У Польшчы хочуць абмежаваць колькасць замежных студэнтаў у ВНУ

Польскія ўлады хочуць рэалізаваць новую ідэю, якая тычыцца адукацыі. У адным навучальным годзе ў адной і той жа ВНУ іншаземцаў павінна быць не больш за 50% ад агульнай колькасці студэнтаў. Пра гэта піша выданне Dziennik Gazeta Prawna, заўважыў тэлеграм-канал Dzik Pic.

05.11.2024 / 16:19

Фота ілюстрацыйнае

Міністэрства замежных спраў пагадзілася ўключыць у праект закона «Аб унясенні зменаў у некаторыя законы з мэтай ліквідацыі парушэнняў у візавым рэжыме Рэспублікі Польшча» палажэнні, прапанаваныя міністрам навукі і вышэйшай адукацыі Дарыюшам Вячоркам.

Выданне сцвярджае, што гэта вынік візавага скандалу.

«Усе прафесійныя ўніверсітэты будуць абавязаныя атрымаць дазвол МУС на прыём замежнікаў для пачатку ці працягу навучання».

Як тлумачаць у польскім міністэрстве навукі, гэта звязана з тым, што «ў прафесійных ВНУ больш іншаземцаў выключаюць з ліку студэнтаў пасля першага года навучання, чым у акадэмічных».

Акрамя таго, калі колькасць замежных студэнтаў у адукацыйнай установе перавысіць 50% ад агульнай колькасці, то такія ўніверсітэты не змогуць прымаць іншаземцаў на навучанне да таго часу, пакуль прапорцыі не зменяцца, сцвярджае Dziennik Gazeta Prawna.

У 2023/2024 навучальным годзе ў 13 універсітэтах замежных студэнтаў было больш, чым грамадзян Польшчы. Згодна з прапанаванымі зменамі, рэктары павінны будуць рэгулярна ўносіць звесткі пра замежнікаў у сістэму POL-on. Яны будуць уключаць, сярод іншага: звесткі пра дату ўнясення ў спіс студэнтаў або дактарантаў і дату выключэння з гэтага спісу.

Акрамя таго, орган, які выдаў студэнцкую візу, павінен будзе пісьмова паведаміць пра гэта рэктару ВНУ. Пакуль гэта праект, які знаходзіцца на этапе меркаванняў. Да падачы праекта ў Сейм у яго яшчэ могуць быць унесеныя змены.

«Параілі да снежня здаць ЦТ у Беларусі, інакш адлічаць». Беларусы, якія паступілі ў польскія ВНУ, не могуць вучыцца

Туск хоча пастрожыць міграцыйную палітыку ў Польшчы, але актыўна прыцягваць працоўныя рэсурсы

Беларусы, якія сёлета паступілі ў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, студэнтамі могуць і не стаць

Праз заканадаўчую пастку беларускія абітурыенты ў Польшчы рызыкуюць застацца без месцаў у ВНУ

Nashaniva.com