Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі
Амерыканка Алана Фельтан выкладала англійскую мову ва ўніверсітэце ў Віцебску — гэта было ў 2018-2019 гадах. Яна расказала «Нашай Ніве» пра той досвед, уражаннях ад Беларусі, а таксама ўзгадала цікавыя просьбы міліцыі.
15.11.2024 / 08:56
Алана Фельтан. Тут і далей фота з архіву гераіні
Алана нарадзілася ў невялікай вёсцы ў штаце Пенсільванія, у якой жыве каля 600 чалавек. З дзяцінства ёй было цікава вывучыць іншыя мовы. У школе выкладалі іспанскую, але добра засвоіць яе не ўдалося.
— Калі я пачала вучыцца ва ўніверсітэце Браўна ў Род-Айлендзе, то выбрала для вывучэння рускую мову, а потым яшчэ польскую. Але ж польская давалася больш складана, бо калі ты ўжо ведаеш рускую, то пачынаеш блытацца.
Пасля першага семестра Алана паехала па праграме ў Санкт-Пецярбург, каб там вывучаць рускую мову. А на трэцім курсе на семестр трапіла ва ўніверсітэт у расійскім Яраслаўлі.
— Тады мяне цікавілі рэлігія і культура ў Расіі, а таксама тое, як звязана руская праваслаўная царква з нацыяналізмам. Я прысвяціла гэтаму даследаванне.
Ужо будучы студэнткай чацвёртага (апошняга) курса, Алана разумела, што хоча пайсці ў аспірантуру. А перад гэтым вырашыла зноў паехаць ва Усходнюю Еўропу.
На гэты раз, дзякуючы праграме Фулбрайта, Алана апынулася ў Беларусі.
— Я вырашыла выбраць Беларусь, бо тады мая сяброўка выкладала ў адным з мінскіх універсітэтаў. Яна распавядала, як ёй вельмі падабаецца гэта краіна і людзі ў ёй.
Алана стала першай (і пакуль што апошняй) удзельніцай праграмы Фулбрайта ў Віцебску. Яна шчыра кажа, што няшмат тады ведала пра горад: мабыць, толькі тое, што тут тварылі Шагал і Малевіч.
Дзяўчыну адправілі выкладаць англійскую мову студэнтам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. Згадваючы сваё знаёмства з кіраўніцтвам навучальнай установы, Алана пасміхаецца: кажа, што ва ўніверсітэце не вельмі разумелі, што з ёй рабіць.
— Вось прыйшла амерыканка. Яна размаўляе на рускай, але з памылкамі. Што з ёй рабіць ва ўніверсітэце?
У выніку Алане далі групы першакурснікаў.
— Амаль кожны дзень я праводзіла семінары. Кіраўніцтва ВНУ папрасіла зрабіць курс па старой англійскай літаратуры. Але ж гэта зусім не мой профіль. Бо ў маім універсітэце ў мяне спецыялізацыяй была руская літаратура. Праз гэта мне было крыху страшна самой рабіць курс з нуля. Але я разумела, што для маіх студэнтаў галоўнае не тое, што я гавару, а як я гавару. Усё ж ім было важна слухаць, як гучыць англійская мова ад носьбіта, і практыкавацца. Плюс разам са мной выкладала мая калега, якая была эксперткай у англійскай літаратуры, так што студэнты шмат чаго даведаліся ад яе.
Алана кажа, што яе вельмі ўразіла тое, як шмат сярод яе студэнтаў было людзей з Туркменістана.
— Гэта быў цікавы досвед. І беларускія, і туркменскія студэнты былі цудоўнымі людзьмі.
А яшчэ здзівіла тое, як адрозніваюцца беларуская і амерыканская сістэма выкладання ва ўніверсітэтах.
