Андрэй Гнёт расказаў, чаму ягоны выезд з Сербіі нагадваў эвакуацыю

Беларускі рэжысёр Андрэй Гнёт, які апошні год правёў пад арыштам у Сербіі, вызвалены і эвакуяваны ў Еўрасаюз. 2 лістапада ён разам са сваімі адвакатамі правёў прэс-канферэнцыю ў Берліне, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

02.11.2024 / 16:31

Андрэй Гнёт пасля вызвалення. Фота Ганны Маціеўскай

Андрэй Гнёт некалькі хвілін пералічваў усіх, хто меў дачыненне да ягонага вызвалення. Падчас знаходжання ў Сербіі яго абаранялі 8 юрыстаў і адвакатаў. Акрамя таго, ён падзякаваў Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку, дэмакратычнай супольнасці. Асаблівая падзяка прагучала на адрас урада Германіі і персанальна Олафа Шольца. Словы падзякі былі выказваныя нават ураду Сербіі «за добрую волю і скаардынаваную працу ў апошнія дні». 

«Я атрымаў вельмі спецыфічны вопыт. Год я змагаўся, каб выратаваць сваё жыццё. Увесь год мяне нібыта не чулі… Калі б не Апеляцыйны суд, мяне даўно б экстрадзіравалі і адправілі б на катаванні і смерць, — заявіў Гнёт. — Я лічу, што сербскім уладам варта звярнуць увагу на сербскае правасуддзе».

Тым не менш:

«Я лічу, што Сербія — усё-такі еўрапейская краіна, яе месца ў еўрапейскай сям’і, нягледзячы на тое, што адбылося са мной. Я хачу, каб мой прыклад стаў першым і апошнім прыкладам таго, як несправядліва ўлады могуць абыходзіцца з беларусамі ў выгнанні. Гэта тычыцца не толькі Сербіі, але і іншых краін, якія не заўсёды ўважліва ставяцца да беларусаў», — кажа Гнёт.

Ён расказаў і пра тое, як вяліся перамовы з палітычным кіраўніцтвам Сербіі наконт вызвалення Андрэя Гнёта:

«Дыпламаты ўсяго Еўрасаюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады кантактавалі з сербскімі ўладамі, каб мяне вызваліць.

Самая галоўная падзея адбылася на Генасамблеі ААН ў ЗША некалькі тыдняў таму, калі каманда Святланы Ціханоўскай устанавіла прамы кантакт з адміністрацыяй прэзідэнта Вучыча. І Дзяніс Кучынскі, які падтрымліваў гэты кантакт.

Сербскі бок праявіў сябе вельмі эмпатычна, уважліва. Тое, што я апынуўся тут і цяпер, а не ў беларускай турме, — прамое наступства гэтых кантактаў і перамоў», — адзначыў Гнёт.

Але выезд з Сербіі не адбываўся ў ардынарным рэжыме:

«Я не пакінуў Сербію, як звычайны чалавек. Гэта не было, што я проста ўзяў чамадан і паехаў у аэрапорт. Намеснік нямецкага амбасадара у Сербіі суправаджаў мяне ў аэрапорт на ўласным транспарце, а пасля я сустракаўся з сербскімі прадстаўнікамі ў аэрапорце Ніколы Тэсла.

Мне забяспечылі праходжанне пашпартнага кантролю, і таксама, што важна, да мяне быў прыстаўлены персанальны паліцэйскі. Мне казалі, што мне можа пагражаць фізічная небяспека, таму сербскі паліцэйскі суправаджаў мяне да самага самалёта. Я першым зайшоў у абсалютна пусты самалёт — больш ВІП, чым бізнэс-клас.

Хачу расказаць цікавую гісторыю. Паліцэйскі прапанаваў 2 опцыі знаходжання ў аэрапорце. Магу пабыць у зале чакання і ён будзе мяне ахоўваць тут, або мы можам пайсці ў паліцэйскі ўчастак і пабыць з ягонымі калегамі. Пасля года знаходжання ў зняволенні я не мог яму адмовіць.

Ён прывёў мяне ў той жа пакой, што і год таму пры затрыманні. «О божа, у мяне дэжавю», сказаў я, — згадвае Андрэй Гнёт. — Але вялікае адрозненне ў тым: калі першы раз да мяне ставіліся як да жывёлы, то цяпер — як да блізкага сябра. Мы правялі паўтары гадзіны разам». 

У той жа час, як сцвярджаюць юрысты, экстрадыцыйная працэдура ў дачыненні да Андрэя Гнёта ў Сербіі яшчэ працягваецца, змянілася толькі мера утрымання. А працэдура тэрміну даўніны не мае: яна можа заняць і год, і дзесяць гадоў.

41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб'яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпала ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадзіраваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Белградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

Рэжысёр Андрэй Гнёт на волі, ён ужо пакінуў Сербію

У Сербіі скасавалі пастанову аб экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта

Рэжысёр Андрэй Гнёт: У сербскай турме самае жахлівае — гэта медычная дапамога. Яе там амаль не існуе

Nashaniva.com