Арыштаваныя мастакі Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі

Нават калі вы не чулі гэтых імён, то пазнаеце іх карціны па стылі. І вось ужо два тыдні, як і яны — у засценках. 

26.10.2024 / 23:59

Ігар Рымашэўскі

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Рымашэўскага і Шчамялёву затрымалі прыкладна два тыдні таму і яны дагэтуль не выйшлі на свабоду.

64-гадовая Людміла Шчамялёва — дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва.

Яе мужу Ігару Рымашэўскаму таксама 64 гады.

Людміла Шчамялёва

Абое працуюць у стылі, шмат у чым натхнёным наіўным мастацтвам. Вельмі розныя, яны тым не менш абое роўна пазнавальныя казачнасцю сваіх палотнаў. І выбітныя ў сваёй арыгінальнасці і іроніі.

Ігар Рымашэўскі. Менск — родны горад

Іх працы ўпрыгожвалі найлепшыя беларускія галерэі і нават грамадскі транспарт. Яны стварылі запамінальны вобраз «вечнага Мінска» і наіўных, прастадушных, але сардэчных беларусаў.

Людміла Шчамялёва. А сын мой у горадзе добра ўладкаваўся

У чым абвінавачваюць гэтых мастакоў, пакуль невядома.

Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па інфармацыі з участкаў, дзе падлік галасоў ішоў у прысутнасці незалежных назіральнікаў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.

Рэпрэсіі пачаліся з лідараў апазіцыі і вулічных пратэстаў і паступова распаўсюдзіліся на новыя і новыя слаі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, за 2020—2024 гады было заведзена больш за 19 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. Па многіх крымінальных справах праходзяць шматлікія фігуранты.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

Nashaniva.com