— У Беларусі я заўважыла, што выкладчыкі патрабуюць ад студэнтаў, каб яны ўважліва слухалі на лекцыях, а потым на экзамене пераказвалі словы выкладчыка. У Амерыцы студэнты слухаюць лекцыі, а потым павінны разважаць на гэту тэму — і выкладчык чакае, што яны агучаць нейкія новыя думкі наконт гэтага, а не проста перакажуць лекцыі.
Для маіх студэнтаў было складана, калі я прасіла іх менавіта разважаць. Калі я казала: «А што вы думаеце?», яны не ведалі, што адказаць. Але праз некаторы час яны сапраўды пачалі выказвацца. Праз два семестры яны ўжо спакойна разважалі пра свае ідэі.
Пры гэтым Алана падкрэслівае, што ўніверсітэты ў ЗША вельмі розныя.
— Я не хачу сказаць, што ўніверсітэты ЗША аднолькавыя ці што ўсе яны лепшыя, чым беларускія ўніверсітэты. Таму што гэта дакладна няпраўда! Мае студэнты ў Беларусі насамрэч шмат ведалі, і ў іх былі выдатныя настаўнікі.
У хуткім часе да амерыканкі, якая выкладае ў Віцебску, завіталі і журналісты розных СМІ, у тым ліку з тэлеканала АНТ.
— Памятаю, што да мяне на семінар прыйшоў нехта з дэканата і сказаў, што пра мяне хочуць зняць сюжэт. Я была здзіўлена. Тэлевізійнікі прыйшлі, зрабілі інтэрв'ю з маімі студэнтамі і са мной. А потым яны хацелі паказаць мяне ў розных месцах горада.
Напрыканцы каманда АНТ прапанавала зняць Алану каля дома, у якім яна здымала кватэру. А гэта быў «Сіні дом» (на перакрыжаванні вуліц Леніна і Замкавай), які ведае ўвесь горад. Алана кажа, што ў той момант нават не падумала аб тым, што паказваць сваё месца жыхарства можа быць небяспечна.
Гісторыя атрымала нечаканы (і даволі непрыемны) працяг. Нехта з суседзяў Аланы патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што пабачыў на АНТ сюжэт пра амерыканку, якая сцвярджае, што жыве ў «Сінім доме». Ананім сцвярджаў, што Алана схлусіла, і прасіў сілавікоў разабрацца з гэтым. Яе запрасілі на размову ў міліцыю.
— Мне было вельмі страшна. Я прыйшла ва ўчастак — было даволі позна, святла амаль нідзе не было. Там была жанчына-міліцыянер і я. Міліцыянерка растлумачыла мне сутнасць скаргі і сказала, што мне трэба паказаць, дзе я жыву. І мы пайшлі ў маю здымную кватэру — пад моцным ліўнем пешшу. Яна хадзіла па маёй кватэры, кранала некаторыя рэчы — а потым моўчкі пайшла. Вядома, цяпер, калі я бачу, якія жахі адбываюцца ў Беларусі, то разумею: мая гісторыя амаль што жарт. Але тады я была ў шоку — здаецца, гэта ўсё здарылася на маім другім тыдні ў Беларусі.
Але і гэта быў не канец гісторыі. Праз некалькі дзён тая самая жанчына-міліцыянер патэлефанавала ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава. Яна сказала, што хоча, каб амерыканка-выкладчыца пачала выкладаць англійскую мову супрацоўнікам міліцыі.
— Ва ўніверсітэце мяне спыталі, ці магу я навучаць міліцыянераў, і я адказала «так», таму што не зусім разумела, што рабіць, і трохі нервавалася пасля допыту. Яшчэ мне хацелася зрабіць добрае ўражанне і паказаць, што я прыязная.
На практыцы нічога з гэтага не выйшла. Алана называе той досвед жудасным.
— Міліцыянеры не ведалі ніводнага слова на англійскай! Я магла працаваць са студэнтамі, якія хаця б нешта ведаюць. Але я не прафесіянал, які працуе з нуля. Сілавікі нічога не разумелі з таго, што я казала. У выніку ў мяне было два ці тры заняткі для міліцыянераў — і мы на гэтым вырашылі скончыць.
