Ва Украіне самымі небяспечнымі для ворага аператарамі дронаў сталі геймеры
Тэхнічна падкаваныя салдаты, якія ў мінулым былі захоплены камп'ютарнымі гульнямі, цяпер стрымліваюць наступ расійскай пяхоты і танкаў.
05.11.2024 / 09:26
Украінскі салдат 71-й егерскай брыгады рыхтуе FPV-дрон на перадавой, недалёка ад Аўдзееўкі. Фота: Efrem Lukatsky / AP
Як піша The Wall Street Journal, калі ў мінулых войнах кулямётчыкі і снайперы адыгрывалі вельмі важную ролю на полі бою, то цяпер ключавымі гульцамі з'яўляюцца аператары дронаў, здольныя наносіць трапныя і магутныя ўдары па ворагу. Дрон з выбухоўкай можа мець сілу гранаты, трапнасць снайпера і дальнасць артылерыйскага гарматнага агню, што робіць яго надзвычай эфектыўнай зброяй.
Ва Украіне такія дроны ствараюць «мёртвую зону» перад лініяй фронту, якая стрымлівае наступ буйной расійскай арміі, не даючы ёй зламаць абарону. Хоць расійскія сілы значна большыя і лепш абсталяваныя, іх наступленне прасоўваецца вельмі павольна, без істотных прарываў.
Традыцыйны вобраз элітнага салдата, якога мы часта бачым у фільмах — мускулісты і фізічна загартаваны герой, — ставіць пад сумненне здольнасці сучаснай моладзі, якая шмат часу праводзіць перад экранамі, быць гэтак жа эфектыўнай на полі бою. Аднак для кіравання баявымі дронамі патрабуюцца зусім іншыя навыкі — хуткае мысленне, выдатная каардынацыя і спрыт у руках, — што больш асацыюецца з камп'ютарнымі гульнямі, а не з традыцыйным боем.
Украінская армія, сутыкнуўшыся з недахопам артылерыйскіх боепрыпасаў, усё больш разлічвае на аператараў дронаў, якія сталі ключавой сілай у стрымліванні расійскіх наступленняў. Украіна стала першай краінай, якая інтэгравала падраздзяленні беспілотнікаў у большасць брыгад сваіх узброеных сіл. Там аператары дронаў працуюць як незалежная творчая субкультура, кіруючы ўласнымі тэхналагічнымі цэнтрамі і займаючыся вытворчасцю выбуховых прылад.
Як адзначае выданне, нягледзячы на тое, што Расія можа падняць у неба вялікую колькасць сваіх беспілотнікаў, ва Украіны ёсць перавага ў кваліфікаваных пілотах і тэхніцы. Для 20-гадовага пілота забойства на далёкай адлегласці можа падацца рэалістычнай відэагульнёй без таго фізічнага і эмацыйнага напружання, якое суправаджае акопны бой.
Стартапы сталі рухавікамі інавацый
Украіна атрымала перавагу ў канфлікце з Расіяй дзякуючы інавацыйнаму выкарыстанню невялікіх беспілотнікаў. Некаторыя каманды, як, напрыклад, Clear Eyes, у штабе якой на ўсходзе Днепрапятроўскай вобласці пабывалі журналісты выдання, пачыналі як групы грамадзянскіх энтузіястаў, якія выкарыстоўвалі камерцыйныя дроны для адсочвання рухаў расійскіх войскаў.
Сярод беспілотнікаў, што выкарыстоўваюць украінскія вайскоўцы, ёсць невялікія і хуткія FPV-дроны, якія кіруюцца аператарам з дапамогай акуляраў, куды перадаецца відэа з камеры на дроне. Такія апараты маюць дыяметр каля 7-10 цаляў, дальнасць да 19 кіламетраў і могуць несці выбухоўку да 4 кілаграмаў, якая спрацоўвае пры ўдары.
Акрамя такіх дронаў, украінцы распрацавалі больш буйныя апараты, вядомыя як «Баба Яга», якія могуць несці і скідваць чатыры 9-кілаграмовыя бомбы, а затым вярнуцца на базу для перазарадкі.
Дрон «Баба Яга». Фота: fakty.com.ua
Украінскія заводы вырабляюць дзясяткі тысяч FPV-дронаў штомесяц па кошце каля $500 за адзінку. Арганізацыі, якія стаяць за гэтымі дронамі, працуюць як высокатэхналагічныя стартапы, дзе важныя інавацыі, лагістыка і зладжаная ваенная тактыка.
