Наўседа і Грыбаўскайце спрабуюць не дапусціць да ўлады «Зары над Нёманам»

Спроба сацыял-дэмакратаў стварыць зручную для сябе кааліцыю сутыкнулася з крытыкай і ў Вільні, і ў Берліне, і за акіянам. Але яны стаяць на сваім.

12.11.2024 / 16:59

Лідар партыі «Зара над Нёманам» Рэмігіюс Жэмайтайціс. Фота: Mindaugas Kulbis / AP

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і былая прэзідэнт Даля Грыбаўскайце рэзка крытыкуюць рашэнне Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы (СДПЛ) уключыць у ўрадавую кааліцыю нацыяналістычную партыю «Зара над Нёманам».

«Лічу, што была зробленая памылка, і даказваць, што гэта не памылка, кааліцыі давядзецца ўсе бліжэйшыя тыдні», — заявіў у панядзелак Гітанас Наўседа, каментуючы рашэнне СДПЛ запрасіць «Зару над Нёманам» у кааліцыю.

Былая прэзідэнт Даля Грыбаўскайце выказалася яшчэ больш жорстка: «Створаную цяпер кааліцыю не магу ацаніць інакш, як кааліцыю з крамлёўскім пахам і прысмакам фашыстоўскіх карычневых кашуляў».

У кастрычніку ў Літве адбыліся парламенцкія выбары, перамогу на якіх здабыла Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы, атрымаўшы права фармаваць урадавую кааліцыю.

Пасля першага тура выбараў СДПЛ пачала весці перамовы аб стварэнні кааліцыі з Саюзам літоўскіх сялян і зялёных і Саюзам дэмакратаў «Дзеля Літвы». Пасля другога тура яны таксама пачалі кааліцыйныя перамовы з партыяй «Рух лібералаў», а таксама з партыяй «Зара над Нёманам», новай левапапулісцкай партыяй, якая заняла трэцяе месца на выбарах.

Аднак «Рух лібералаў» не пажадаў весці размовы аб кааліцыі. Старшыня партыі Вікторыя Чміліце-Нільсэн адзначыла, што пакуль сацыял-дэмакраты публічна аддаюць перавагу кааліцыі з «сялянамі» (LVŽS) і вядуць перамовы з «Зарой над Нёманам», лібералы не бачаць сэнсу пачынаць кансультацыі. «На цяперашнім этапе я і лібералы бачым сітуацыю так: пакуль сацыял-дэмакраты публічна называюць прыярытэтам кааліцыю з «сялянамі» і вядуць перамовы з «Зарой над Нёманам», «Рух лібералаў» не бачыць сэнсу пачынаць кансультацыі», — сказала яна агенцтву ELTA.

У выніку, у пятніцу 8 лістапада СДПЛ запрасіла ў кааліцыю партыю «Зара над Нёманам», што дало б кааліцыі 86 месцаў са 141.

Уключэнне «Зары над Нёманам» адразу выклікала негатыўныя рэакцыі як унутры краіны, так і за мяжой. 8 лістапада больш за 30 літоўскіх няўрадавых арганізацый падпісалі адкрыты ліст супраць гэтага рашэння, выказваючы боязь перад негатыўным уплывам гэтага рашэння на правы чалавека, дэмакратыю і нацыянальную бяспеку. 

Старшыня камітэта па замежных справах Сената ЗША Бэн Кардзін выпусціў заяву, якая асуджае гэты крок. Крытыка паступіла таксама ад нямецкіх дэпутатаў Міхаэля Рота (старшыня камітэта па замежных справах) і Родэрыха Кізевэтэра (чалец камітэта), польскага сенатара Міхала Камінскага і пасольства Ізраіля.

Лідар сацыял-дэмакратаў Гінтаўтас Палуцкас прызнаў, што з-за «Зары над Нёманам» ужо давялося тлумачыцца замежным партнёрам. Ён адзначыў, што меў размовы з палітыкамі з ЗША, Ізраіля, Канады, Арменіі, Латвіі і Эстоніі. Палуцкас распавёў, што перш за ўсё спрабуе растлумачыць замежным партнёрам фактычную сітуацыю. 

Выглядае на тое, што сацыял-дэмакраты цвёрда настроены на стварэнне кааліцыі з «Зарой». А ў адказ на крытыку заходніх партнёраў вырашылі папросту перакласці на замежныя мовы кааліцыйную дамову. «Мы зрабілі простую рэч — кааліцыйная дамова перакладзена і прадстаўленая, абавязацельства процідзейнічаць антысемітызму сфармуляванае ясна, праграма «Зары над Нёманам» перакладзена і прадстаўлена — там няма ніякіх антысеміцкіх мэтаў», — сказаў Палуцкас у інтэрв’ю парталу «Lietuvos rytas».

Міхась Чэсны