўцамі сэрвісу «Яндэкс Таксі».

А што з цэнамі пасля новых правіл для таксі? У сярэднім назіраецца плюс 20% да ранейшай цаны. Больш за ўсё падаражэлі паездкі на кароткія дыстанцыі.

Такімі лічбамі маніторынгу дзеліцца старшыня Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў Кацярына Станкевіч.

— «Кароткае плячо» павялічылася ў цане на 40%. Прывяду прыклад. Калі раней з Бараўлянаў да «Экспабела» можна было даехаць за 7-8 рублёў, то цяпер сума вырасла амаль удвая. Маршрут звыш 7-8 кіламетраў будзе таннейшым. З тых жа Бараўлянаў да Серабранкі я да 1 лістапада даязджала за 34 рублі, цяпер — за 36. Невялікая розніца, — кажа Станкевіч.

Таксісты ў сваю чаргу радуюцца, што зніклі заказы «ад крамы да дома». Цяпер яны сталі ў разы даражэйшыя, і людзі аддаюць перавагу прайсціся пешшу.

Дырэктар «Таксі 135 Сталіца» Алег Радкевіч кажа, што з 1 лістапада колькасць супрацоўнікаў, якія штодня выходзяць на лінію, зменшылася ў два разы. А сярэдні чэк за паездку ў іх вырас на 25-30%

Але мяркуецца, што цэны пасля супакояцца. Кацярына Станкевіч лічыць, што хутка вызваленую нішу зоймуць новыя гульцы або буйныя перавозчыкі пашыраць свой аўтапарк. І да студзеня ўбачым, што цэны вышэйшыя за летнія толькі на 5-7%, а ў наступным годзе яны могуць упасці.

З пачатку лістапада кіроўцаў таксі ў Мінску стала менш на 35% 

«Яндэкс Go» тлумачыць рост цэн на таксі: у Мінску кіроўцаў на лініі стала на 35% менш

Таксі ў Беларусі пачынаюць працаваць па новых правілах

Nashaniva.com