«Наш робат стаяў за спінай Лукашэнкі на Нацыянальным сходзе». Паспяховы IT-бізнэсмен расказаў, чаму з'ехаў з краіны
Айцішнік і бізнэсмен Віктар Хамянок расказаў, як стварыў паспяховы бізнэс і колькі страціў, калі выйшаў з яго. А таксама даў парады, як развіць кампанію, і назваў галоўныя памылкі прадпрымальнікаў.
09.11.2024 / 16:35
Віктар Хамянок Скрын відэа: malina_by / YouTube
Госцем новага выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» стаў Віктар Хамянок — уладальнік кампаніі Rozum Robotics, якая выпускае робатаў, прызначаных для бяспечнай працы побач з чалавекам.
«Наш робат стаяў за спінай Лукашэнкі на Нацыянальным сходзе, калі ён там выступаў перад дэпутатамі. Зразумела, у нас ніхто не пытаўся, ці можна нашым робатам скарыстацца для гэтага», — згадвае бізнэсмен.
Шлях у бізнэс
Праграмаваннем Віктар пачаў займацца, калі вучыўся ў 5-м класе.
«Бацькі падарылі мне камп'ютар на Новы год. Я жыў у маленькім гарадку — Браславе. Там не было, дзе купіць гульні, у мяне быў толькі тэтрыс і шахматы. Калі гульняў няма, то пачынаеш пісаць іх сам», — тлумачыць мужчына.
Пасля школы ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, атрымаў спецыяльнасць інжынера-мікраэлектроніка. Некаторы час папрацаваў праграмістам, а ў 25 гадоў заснаваў сваю першую кампанію.
«Я хацеў зрабіць свой ЕПАМ», — згадвае аб амбіцыйных планах Хамянок. Але ў той час у яго не было ні грошай, ні кантактаў на Захадзе.
«Адзіны даступны інструмент, які ў нас быў, гэта інтэрнэт-маркетынг. Калі ты робіш так, каб твой сайт быў першым у пошукавіках. (…) Маркетолаг, які займаўся прасоўваннем нашага сайта, папрасіў мяне купіць утыліту. Я нічога не знайшоў добрага і кажу: «Я сам праграміст. Давай што-небудзь накідаю». Памятаю, тады двое сутак не спаў. Праз двое сутак з'явіўся першы прататып праграмы. Ён паглядзеў і сказаў: «Яна рашае маю праблему».
Пазней Віктар удасканаліў сваю праграму і прапанаваў яе прадаваць. Паступова кошт ад першапачатковых 20 даляраў вырас да 300.
У выніку кожны трэці інтэрнэт-маркетолаг у свеце, адпаведна даследаванням 2012 года, як сцвярджае бізнэсмен, карыстаўся прадуктамі яго кампаніі Bell Prime.
«Калі з'явіліся першыя грошы, і іх яшчэ не было дастаткова, каб узяць білет на самалёт, але мы маглі сабе дазволіць узяць таксі, прыехаць у аэрапорт, пастаяць, выкурыць цыгарэту, паглядзець, як узлятаюць самалёты, памарыць, як мы калісьці паляцім у нейкія іншыя краіны, вярнуцца. І вось гэта вельмі моцна рухала ў свой час», — згадвае Хамянок.
Адкуль захапленне робатамі
Хамянок у дзяцінстве вельмі любіў чытаць:
«Я перачытаў усю гарадскую бібліятэку ў Браславе, і больш за ўсё я любіў чытаць фантастыку. Гэта космас, гэта робаты, гэта будучыня. І па вялікім рахунку я праграмістам стаў якраз таму, што марыў пра тое, што буду рабіць нешта такое, звязанае з будучыняй.
Калі я ствараў Bell Prime, то не думаў, што я буду ўсё сваё жыццё займацца праграмным забеспячэннем для інтэрнэт-маркетынгу. Я думаў, што гэта ўсяго толькі першая прыступка, ад якой я адштурхнуся. Будзе другая прыступка, там, дзе я ўжо займуся нечым большым».
Праз дзесяць гадоў, па словах Хамянка, у яго адбылося пераасэнсаванне сэнсу жыцця, і ён змяніў напрамак сваёй дзейнасці:
«Днём хаваю бацьку, увечары ў мяне нараджаецца сын. Такое кола сансары адбываецца, адбываецца пераасэнсаванне, хто я, што я, навошта я на гэтым свеце, навошта я гэтым займаюся. Ну, мяне, вядома, тады вельмі моцна ўзрушыла. Нейкі час я падумаў, прыйшоў да свайго партнёра, паціснуў яму руку, кажу: «Слухай, я пайду далей». І пайшоў рабіць робатаў».
«Калі я пачаў праграмаваць, гэта нейкі цуд, калі ты камп'ютару даеш нейкую праграму, і ён пачынае рабіць тое, што ты жадаеш. Можа быць, там нейкія карцінкі маляваць ці там кубікі нейкія рухаць, але гэта магія.
А калі ты займаешся жалезам, гэта магія, якая прыносіцца ў наш рэальны свет. І калі гэты робат упершыню заварушыўся, ты не ўяўляеш, якія адчуванні», — дзеліцца сваімі эмоцыямі Хамянок.
Чаму выйшаў з бізнэсу
Пасля падзей 2020 года, як расказвае бізнэсмен, ён пасварыўся з уладамі:
«У мяне жонка займалася «экстрэмісцкай дзейнасцю» — дапамагала людзям у 2020 годзе. Праз паўтара года пасля выбараў прыйшоў сігнал, і мы, не вяртаючыся дадому, сабралі два з паловай чамаданы і з'ехалі на аўтобусе ў Кіеў. Пасядзелі некаторы час у Кіеве і за паўтара месяца да вайны паспелі перабрацца ў Вільню», — расказвае Хамянок.
