Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў

Па інфармацыі праваабаронцаў, 14 лістапада супрацоўнікі КДБ зладзілі чарговы рэйд па ўсёй краіне. Пад затрыманні трапілі, у тым ліку сваякі палітвязняў.

14.11.2024 / 23:46

Па інфармацыі @dissidentBY, арышты і вобшукі прайшлі ў шматлікіх людзей на прадмет атрымання дапамогі.

Затрыманні прайшлі ў Гродненскай вобласці, Баранавічах і Мінску, паведамляе «Краіна для жыцця».

Іншыя падрабязнасці невядомыя. 

Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак напісаў, што ў іх каманды сёння шмат працы:

«Уся служба эвакуацыі BYSOL працуе поўным складам у сувязі з сённяшняй аблавай. Заявак шмат. Выводзім людзей з-пад удару».

Чарговая хваля масавых затрыманняў у Беларусі пачалася 31 кастрычніка і працягваецца да гэтага часу. 

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», частка затрыманняў звязана з тым, што 29 кастрычніка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю дваровых чатаў. 

Падобна, што ў той жа час ГУБАЗіК «адпрацаваў» некалькі прадпрыемстваў і раёнаў у рэгіёнах. Ён дзейнічаў па ўласным плане, паралельна.

ГУБАЗіК пераважна прыходзіў да людзей, якія траплялі пад увагу сілавікоў раней. Гэта адпавядае логіцы аперацыі па перадвыбарчым застрашванні насельніцтва, пра якую «Наша Ніва» паведамляла раней.

Аблаву 31 кастрычніка — 1 лістапада па маштабе можна параўнаць з арыштамі сваякоў палітвязняў і людзей, якія ім дапамагалі, зімой 2024-га.

Вядома, што ізалятары часовага ўтрымання ў рэгіёнах і Акрэсціна ў Мінску перапоўненыя. 

«Нахапалі кучу народу. У двух– і трохмесных камерах — па 15—20 чалавек», — расказвае чалавек, які вызваліўся нядаўна.

Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста. 

Nashaniva.com