Пасажыры селі ў новыя аўтобусы МАЗ у Віцебску і «перанесліся» ва Уфу. Як так выйшла?

Віцебск урачыста атрымаў 10 новых аўтобусаў МАЗ. Аднак пасажыраў збянтэжыла адна дзіўная дэталь, піша «МотолькоПомогі».

15.11.2024 / 16:32

Скрыншот «МотолькоПомогі»

Урачыстая перадача віцебскаму аўтобуснаму парку 10 новых аўтобусаў мадэлі «МАЗ-216047» адбылася напярэдадні.

Цырымонію пуску новых аўтобусаў на вуліцы Віцебска ўзначаліў асабіста старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які ўручыў аўтапарку сертыфікат.

Тым жа вечарам аўтобусы выйшлі ў першыя рэйсы, але пасажыраў збянтэжыла адна дэталь.

Яны заўважылі, што на інфармацыйных табло транслююцца незнаёмыя ім назвы аўтобусных прыпынкаў, якіх у Віцебску ніколі не было. Напрыклад, «вул. Мубаракова»і «Інстытут вочных хвароб».

У выніку высветлілася, што гэтыя прыпынкі знаходзяцца ў расійскай Уфе, а Віцебск, мяркуючы па ўсім, атрымаў аўтобусы, якія прызначаліся зусім не для яго.

Продажы беларускіх аўтобусаў МАЗ у Расію сёлета рэзка скараціліся. Апошнія два гады з'яўлялася шмат паведамленняў пра тое, як нешта з беларускай тэхнікі ў розных расійскіх гарадах загарэлася або сапсавалася якім-небудзь іншым чынам. Навіны аб пылаючых у Расіі аўтобусах МАЗ сталі штодзённасцю.

У Расіі згарэў чарговы МАЗ

У Ленінградскай вобласці дашчэнту згарэў чарговы МАЗ

На трасе М1 цалкам згарэў грузавік МАЗ — ФОТАФАКТ

У Расіі зноў загарэўся аўтобус МАЗ

Беларускія аўтобусы гараць з-за санкцый і няякаснай зборкі

Nashaniva.com