Нягледзячы на гэта ў Аланы засталіся вельмі прыемныя ўспаміны пра Беларусь. Яна любіла шпацыраваць па Віцебску і шмат вандравала па краіне.
— Была ў Гомелі, Гродне, Брэсце, Магілёве, Мінску, Браславе, Баранавічах і шмат яшчэ дзе. Вельмі спадабаўся Полацк — такі старажытны і ўтульны. Але ўсё ж Віцебск — мой самы любімы горад.
Разам з сям’ёй дзяўчына наведалася на Лінію Сталіна. Да Аланы ў госці тады прыляцелі брат і тата, які цікавіцца гісторыяй.
— Цяпер неяк сорамна казаць, але ў той час мне спадабаўся візіт на Лінію Сталіна, а мой бацька і брат знайшлі вайсковую тэхніку вельмі цікавай для агляду. Прынамсі, гэтая частка была цікавай і пазнавальнай. Былі і дзіўныя моманты. Там працавалі Дзед Мароз і Снягурачка, апранутыя па-вайсковаму. Супрацоўнікі комплексу чамусьці ўвесь час хацелі апрануць на нас нейкую вайсковую форму — і ў мяне ёсць падборка крынжовых фота.
Ужо потым Алана даведалася больш пра гісторыю Другой сусветнай вайны ў Беларусі, і зразумела, што Лінія Сталіна больш нагадвае нейкі парк забаў, дзе вайну спрабуюць зрабіць забаўляльнай — і камерцыйнай.
Яшчэ ў Віцебску Алана спрабавала вывучаць беларускую мову, але прызнаецца, што не вельмі старанна.
— Я не часта чула беларускую мову ў горадзе, але я таксама не спрабавала знайсці людзей, з якімі можна было б паразмаўляць на ёй. Руская мова была проста ўсюды, а я была недасведчаная ў моўнай палітыцы. Толькі пасля таго, як я з'ехала і вырашыла напісаць пра Беларусь для сваёй дысертацыі, я сапраўды пачала вывучаць беларускую мову. Я працягваю вывучаць яе і цяпер (Алана разумее беларускую і можа на ёй чытаць — НН).
Цяпер Алана аспірантка ў Ельскім універсітэце, піша дысертацыю пра беларускую лічбавую культуру, лічбавае мастацтва — гэта ўсё звязана з IT-сферай у Беларусі.
Пасля аспірантуры яна яшчэ не ведае дакладна, што будзе рабіць. Можа, працаваць ва ўніверсітэце.
— Я спадзяюся выкладаць ва ўніверсітэце рускамоўную і беларускую культуру (асабліва курсы беларускай культуры і літаратуры!). Вельмі складана атрымаць працу прафесара, таму што вакансій не так шмат, і ўсё залежыць ад многіх фактараў: фінансавання, патрэб кожнага ўніверсітэта, нават сусветнай палітыкі ў пэўнай ступені. Добрай навіной з'яўляецца тое, што многія ўніверсітэты ў Злучаных Штатах спрабуюць наняць больш экспертаў па Украіне і іншых усходнееўрапейскіх і цэнтральнаазіяцкіх культурах і літаратурах.
Ці яны спрабуюць выкладаць класічную рускую літаратуру з новых пунктаў гледжання. Напрыклад, мой прафесар, які выкладае «Вайну і мір» з дэкаланіяльнага пункту гледжання, з'яўляецца добрым прыкладам.
Алана сочыць за навінамі з Беларусі, таму пакуль не рашаецца прыехаць у краіну. Але спадзяецца, што аднойчы яшчэ зможа пагуляць па Віцебску.
Як амерыканцы рэагуюць на беларускі рок
Памятаеце амерыканца, які папрасіў прытулку пасля штурму Капітолія? Ён выкладае англійскую ў Брэсце