У Мінску працуе святлафор, які раздае парады. А кагосьці і пужае
Блогер Какабай паказаў першы ў Мінску святлафор, які раздае парады. Усталяваны ён на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Веры Харужай.
17.11.2024 / 10:00
Скрыншот відэа ў тыктоку Какабая
Святлафор нагадвае, як трэба паводзіць сябе пешаходу, самакатчыку, веласіпедысту. Сярод яго рэкамендацый ёсць, напрыклад, такія:
— Паважаныя веласіпедысты і карыстальнікі сродкаў персанальнай мабільнасці! Перасякаць праезную частку трэба з хуткасцю пешахода.
Гэты святлафор сёлета ў жніўні ўжо выклікаў хвалю абурэння ў тыктоку. Жанчына, якая жыве ў доме побач, скардзілася, што занадта разумны святлафор раздае парады нават ноччу. А наўрад ці хто хоча прачнуцца ад гучнага: «Пры пераходзе праезнай часткі трымайце дзіця за руку».
У каментарыях адна дзяўчына падзялілася, як праз гэты «клапатлівы» святлафор ледзь не трапіла ў непрыемнасці: «Сёння на ровары ехала, стала на святлафоры, а голас з нябёсаў як закрычыць: «Не спыняйцеся!». Я ледзь на чырвоны не рванула! Ровар выпусціла на праезнай частцы пры пераходзе дарогі! Ледзь заікай не засталася. Жудасць».
Так што ведайце, чаго можна чакаць на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Веры Харужай — і не пужайцеся калі што.
Хлопец зняў тыкток, як адрозніць беларуса. Гэтую рысу вы дакладна ведаеце
Маладзечанскія камунальнікі вынайшлі ноу-хау ў рамонце дарог ФОТАФАКТ
У Гродне падлеткі-зачэперы пракаціліся на тралейбусе, а праз пару гадзін іх знайшла міліцыя