Прапаганда посціць відэа аб «негасцінным прыёме Аналены Бербак у Кітаі». Вось як зроблены гэты фэйк
У шэрагу пракрамлёўскіх СМІ з'явілася відэа, якое мае на мэце паказаць, як пагардліва ў «сяброўскім» у дачыненні да Расіі Кітаі ставяцца да высокіх прадстаўнікоў найбольш уплывовых заходніх краін. Але тут ёсць вельмі істотны нюанс.
28.10.2024 / 22:46
Скрын відэа, якое распаўсюдзілі крамлёўскія прапагандысты
На відэа, якое распаўсюдзілі пракрамлёўскія СМІ, а за імі іх мінскія слугі, кіраўніца МЗС Германіі Аналена Бербак спускаецца па трапе самалёта, і яе ніхто з афіцыйных асобаў не сустракае. Сцвярджаецца, што гэта адбываецца ў Кітаі.
«Не самы гасцінны прыём для Аналены Бербак падрыхтавалі ў Кітаі», — кпяць расійскія прапагандысты, сцвярджаючы, што «кітайскія чыноўнікі нават не паклапаціліся сустрэць госцю».
Расійскія СМІ сцвярджаюць, што «візіт Бербак у Кітай не анансаваўся, аднак чуткі пра яе магчымую паездку з'яўляліся». На розных мовах навіну пусцілі гуляць у твітары, ютубе, тэлеграме.
Яе хутка распаўсюдзілі і беларускія прапагандысты. Так, Азаронак дадаў яшчэ сваіх каментароў, а адтуль навіну перапосціла ў сябе Бондарава. Пры гэтым у афіцыйных інтэрнэт-выданнях Германіі пра візіт Бербак у Кітай няма ані слова.
У рэальнасці відэа было знятае яшчэ ў студзені гэтага года, калі кіраўніца МЗС Германіі наведвала Малайзію і Сінгапур. Яно было апублікавана нямецкім інфармацыйным цэнтрам Паўднёва-Усходняй Азіі ў Х.
Параўнанне двух відэа дазваляе сцвярджаць, што падзеі адбываюцца ў адным і тым жа месцы.
Скрын відэа крамлёўскіх прапагандыстаў
Скрын відэа, размешчанага 19 студзеня 2024 года. Крыніца: GermanyInSEAsia / Х
Канал, які звязваюць з Мінабароны Беларусі, распальвае нянавісць да Зяленскага з асаблівым цынізмам
Разляцеўся фэйк, быццам Тэйлар Свіфт страціла 17 мільёнаў падпісчыкаў, бо не падтрымала Трампа
У сацсетках разышоўся непрыстойны мем пра новага віцэ-прэзідэнта Трампа