Амерыканец жадае вучыцца ў Беларусі. Вось што яго пужае
17-гадовы жыхар ЗША падзяліўся ў сацсетцы, што жадае ехаць вучыцца… у Беларусь. Маладога чалавека цікавіць, наколькі гэта бяспечна для яго — бо ён афраамерыканец.
14.11.2024 / 09:00
Мужчына, пра якога ідзе гаворка, пакінуў адпаведны допіс у сацсетцы Reddit. Хлопец піша, што яму 17 гадоў, ён афраамерыканец і хоча паступіць у беларускі ўніверсітэт. Пры гэтым юнак запэўнівае, што ўжо добра ведае рускую мову.
Адзіная праблема — тое, што маці хлопца хвалюецца наконт яго бяспекі ў Беларусі, ды ён і сам асцерагаецца праяваў расізму. Таму амерыканец вырашыў спытаць у карыстальнікаў Reddit, ці ёсць у нашай краіне такая небяспека.
У каментары хлопец патлумачыў, што першапачаткова хацеў вучыцца ў Расіі, але гэтая магчымасць для яго недаступная «з-за канфліктаў вакол яе». Наступнымі варыянтамі для амерыканца былі Беларусь, Казахстан і Эстонія — ён таксама разглядаў і Украіну, але разумее, што і гэты варыянт цяпер немагчымы.
Хлопец піша, што проста хацеў бы дакрануцца да славянскай культуры і ўзаемадзейнічаць з людзьмі мірным чынам. Верагодна, амерыканец не вывучаў тэму падрабязна, таму не ведае, што Казахстан і Эстонія — гэта не славянскія краіны, хаця там і ёсць рускамоўнае насельніцтва. Яму падказалі ў каментарах, што не варта ехаць па мірную камунікацыю ў краіну, дзе ў 2024 годзе працуюць сапраўдныя міліцыя і КДБ.
Амерыканцу таксама напісалі, што беларуская вышэйшая адукацыя мае невялікую вартасць у параўнанні з заходнімі ўніверсітэтамі. А калі хочацца павучыцца ў славянскай краіне, можна паехаць у Польшчу, Чэхію, Харватыю, Славакію ці Славенію, то-бок у адну са славянскіх краін Еўрасаюза.
Што да расізму, хлопцу патлумачылі, што яго раса не застанецца незаўважанай у Беларусі. «Людзі будуць адкрыта жартаваць па-расісцку, але вакол вас будуць і добрыя людзі, хаця іх англійская мова абмежаваная», — папярэджвае адзін з чытачоў.
Але справа не толькі ў гэтым, як піша адзін з каментатараў:
«У мяне ёсць цемнаскуры сябар, які нарадзіўся і вырас у Беларусі. Паліцыя збівала яго, як і ўсіх астатніх, так што тут спачатку трэба думаць не пра расізм, а пра свабоду. Людзі будуць адпускаць каментары пра вас і праяўляць цікаўнасць (глядзець на вас ці паводзіць сябе дзіўна), бо вы будзеце вылучацца».
Чым жарты беларусаў адрозніваюцца ад іншых?