ЦВК назваў асаблівасць дэкларацый аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты на гэтых выбарах

Прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду павінны будуць падаць дэкларацыю аб даходах. Гэта адно з патрабаванняў пры падачы дакументаў на рэгістрацыю кандыдатам, але ў гэтым годзе ёсць нюанс, паведаміў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка.

05.11.2024 / 15:32

Дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, Цэнтрвыбаркам будзе прымаць з 7 да 21 снежня.

У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, падача дэкларацыі аб даходах тых, хто заявіў аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай гонцы, з'яўляецца абавязковым патрабаваннем, як і не менш за 100 тысяч подпісаў у падпісных лістах. 

Дэкларацыю аб даходах прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду падаюць заўсёды, але гэтым разам ёсць нюанс. Карпенка растлумачыў, што паколькі чарговыя прэзідэнцкія выбары прызначаны на пачатак 2025 года, а менавіта на 26 студзеня, дэкларацыі аб даходах за папярэдні, 2024 год, яшчэ не будуць гатовы, і падатковыя органы не змогуць іх праверыць і пацвердзіць дакладнасць інфармацыі аб даходах.

«Таму ЦВК прыняла рашэнне, што дэкларацыя будзе падавацца за 2023 год», — сказаў Карпенка.

ЦВК завяршыла рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта – іх сем, уключаючы ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнку. Шасцёра з іх — спойлеры, падкантрольныя Лукашэнку.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года. 

Лукашэнка пра выбары: Уладу растапыранымі рукамі не трымаюць

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Канапацкай, Бобрыкава і Сыранкова, а Кавалёвай і Куляша — не

Лукашэнка пра флэшмоб «Надо!»: Эйсмант клялася, што не яна арганізавала, я ёй веру

Nashaniva.com