Мінчук аддаў сваю картку сяброўцы жонкі і тройчы прасіў яе схадзіць у краму. Яна скрала 6000 рублёў

Нейкі падвох уладальнік карты заўважыў толькі пасля трэцяга разу.

04.11.2024 / 18:33

Аднойчы жанчына зайшла ў госці да сяброўкі. Муж гаспадыні чамусьці вырашыў, што перадаць карту прыяцельцы жонкі і адправіць яе ў краму — добрая ідэя. Да таго ж ён на ўсялякі выпадак назваў жанчыне PIN-код ад карты.

Сяброўка жонкі ў краму схадзіла, пакупкі прынесла. Але, акрамя гэтага, яна зняла з карты ў банкамаце 1000 рублёў і забрала іх сабе, пішуць «Мінск-Навіны».

Увечары гісторыя паўтарылася, але гэтым разам жанчына зняла ўжо 3000 рублёў. На наступны дзень мужчына адправіў сяброўку жонкі ў краму ў трэці раз і, сам таго не ведаючы, страціў яшчэ 2000 рублёў.

Прапажу грошай гаспадар выявіў праз некаторы час і звярнуўся ў міліцыю. На жанчыну завялі крымінальную справу па артыкуле аб крадзяжы маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі.

Абвінавачаная нідзе афіцыйна не працуе, у яе ёсць пагашаная судзімасць за падробку меддаведкі. Віну яна прызнала, частку грошай мужу сяброўкі вярнула. У пракуратуры заявілі, што жанчына мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму.

Цяпер з абвінавачанай узялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Прадавачка крамы скрала з касы грошы і прайграла іх у анлайн-казіно

Жыхар расійскага Сыктыўкара паедзе на вайну за пляшку гарэлкі

Жыхар Бабруйска прыдумаў хітрую схему махлярства і атрымаў 368 тысяч рублёў — усё дзеля гульні на стаўках

Nashaniva.com