Камадзірам Clear Eyes з'яўляецца 37-гадовы ўладальнік маркетынгавага агенцтва, а яго намеснік раней працаваў хімікам у сельскай гаспадарцы. Цяпер ён адказвае за выраб выбухоўкі. Мужчына авалодаў гэтым майстэрствам дзякуючы YouTube, а затым змог завербаваць аднаго баявога інжынера і 55-гадовага былога шахцёра, які выкарыстоўваў дынаміт у сваёй паўсядзённай працы.
Вытворчасць бомбаў каманда Clear Eyes арганізавала ў некалькіх вясковых хатах на поўначы Харкаўскай вобласці. Там жа знаходзяцца і іх тэхналагічны цэнтр.
Аператары дронаў на пярэднім флангу
Украінскія пілоты ўдарных дронаў выйшлі на першы план у канцы мінулага года, калі запасы артылерыйскіх боепрыпасаў сканчаліся, а пастаўкі ад ЗША затрымліваліся. Украінская армія, сутыкнуўшыся з перавагай расійскіх войскаў, патрабавала новых рашэнняў.
Сярод тых, хто прыступіў да выканання баявых заданняў, быў пілот з пазыўным «Фермер» — 27-гадовы былы менеджар рэстарана. Ён пачаў сваю службу як пілот-разведчык, але з часам перайшоў да ўдарных дронаў. Па словах мужчыны, чым больш ворагаў ён знішчыць, тым хутчэй зможа вярнуцца дадому.
Пасля таго як восенню мінулага года Расія пачала спробы прарвацца каля Аўдзееўкі, каманда Clear Eyes атрымала заданне абараняць вёскі на захадзе ад горада. Іх мэтай было стварыць зону паражэння глыбінёй у паўтара кіламетра, каб абараніць украінскую пяхоту ў акопах на перадавой ад атак расійскіх войскаў.
У адносна спакойныя перыяды аператары дронаў палявалі на прыярытэтныя мэты, такія як бранятэхніка і сродкі для далёкага назірання. «Фермер» згадвае, што за адзін дзень знішчыў тры танкі, схаваныя ў лесе. Падчас рэйду УСУ ў Курскую вобласць FPV-дроны наносілі ўдары па пераправах, спрабуючы ізаляваць там тысячы расійскіх салдат.
Удары беспілотнікаў часта запісваюцца на відэа, якія затым становяцца папулярнымі ў сацсетках і актыўна выкарыстоўваюцца валанцёрамі для збору грошай на новыя дроны.
Байцы палка Кастуся Каліноўскага кіруюць дронамі. Скрыншот з відэа тэлеграм-канала BelWarrior
Пасля няўдач у наступе з выкарыстаннем бранятэхнікі расійская армія змяніла тактыку і цяпер адпраўляе невялікія групы пяхоты, перад якой стаіць задача перасекчы нейтральную зону, усеяную згарэлай тэхнікай і разбуранымі будынкамі, і пастарацца выжыць да прыбыцця падмацавання.
Такая тактыка прыводзіць да таго, што пілоты ўкраінскіх дронаў усё часцей нацэльваюцца на асобных салдат, што стварае новы від бітвы, у якой чалавек супрацьстаіць машыне.
Па словах «Фермера», цяпер за дзень ён выкарыстоўвае ўдвая больш дронаў замест ранейшых 20. Большасць з гэтых апаратаў абсталяваны асколачнымі боепрыпасамі, прызначанымі для паражэння пяхоты, а не магутнымі выбуховымі зарадамі, якія звычайна выкарыстоўваюцца для знішчэння бранятэхнікі.
Як піша выданне, гук набліжэння FPV-дрона, які нагадвае гудзенне вялікага камара, нароўні са свістам артылерыйскіх снарадаў стаў адным з самых страшных на полі бою для пехацінцаў. На радыёперахопах украінскія салдаты часам чуюць, як вораг называе дарогі праз нейтральную зону, усыпаныя целамі загінулых, «дарогамі смерці».
«Гэта страшна, але і нараджаць таксама страшна». Жаночы атрад з Бучы збівае расійскія дроны
Украінскія зенітныя дроны сталі таннай і эфектыўнай заменай артылерыі. У чым іх перавагі?
Новая тэхналогія робіць дроны няўразлівымі для глушылак
Украінскі FPV-дрон упершыню збіў расійскі «Ланцэт»
«Баба Яга» атакуе бомбамі з лазерным навядзеннем, гэта мяняе правілы гульні ва Украіне