Працуе не для грошай, візіянер і лётае ў эканом-класе, хоць можа дазволіць сабе прыватны самалёт. IT-бізнэсмен расказаў пра Добкіна
Айцішнік і бізнэсмен Віктар Хамянок расказаў, чым круты заснавальнік ЕПАМ Аркадзь Добкін.
10.11.2024 / 19:27
Аркадзь Добкін. Фота: devby.io
У новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» Віктар Хамянок адзначыў, што сярод людзей, на каго ён раўняецца, знаходзіцца Аркадзь Добкін.
«Добкін зрабіў вялікае імя, вялікую кампанію. Я разумею, наколькі гэта было складана. І ён візіянер. Ён гэта робіць не дзеля грошай, у яго шмат сэнсу ў гэтым», — адзначыў Хамянок.
Бізнэсмен заўважае: «Вядомая байка, што Добкін да гэтага часу лётае ў эканом-класе, хоць можа дазволіць сабе private jet. Я некалькі разоў меў зносіны з ім. Гэта не пра бабкі. Так, там ёсць нейкія асабістыя амбіцыі, але ён рабіў гэта ў тым ліку і для Беларусі. І насамрэч ЕПАМ даў вельмі шмат эканоміцы краіны. Я думаю, што гэта яго драйвіла вельмі моцна. І за гэта я яго паважаю».
Хамянок згадвае, што ў свой час партал Dev.by рабіў конкурс «Найлепшыя ІТ-кампаніі Беларусі». Яго кампанія заняла ў ім першае месца ў катэгорыі да 100 чалавек, а ЕПАМ — у катэгорыі звыш 1000 чалавек.
Бізнэсмен прызнаецца, што яму заўсёды вельмі хацелася паглядзець, як працуе ЕПАМ, як кампанія ўладкованая знутры. У выніку ён змог трапіць на працу ў ЕПАМ:
«Я дзевяць месяцаў хадзіў па лесе. Развітваўся з розумам у тым ліку, скідваў вагу. Ну і ў нейкі момант я зразумеў, што мяне старая гісторыя адпусціла, і я гатовы рабіць нешта новае. Я напісаў пост на фэйсбуку, што, хлопцы, я гатовы да новых здзяйсненняў, і на наступны дзень мне патэлефанаваў Аркадзь Міхайлавіч Добкін і паклікаў у ЕПАМ».
Але ў кампаніі сваёй мары бізнэсмен прапрацаваў толькі 10 месяцаў.
«Я па душы прадпрымальнік, стартапер, а ЕПАМ — гэта ўсё-такі ўжо вялікая такая дарослая карпарацыя, дзе ўсё вельмі павольна, дзе ёсць шмат палітыкі ўнутры. (…) Я зразумеў, што з маім тэмпераментам я не змагу хутка памяняць кампанію. (…)
Калі ты чалавеку пішаш, што трэба стэлефанавацца, вырашыць пяціхвіліннае пытанне, а ён табе кажа, што праз два тыдні ёсць паўгадзіны паміж сазвонамі, і ўсё гэта расцягваецца, расцягваецца, адбываецца вельмі марудна, я проста не вытрымаў», — тлумачыць прычыны свайго звальнення Хамянок і заўважае, што з Добкіным яны разышліся «вельмі добра і з жаданнем працягнуць узаемадзеянне ў будучыні».
Адзначым, што ў гэтым месяцы Newsweek уключыў Аркадзя Добкіна ў спіс самых любімых кіраўнікоў. Як піша выданне Dev.by, самі супрацоўнікі ЕПАМ адзначаюць, што Добкін «не звычайны гендырэктар, ён як дзядуля для кожнага з супрацоўнікаў».
«Расказваюць шмат гісторый аб тым, як ён сядзеў у самалётах побач з інжынерамі ЕПАМ, абменьваўся меркаваннямі і наладжваў сувязі. Уся справа ў адносінах да людзей», — пісала выданне.
Кампанію ЕПАМ чацвёрты год запар Newsweek уключае ў спіс самых любімых месцаў працы.
«Наш робат стаяў за спінай Лукашэнкі на Нацыянальным сходзе. А потым мы пасварыліся з уладамі»
Добкін: Амаль 100% супрацоўнікаў EPAM выкарыстоўваюць AI у сваёй працы
EPAM не збіраецца сыходзіць з Беларусі, нягледзячы на цяжкасці. Масавых скарачэнняў не плануецца