З пачаткам вайны ва Украіне мужчына выйшаў з свайго бізнэсу ў Беларусі.
Па словах Хамянка, яго рашэнне аб выхадзе з бізнэсу складалася з дзвюх частак — рацыянальнай і ірацыянальнай: «Рацыянальная частка: я зразумеў, што пабудаваць міжнародную кампанію не атрымаецца, а займацца нейкай бязмэтнай работай я не люблю. Было, зразумела, і ірацыянальнае. Але я не лічу, што гэта гераізм».
Як тлумачыць Хамянок, такое рашэнне ён прыняў з-за таго, што два асноўныя інвестары яго кампаніі былі з Расіі. Прычым адзін з іх быў звязаны з расійскім ваенным холдынгам. Гэтых інвестараў ён знайшоў у 2017 годзе. Як тлумачыць бізнэсмен, на той час выбар быў ці закрыць кампанію, ці ўзяць «таксічныя грошы» для таго, каб працягваць справу.
«Пасля майго зыходу на працягу месяца ў кампаніі не засталося ніводнага распрацоўшчыка. Яшчэ праз два тыдні пайшоў увесь камерцыйны аддзел. Засталася толькі вытворчасць. То-бок яны не здолелі ўтрымаць людзей. Пачаліся праблемы з імпартам-экспартам. Немагчыма было набываць камплектуючыя, нармальна гандляваць».
Хамянок расказвае, што ў свой час у развіццё кампаніі ўклаў каля двух мільёнаў даляраў. Калі ён пайшоў з кампаніі, то атрымаў «умоўна адну дзясятую ад таго, што інвеставаў».
Гэта звязана з тым, што яго доля «была не вельмі ліквідная», таму «давялося пагаджацца з тым, што прапанавалі».
Робат у кожны дом
Па прагнозах Хамянка, на працягу пяці гадоў з'явяцца робаты-оптымусы, якія выглядаюць як чалавек і здольныя выконваць працу па доме.
«Ён можа прыбраць цацкі за дзецьмі, прынесці шклянку вады, прыгатаваць вячэру», — тлумачыць бізнэсмен. Але, па яго словах, кошт іх будзе складаць ад 30 да 50 тысяч даляраў.
«Не кожная сям'я зможа іх дазволіць, але, як і аўтамабіль, яны пранікнуць у кожны дом», — прагназуе Хамянок.
Як зрабіць крутую кампанію
Хамянок адзначае, што ў кожнага чалавека ёсць тры-пяць гадоў на тое, каб дасягнуць поспеху.
Як тлумачыць ён, «гэта ўласцівасць чалавечай псіхікі: мы з радасцю пачынаем нейкую новую справу, калі расцём, калі вучымся нечаму новаму». Ён сам не можа сабе ўявіць, каб займацца адным і тым жа бізнэсам, напрыклад, 20 гадоў.
«Мне хочацца чагосьці новага. Таму ты павінен (нават калі ты працягваеш тую самую справу, што пачаў даўно) знаходзіць нейкія новыя праекты, запускаць новыя прадукты, нешта павінна быць новае», — лічыць Хамянок.
Мужчына адзначае, што ў любым бізнэсе вельмі важна адчуць, калі ён больш не можа развівацца і прыносіць прыбытак: «Адзін чалавек сказаў добрую фразу: ёсць дзве прымаўкі: «Ніколі не здавайся» і «Калі конь здох, злезь з яго». Але заўсёды вельмі складана вызначыць вось гэты момант — калі трэба здацца з-за каня, які здох».
Яшчэ адно правіла, якім дзеліцца Хамянок: «Калі вы самы незаменны член каманды, то вас трэба звольніць як мага хутчэй»:
«Незаменныя людзі — гэта пагроза для бізнэсу. (…) Але самае небяспечнае — гэта калі ўласнік кампаніі становіцца незаменным для сваёй кампаніі, таму што калі з ім нешта адбываецца, калі ў яго знікае цікавасць, выгарае, то пад адхон ляціць увесь бізнэс. Таму функцыі павінны рэзервавацца, і павінен быць план Б».
Наступнае правіла, якім раіць карыстацца Хамянок: «Добры кіраўнік той, які ўсё ведае і ўмее, але нічога не робіць сам, таму што яго рукі звязаны за спінай».
Як тлумачыць Хамянок, «у кіраўніка заўсёды ёсць вялікая спакуса зрабіць усё самому, таму што ён ведае, як гэта трэба рабіць, як гэта трэба рабіць добра, але ў гэтым няма кропкі росту для супрацоўнікаў і няма кропкі росту для кампаніі, таму што рэсурсы кіраўніка вельмі абмежаваныя, і калі ён будзе рабіць усё сам, то кампанія расці не будзе. Адпаведна, ты павінен дэлегаваць, ты павінен давяраць людзям, каб яны рабілі і раслі».
У мінскім аэрапорце адкрыецца кавярня з робатам-барыста
«Праграмісты раней былі элітарнай кастай. Цяпер дапамагае ChatGPT». Інвестар пра будучыню IT
Маск раскрыў, калі гуманоіды Tesla будуць у свабодным продажы
Людзі хутка стануць непатрэбныя. Новы складскі робат Digit выконвае звычайныя галасавыя каманды